У той час як ЭЗ і NATO дзесяцігодзьдзямі вядуць дыскусіі аб «пашырэньні», гэты клюб пераважна нелібэральных дзяржаў пашырыўся без асаблівага папярэдняга абмеркаваньня, далучыўшы Беларусь. Ці ўпісваецца гэта ў шырэйшыя пляны Пэкіну і Масквы? А які знак Пуцін дае Захаду? Піша карэспандэнт Свабоды Рыд Стэндыш.
ШАС узначальваюць Кітай і Расея, але ўваходзяць туды яшчэ Індыя, Іран, Казахстан, Кіргізстан, Пакістан, Узбэкістан і Таджыкістан. Цяпер на саміце ў Казахстане да іх далучыцца і Беларусь.
Пошук пэрспэктывы
Пашырэньне за кошт Беларусі характарызуе траекторыю росту ШАС з моманту заснаваньня ў 2001 годзе. За 23 гады блёк ператварыўся з форуму цэнтральнаазіяцкіх краінаў у панэўразійскую арганізацыю, чые амбіцыі пастаянна растуць.
«Перш за ўсё я думаю, што вялікай гісторыяй будзе далучэньне Беларусі, якое чакаецца. Беларусь стане 10-й краінай-сябрам, а таксама першым паўнапраўным эўрапейскім сябрам, які далучыцца да ШАС», — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода Эва Зайвэрт, бэрлінская экспэртка па ШАС дасьледчага цэнтру MERICS.
«Так што гэта, безумоўна, тое, на што я буду зьвяртаць увагу. І, вядома, таксама пасьля саміту ШАС будзе цікава паглядзець, як будзе разьвівацца гэтая арганізацыя з удзелам Беларусі», — дадала экспэртка.
У першыя гады ШАС арганізацыя была сканцэнтраваная на ўрэгуляваньні Кітаем сваіх межаў з заходнімі суседзямі пасьля распаду Савецкага Саюзу і імкненьні пашырыць свой уплыў, адначасова зьмякчаючы любыя трывогі ў Маскве.
Зь цягам часу акцэнт у ШАС перасунуўся больш на барацьбу з тэрарызмам, эканамічнае разьвіцьцё і рэгіянальную бясьпеку.
Сёлетні саміт ШАС паказвае, што Пэкін усё больш набірае вагу ў рэгіёне, дзе традыцыйна старшынюе Расея. Як бачым, Сі прыбыў у сталіцу Казахстану Астану зь дзяржаўным візытам, а затым адправіцца з афіцыйным візытам у Таджыкістан.
Пэкін і Масква: рознае бачаньне
Зьмена дынамікі адносін паміж Кітаем і Расеяй стала штуршком для ШАС.
Пасьля таго як Расея шмат гадоў выкарыстоўвала блёк для зьмякчэньня кітайскага ўплыву ў рэгіёне і блякавала кітайскія ініцыятывы, такія як банк разьвіцьця ШАС і зона свабоднага гандлю, Крэмль перайшоў да больш цеснага супрацоўніцтва з Кітаем.
«Я думаю, што вайна Расеі супраць Украіны, калі дакладна памятаю, у апошніх дэклярацыях (на самітах ШАС) наўпрост ня згадвалася», — кажа Эва Зайвэрт.
Цікавасьць Расеі да ШАС узьнікла ў пэрыяд ізаляцыі Масквы ад Захаду, якая замацавалася ў 2014 годзе і толькі ўзмацнілася пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.
Чаму гэта важна
На думку аналітыкаў, сапраўдная каштоўнасьць ШАС палягае хутчэй у сымбалізьме, чым у практычнай палітыцы.
Улічваючы плошчу краін і колькасьць насельніцтва, гэта адна з найбуйнейшых арганізацый у сьвеце, у якую ўваходзяць:
- прыкладна траціна сусьветнага ВУП,
- прыкладна 40 працэнтаў насельніцтва сьвету
- і амаль дзьве траціны ўсёй тэрыторыі Эўразіі.
Хоць Кітай экспэрымэнтаваў зь некалькімі канцэпцыямі ШАС, галоўнай мэтай было стварэньне альтэрнатывы сыстэме або блёкам пад кіраўніцтвам ЗША, і ШАС дапамагае Пэкіну прасоўваць Кітай як лідэра Глябальнага Поўдня.
Безумоўна, Кітаю трэба яшчэ шмат папрацаваць, калі ён хоча трансфармаваць ШАС за межы глябальных дэбатаў пра сваю рэпутацыю аўтарытарнай дзяржавы.
Суперніцтва паміж Індыяй і Пакістанам заўсёды будзе перашкаджаць арганізацыі, але яшчэ адным фактарам, які стрымлівае разьвіцьцё ШАС, апошнім часам сталі напружаныя адносіны паміж Пэкінам і Нью-Дэлі.
Форум