Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Чаму русінскай арыстакратыі не было ў першых складах Рады Вялікага Княства Літоўскага


Фотакаляж. Ніна Скеп'ян (справа).
Фотакаляж. Ніна Скеп'ян (справа).

Што такое паны-рада або Рада Вялікага Княства Літоўскага? Што такое вузкая рада паноў-рады? І чаму на пачатку існаваньня гэтай структуры там не было русінскай арыстакратыі, толькі балцкая? Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларускім гісторыкам, кандыдатам гістарычных навук Нінай Скеп’ян.

0:00 — калі зьявілася Рада Вялікага Княства Літоўскага

1:41 — чаму ў XV стагодзьдзі ў панах-радзе засядалі толькі католікі

5:12 — што такое вузкая рада паноў-рады і хто туды ўваходзіў

6:40 — чаму Гаштольд быў супраць прызначэньня Астроскага першым ураднікам паноў-рады

11:23 — калі арыстакраты «грэцкага закону» сталі ўваходзіць у паны-раду

14:02 — калі паны-рада перастала існаваць

14:53 — ці было прыняцьце каталіцтва ў ВКЛ сацыяльным ліфтам

18:29 — ці зьяўляюцца беларусы пераемнікамі русінаў

21:46 — адкуль бяруцца прапановы перайменаваць Беларусь

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Нінай Скеп'ян:

— Калі зьявілася Рада Вялікага Княства Літоўскага, якую яшчэ прынята называць паны-рада? І што ўваходзіла ў функцыі гэтага органу?

— Пра існаваньне Рады Вялікага Княства Літоўскага мы можам гаварыць ад часу кіраваньня Вітаўта. Да гэтага таксама існавалі радныя структуры, якім мы можам знайсьці аналёгіі па ўсёй Эўропе. Таму і паны-рада не была выключэньнем з гэтага правіла.

Вітаўт вакол сябе фармуе кола сваіх прыхільнікаў і давераных асобаў — вось зь іх і складаецца паны-рада. Так што трапіць у склад паноў-рады маглі людзі, асабіста адданыя вялікаму князю літоўскаму. На іх меркаваньне ён спалягаўся ў розных пытаньнях — ад зьнешняй палітыкі да фінансаў і ўнутранай палітыкі.

— Калі паглядзець у падручнікі, дык атрымліваецца, што паны-рада — гэта ня толькі орган, але і як бы гурток найбагацейшых землеўладальнікаў, якія валодалі зямлёй, як тады пісалася ў дакумэнтах, «з поўным правам і панствам». У XVI стагодзьдзі іх назвалі магнатамі. Але такія былі і сярод праваслаўных Гедзімінавічаў — напрыклад, Алелькавічы. Але ў XV стагодзьдзі ў панах-радзе засядалі толькі каталікі. Чаму так было?

— Адказ на гэтае пытаньне трэба разьдзяліць на дзьве часткі і разьвесьці па пэрыядах.

Фармаваньне паноў-рады пачынаецца ў нас з XIV стагодзьдзя, а існавала яна наступныя чатыры стагодзьдзі. І на кожным этапе свайго разьвіцьця яна была іншаю. Калі гаварыць пра першы этап існаваньня, то гэта былі асабістыя дарадцы вялікага князя літоўскага. І на той час мы яшчэ ня можам сказаць, што гэта былі магнаты. Так, безумоўна, яны былі панамі. Калі мы возьмем дакумэнты з архіваў, то ўбачым, што да іх зьвярталіся як да паноў, як да «нашых консулаў», калі браць лацінскую тэрміналёгію. Але пры гэтым яны не валодалі вялікімі зямельнымі ўладаньнямі.

Гэтая ідэя прыходзіць у галовы набліжанаму колу падчас разьвіцьця цэнтралізаванай дзяржавы і на працягу XV стагодзьдзя. І ў гэтым было некалькі чыньнікаў. Адзін зь іх зьвязаны з тым, што вялікі князь літоўскі становіцца адначасова і каралём польскім, адбываюцца адыходы ў Карону Польскую. І пры гэтым усё больш кіроўных паўнамоцтваў дэлегуецца прадстаўнікам палітычных элітаў княства. Ну, а якая яна палітычная эліта, калі на не валодае фінансавым падмуркам? А гэта сярэднявечча і раньні мадэрны час, калі адзін з самых галоўных чыньнікаў пасьпяховасьці — гэта зямельная ўласнасьць.

І вось паступова кіроўная група пачынае фармаваць свае лятыфундыі, таму пасьля мы можам сказаць, што гэта і было «панства». Яны хацелі быць падобныя да вялікага князя і да спадчынных князёў.

Тут варта згадаць Гедзімінавічаў, у якіх былі гэтыя ўладаньні і якія ўплывалі на палітычную структуру. Ім не было патрэбы ўваходзіць у склад паноў-рады.

І вось тут мы падышлі да другой часткі адказу на пытаньне, а менавіта — чаму там былі толькі каталікі. Праваслаўныя арыстакраты валодалі ўласнасьцю і ўплывалі на палітычнае жыцьцё краіны без таго, каб была неабходнасьць рабіць кар’еру ў дзяржаве. Яны па праве нараджэньня прымалі рашэньні і сваім правам нараджэньня ўплывалі на ўсе бакі жыцьця.

— У панах-радзе была і вузкая рада. Што гэта такое і хто туды ўваходзіў?

— Клясычна лічыцца, што гэта пяць найвышэйшых ураднікаў — віленскі ваявода, віленскі кашталян, троцкі ваявода, троцкі кашталян і віленскі біскуп. Але насамрэч гэта не абавязкова былі пяць асобаў. Магло там быць і тры асобы або шэсьць. Гэта залежала ад таго, колькі людзей з агульнага складу паноў-рады знаходзіліся ў Вільні ці ў тых месцах, дзе адбываліся Соймы, для прыняцьця рашэньняў.

