Выданьне The Insider апублікавала расьсьледаваньне, заснаванае, як сьцьвярджаюць журналісты, на перапісцы супрацоўнікаў Службы замежнай выведкі Расеі, якія адказваюць за «інфармацыйную вайну» з Захадам.
У перапісцы, якая аказалася ў распараджэньні журналістаў, фактычна абмяркоўваецца плян дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне і заходніх краінах, якія яе падтрымліваюць. У матэрыяле не сказана, кім была ўзламаная перапіска і як яна трапіла да журналістаў.
Згодна з атрыманай The Insider інфармацыяй, група супрацоўнікаў Службы замежнай выведкі Расеі (СЗВ) яшчэ ў 2022 годзе заплянавала маштабную кампанію дэзынфармацыі насельніцтва Ўкраіны і шэрагу заходніх краін, у тым ліку ЗША. Тэмы, «балючыя для заходняга грамадзтва» (сярод якіх — нелегальная міграцыя, інфляцыя, наплыў уцекачоў з Украіны), павінны былі ўкідвацца як праз спэцыяльна створаныя інтэрнэт-плятформы, так і праз ужо існыя сацыяльныя сеткі і мэсэнджары, пры гэтым ад імя фэйкавых «радыкальных украінскіх і эўрапейскіх сіл». Гэта, як лічылі ў СЗВ, дазволіць «выключыць любую прывязку да Расеі» і «трансьляваць практычна любыя тэзісы, прапагандаваць самыя лявацкія ідэі і выстаўляць патрабаваньні палітычнага і эканамічнага характару аж да поўнага абсурду».
Пасьля супрацоўнікі расейскай выведкі, як сьцьвярджаецца, плянавалі арганізаваць вулічныя акцыі пратэсту, удзельнікам якіх, калі верыць перапісцы, зьбіраліся плаціць. «Сабекошт выхаду маніфэстанта на акцыю складае 100 эўра. Час правядзеньня акцыі — на працягу 1 гадзіны. За гэты тэрмін ажыцьцяўляецца фота- і відэаздымка для наступнага тыражаваньня ў СМІ», — сказана ў пляне.
Усё гэта ў перапісцы называецца «працай у мэтах паглыбленьня ўнутраных супярэчнасьцяў паміж кіроўнымі элітамі, эскаляцыі антыўрадавых выступаў і разгойдваньня аморфнай часткі электарату», якая «нацэленая на псыхаэмацыйнае ўзьдзеяньне».
«Культывацыя страху за будучыню, няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні, немагчымасьці будаваць пляны на пэрспэктыву, невыразнасьці лёсу дзяцей і будучых пакаленьняў захліствае падсьвядомасьць індывіду панікай і жахам і ў пэрспэктыве прывядзе да эскаляцыі пратэставай актыўнасьці і іншых нэгатыўных наступстваў», — гаворыцца ў пляне і пры гэтым асобна падкрэсьліваецца, што дзеля ўвасабленьня яго ў жыцьцё «меркаваньнямі маралі і маральнасьці варта пагрэбаваць».
Расьсьледнікі The Insider адзначаюць: у пляне Службы замежнай выведкі Расеі адсутнічае канкрэтыка, таму немагчыма сказаць, наколькі зьвязаныя апошнія вядомыя прапагандысцкія і дэзынфармацыйныя кампаніі ў Эўропе з апублікаванай перапіскай.
«Так, скажам, у 2023 годзе ў Парыжы пачалі масава зьяўляцца антысэміцкія графіці, фатаздымкі, якія тут жа актыўна распаўсюджваліся крамлёўскай сеткай ботаў Doppelganger, якую зьвязваюць з ГРУ. Францускія ўлады арыштавалі некаторых „графіцістаў“, і імі аказаліся малдаване, нанятыя людзьмі, зьвязанымі з пракрамлёўскім палітыкам Шорам. Тая ж сетка Doppelganger распаўсюджвала фэйкавыя цытаты Бэйонсе, Опры Уінфры, Раналду і іншых зорак з абуранымі патрабаваньнямі спыніць дапамогу Ўкраіне. Тыя ж крамлёўскія боты, прыкідваючыся латышамі, заклікалі вярнуць ліцэнзіі хакеістам, якія выступілі ў Расеі. Часта гэтая сетка выкарыстоўвала дыпфэйкі: напрыклад, падрабіўшы голас Тома Круза, палохала тэрактамі на маючай адбыцца Алімпіядзе ў Парыжы», — нагадвае The Insider.
Разам з тым у матэрыяле называюцца канкрэтныя імёны і званьні супрацоўнікаў Службы замежнай выведкі Расеі, якія адказваюць за «інфармацыйную вайну» з Захадам. Паводле зьвестак The Insider, яны дзейнічаюць пад прыкрыцьцём Міжнароднага цэнтру бясьпекі «Міратворац», створанага ў сьнежні 2020 году.
Ключавыя фігуры — 45-гадовы афіцэр ФСБ і адначасова вайсковец вайсковай часткі Службы замежнай выведкі № 33949 Міхаіл Колесаў, супрацоўнік СЗВ Міхаіл Кулёмін, які рыхтаваў аналітычныя даведкі для «сакратара Савету бясьпекі», ягоны бацька, генэрал Аляксандар Кулемін з 12-га галоўнага ўпраўленьня Мінабароны РФ, а таксама кіраўнік навукова-тэхнічнай службы ФСБ Эдуард Чарнавальцаў (гэтая служба, паводле The Insider, курыруе галоўнае хакерскае падразьдзяленьне ФСБ і Інстытут крыміналістыкі, які распрацоўваў атруту «Навічок»).
Форум