Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ужо дома, з жонкай. Выглядае бадзёра, але бяз вусаў». Выйшаў на волю палітвязень Рыгор Кастусёў

абноўлена

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

3 ліпеня выйшаў на волю палітзьняволены Рыгор Кастусёў, 67-гадовы старшыня ліквідаванай уладамі Партыі БНФ. Агулам праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома ўжо пра 4 палітвязьняў, якія выйшлі на волю паводле амністыі.

Пра тое, што Рыгор Кастусёў на волі, Свабодзе паведаміў ягоны зяць Дзьмітры Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.

«Вось 20 хвілінаў таму бачыў спадара Рыгора па відэасувязі. Ён ужо дома, з жонкай. Выглядае бадзёра, але бяз вусаў. Цікавіўся нашымі навінамі, усім перадаваў прывітаньне!» — расказаў пра размову з Рыгорам Кастусёвым, якая адбылася каля 17-й гадзіны па менскім часе, ягоны зяць.

Паводле зьвестак Дзьмітрыя Антончыка, Рыгора Кастусёва вызвалілі 3 ліпеня паводле закону аб амністыі.

Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. У верасьні 2022 году Кастусёва прызналі вінаватым у «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і прысудзілі яму 10 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў палітвязьня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалягічнае захворваньне.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», дакладна вядома ўжо пра чатырох палітвязьняў, якія 3 ліпеня выйшлі на волю паводле амністыі. Сярод іх дзьве жанчыны і двое мужчын.

Праваабаронцы захоўваюць інфармацыйную цішыню дзеля бясьпекі вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы гэтых людзей. Інфармацыя пра іншых вызваленых правяраецца.

У гэты ж дзень прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці Беларусі прызналі палітзьняволенымі яшчэ восем чалавек.

  • 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных з палітычных матываў у Беларусі неўзабаве могуць выйсьці на волю. Паводле Лукашэнкі, гаворка найперш пра цяжкахворых (перадусім на анкалёгію) асуджаных у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.
  • 3 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дакумэнт ужо апублікаваны на сайце pravo.by, ён набыў моц. Як паведамлялі раней, амністыю прыменяць да 7850 асуджаных.
  • Паводле стану на 3 ліпеня ў Беларусі 1409 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, пры гэтым рэальная колькасьць асуджаных з палітычных матываў можа быць большай.
  • Некаторыя палітвязьні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым неабходнай мэдычнай дапамогі яны, як правіла, не атрымліваюць. Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня, праваабаронцам вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG