1 ліпеня ў Жыткавічах і Кастрычніцкім паветра прагрэлася да 35,3 градуса вышэй за нуль. У першым райцэнтры паўтораны рэкорд дня, зарэгістраваны ў 2019 годзе, у другім — перавышаны на 0,7 градуса (пратрымаўся таксама пяць гадоў).
У Васілевічах перапісаны максымум, які трымаўся з 1917 году (33,7 градуса супраць 32), у Лельчыцах — рэкорд 37-гадовай даўнасьці (34,6 супраць 31,4), у Лынтупах — 32-гадовай (31 супраць 28,9).
Усяго мінулым днём тэмпэратурныя максымумы перавышаныя на 15 мэтэастанцыях, у тым ліку ў Магілёве (34,6 градуса супраць 34,5 у 2019 годзе) і Віцебску (33,1 супраць 32,5 тады ж).
Новыя экстрэмумы зафіксаваныя таксама ў Мазыры — 33,8 (32,4 у 2016-м), Сяньне — 33,5 (32,9 у 2019-м), Лепелі — 32,6 (30 у 2011-м), Полацку — 32,1 (30,2 у 2019-м), Езярышчы — 32 (30,7 у 2019-м), Шаркаўшчыне — 30,9 (30,2 у 2011-м), Верхнядзьвінску — 30,9 (30,3 таксама ў 2011-м), Нарачы — 30,8 (29,5 у 2019-м), Ашмянах — 30 (29,5 у 2019-м).
У Докшыцах паўтораны дзённы максымум (31 градус у 2019 годзе).
У шэрагу раёнаў днём 1 ліпеня і ў ноч на 2 ліпеня прайшлі моцныя дажджы. У Шаркаўшчыне за суткі выпала 58 мм ападкаў (52 мм днём і 6 мм ноччу) — 58 л вады на квадратны мэтар тэрыторыі. Гэта 77 працэнтаў ліпеньскай нормы.
У Верхнядзьвінску зафіксавалі 52 мм ападкаў (71% нормы), у Івацэвічах — 42 мм (47%).
2 ліпеня сьпякотнае надвор’е захоўваецца толькі ў паўднёва-ўсходніх раёнах, 3 ліпеня прахалодна будзе на ўсёй тэрыторыі краіны, прагназуе Белгідрамет.
Форум