Звычайна вузкая ці найвышэйшая рада прымала рашэньні ў пэрыяд паміж Соймамі. Калі Сойм не працуе, усе разьехаліся па дамах, нехта знаходзіцца пры двары вялікага князя літоўскага ў Кароне Польскай, вузкая рада застаецца на месцы для прыняцьця рашэньняў. Я б назвала вузкую раду апэратыўным штабам для хуткага рэагаваньня.

— У інтэрвію нашаму каналу літоўскі гісторык, прафэсар Альфрэдас Бумблаўскас сказаў, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары спэцыяльна выбачаўся перад каталіцкімі сябрамі Рады ВКЛ за тое, што ўключыў туды праваслаўнага пана Канстанціна Астроскага. І тады ж Бумблаўскас сказаў, што ад таго моманту можна лічыць Вялікае Княства Літоўскае ня толькі літоўскай дзяржавай. Як вы гэта пракамэнтуеце?

— Наконт прабачэньня гэта адназначнае перабольшваньне. З таго, што я чытала, з актавых крыніц, гэта не вынікае, я гэтага не пабачыла, і пра гэта ня ведаю. Але, безумоўна, прызначэньне Канстанціна Астроскага ў раду менавіта першым ураднікам... А трэба разумець, што той канфлікт ня ўзьнік з прычыны прызначэньня Астроскага ў паны-раду. Канфлікт адбыўся менавіта таму, што Канстанцін Астроскі стаў менавіта першым ураднікам, галоўным, можна сказаць, прэм’ер-міністрам.

Што ж парушыла традыцыю, якая склалася на працягу мінулага стагодзьдзя, паводле якой першым ураднікам Вялікага Княства Літоўскага лічыўся ваявода віленскі і канцлер Вялікага Княства Літоўскага?

У той час Канстанцін Астроскі быў гетманам Вялікага Княства і ваяводам троцкім. Адпаведна, паводле традыцыі, ён павінен быў лічыцца другім чалавекам у складзе паноў-рады. А тут яго за выключныя заслугі ў абароне айчыны робяць першым ураднікам. У выніку ўзьнікае канфлікт паміж ураднікамі, а не паміж панамі-радай як органам і вялікім князем. Гэта знакаміты трактат Альбэрта Гаштольда, які ён напісаў каралеве Боне і дзе ён скардзіцца і піша: маўляў, у нас па традыцыі праваслаўныя не маглі займаць найвышэйшыя пасады, і як цяпер такое можа быць?

Па сутнасьці, Гаштольд скардзіцца на несправядлівасьць лёсу, бо ён прайшоў вялікую дарогу да атрыманьня першага ўраду Вялікага Княства Літоўскага — канцлерства, і ў момант яго атрыманьня Канстанцін Астроскі, зь якім ён быў у прыязных адносінах і якога ён да гэтага абараняў, раптам яго абыходзіць і становіцца першым. Вось з гэтага моманту пачынаецца ўнутраная канфрантацыя паміж Гаштольдам і Астроскім.

Але я сказала, што праваслаўе Астроскага было толькі адным з довадаў, на падставе якога Гаштольд пярэчыў супраць прызначэньня Астроскага на першую радную пасаду. Калі б Канстанцін Астроскі быў каталіком і яго б прызначылі ў такіх самых умовах гетманам і ваяводам троцкім на першае месца ў панах-радзе, узьнікла б тая ж самая праблема.

Таму, на мой погляд, тут мы ня можам казаць, што канфлікт быў зьвязаны менавіта з пытаньнем веравызнаньня.

— Калі ўсходнія хрысьціяне трапілі ў паны-раду? Ці былі там і іншыя прадстаўнікі русінскай эліты «грэцкага закону», а ня толькі Астроскі?

— Вядома, былі. Там былі і ўніяты, і пратэстанты. Можам згадаць князёў крыві — Гедзімінавічаў, якія былі праваслаўнымі. Можна згадаць і Сангушкаў, якія захоўвалі праваслаўе і на працягу стагодзьдзяў моцна ўплывалі на палітычны ляндшафт Вялікага Княства Літоўскага.

Калі гаварыць пра магчымасьці кар’еры, то і тут многія захоўвалі праваслаўе, нават праз тое, што гэта, магчыма, звужала іх магчымасьці. Тыя ж Валовічы, частка зь якіх была праваслаўнаю, частка пратэстанцкаю, і пры гэтым яны ўваходзілі ў склад паноў-рады. А пазьней уваходзілі ў склад Сэнату, які, па сутнасьці, вырас з пашыранага складу паноў-рады.

Калі мы паглядзім на статыстыку, то ў сярэднім на працягу паўтара стагодзьдзя ад 1522 году, калі ў паны-раду ўвайшоў Канстанцін Астроскі, і да 1668 году, калі прадстаўніцтва праваслаўных у панах-радзе зьнікае, у сярэднім колькасьць праваслаўных у гэтым органе вагалася ад 1 да 5 чалавек.

А вось склад сэнатараў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVI стагодзьдзя. Там наогул пратэстанты былі ў большасьці. Вось 1572 год: тры каталікі, шаснаццаць пратэстантаў розных дэнамінацый і тры праваслаўныя. А вось 1596 год: дзевяць уніятаў, дзесяць каталікоў і пяць праваслаўных. А з пачатку XVII стагодзьдзя, калі ўзмацняецца контрарэфармацыя, суадносіны пачынаюць мяняцца.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG