Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрыя навіны тыдня. Вызвалілі частку палітвязьняў, выратавалі чалавека з-пад цягніка


Вызвалены палітвязень Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота
Вызвалены палітвязень Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота

Расказваем добрыя навіны тыдня. У Беларусі вызвалілі некаторых палітвязьняў, частка зь іх зьехала ва Ўкраіну. Навукоўцы адкрылі, што бэгемоты ўмеюць лятаць.

Вызвалілі некалькі беларускіх палітвязьняў

Частка палітвязьняў выйшлі на волю 3 ліпеня па амністыі і праз памілаваньне. Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра 16 вызваленых палітзьняволеных. Сярод іх 3 жанчыны і 13 мужчын. Публічна вядомае толькі адно імя, Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў калёніі, які хварэе на анкалёгію. Паводле інфармацыі «Позірку», сярод вызваленых ёсьць маці чацьвярых непаўналетніх дзяцей.

Большасьць з гэтых палітвязьняў меліся вызваліцца ў пэрыяду ад месяца да двух гадоў, паведаміў прадстаўнік Службы хуткай дапамогі Андрэй Стрыжак.

Другога ліпеня Аляксандар Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі, які, аднак, паводле зьместу не распаўсюджваецца на асоб з «экстрэмісцкіх сьпісаў».

Абмянялі ўкраінцаў, якія сядзелі ў Беларусі

28 чэрвеня прайшоў абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Падчас яго зь беларускіх турмаў вызвалілі пяць украінцаў, затрыманых на тэрыторыі Беларусі. Яны вярнуліся ва Ўкраіну.

Мікалай Швец
Мікалай Швец

«Яшчэ пяць цывільных, якія былі захопленыя на тэрыторыі Беларусі і пазбаўленыя свабоды: Мікалай Швец, Натальля Захаранка, Павал Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава. Усе яны ўжо вызваленыя і дома, ва Ўкраіне», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Мікалай Швец («Гаспар») быў арыштаваны нібыта за падрыў расейскага самалёта ў Мачулішчах.

Абмену палоннымі спрыяў Ватыкан, адзначыў Зяленскі.

Мікалай Швец («Гаспар») быў арыштаваны нібыта за падрыў расейскага самалёта ў Мачулішчах.

Абмену палоннымі спрыяў Ватыкан, адзначыў Зяленскі.

У Івацэвічах выратавалі чалавека з-пад цягніка

Мужчына спатыкнуўся і ўпаў на рэйкі пры пераходзе чыгуначнай каляіны ў Івацэвічах. У гэты момант да станцыі набліжаўся скоры цягнік. Мужчына сам спрабаваў адпаўзьці з рэек. Яму на дапамогу выбег міліцыянт. Ён выхапіў мужчыну і вынес яго ў бясьпечнае месца за долю сэкунды да таго, як па гэтым месцы праехаў састаў. Службовец рызыкаваў сваім жыцьцём, напісаў міліцэйскі тэлеграм-канал «На страже».

Гэтым ратавальнікам аказаўся лейтэнант міліцыі, старшы опэрупаўнаважаны групы супрацьдзеяньня кібэрзлачыннасьці Івацэвіцкага РАУС Іван Стаскевіч.

На відэа здарэньня відаць, як іншыя людзі стаялі на пэроне і не адважваліся дапамагчы чалавеку на рэйках, бо набліжаўся цягнік.

Стварылі мабільную аплікацыю ад стрэсу «Бярлог»

Аплікацыя Bear Room («Пакой мядзьведзя», або «Бярлог») закліканая дапамагчы зьняць стрэс. Яе распрацавала студыя DŌBRA, якая мае беларускія карані.

«Сардэчна запрашаем у Мядзьведжы пакой — вашае сховішча, дзе можна супакоіць трывогу і здабыць унутраны супакой. Атрымайце імгненную дапамогу ў хвіліну вострага стрэсу ва ўтульным пакоі, закліканым дапамагчы вам устойліва і лёгка спраўляцца з жыцьцёвымі цяжкасьцямі», — гаворыцца ў апісаньні праграмы.

Карыстальнікам прапануюць зьняць стрэс праз дыхальныя практыкі, сьпевы, тэхнікі паляпваньня. Аўтары сьцьвярджаюць, што праграма можа дапамагчы зьняць стрэс цягам некалькіх хвілін. Мова аплікацыі — ангельская.

Мядзьведзь. Ілюстрацыйнае фота
Мядзьведзь. Ілюстрацыйнае фота

Бэгемоты ўмеюць лятаць

Гэта нядаўна адкрылі брытанскія навукоўцы. Яны зьнялі на відэа, як перамяшчаюцца гіпапатамы. Пры запаволеным праглядзе яны ўбачылі, што гіпапатамы ўзьлятаюць у паветра, калі хутка бягуць рысьсю. Яны адрываюць ад зямлі адначасна ўсе чатыры нагі і могуць так «лунаць» да 0,3 сэкунды. Нагадаем, што гіпапатамы важаць каля дзьвюх тон.

Падобна гэтыя жывёлы робяць і ў вадзе. Яны ня могуць плаваць праз сваю вялікую вагу, таму ходзяць у вадзе і адштурхоўваюцца ад дна.

Гэта ўдалося высьветліць толькі цяпер, бо гіпапатамы вельмі небясьпечныя жывёлы і шмат часу праводзяць у вадзе, таму іх складана вывучаць. Адкрыцьцё закрыла прабел у навуковых ведах і паставіла бэгемотаў дзесьці паміж сланамі і насарогамі з пункту гледжаньня спартовага майстэрства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG