Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска выйграла суд у справе пра грамадзянства Ўкраіны, хоць яе падазравалі ў сувязях са спэцслужбамі


Пашпарт Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Пашпарт Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне, як сьцьвярджаюць спэцслужбы, фіксуюць выпадкі, калі Расея актыўна выкарыстоўвае легалізаваных на ўкраінскай тэрыторыі грамадзян краін-сатэлітаў «для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны».

Грамадзянка Беларусі, якая стала жыве ва Ўкраіне, амаль год дабівалася праз суд скасаваньня рашэньня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб спыненьні разгляду ейнай заявы аб атрыманьні ўкраінскага грамадзянства.

Як вынікае з аднаго з судовых рашэньняў, грамадзянка Беларусі жыве ў Боярцы Фастаўскага раёну Кіеўскай вобласьці. Яна зьвярнулася з заявай аб атрыманьні грамадзянства Ўкраіны разам з сваімі дваімі дзецьмі, але міграцыйная служба спыніла разгляд іхнай справы.

У прыватнасьці, спыненьне справы абгрунтавалі інфармацыяй упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці аб наяўнасьці «зьвестак пра магчымую яе датычнасьць да беларускіх або расейскіх спэцслужбаў і яе спробы легалізавацца ва Ўкраіне для далейшага правядзеньня выведна-падрыўной і іншай супрацьпраўнай дзейнасьці».

Паведамляецца, што гэтыя зьвесткі атрымалі ад «асобаў, залучаных да негалоснага супрацоўніцтва, якія на добраахвотнай аснове аказваюць судзеяньне органам СБУ ў вырашэньні вызначаных для іх заданьняў».

У Службе бясьпекі Ўкраіны адзначылі, што Расея актыўна выкарыстоўвае «нацыянальныя спэцслужбы для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны, у тым ліку з выкарыстаньнем спэцыяльных (кансьпіратыўных) формаў і мэтадаў работы».

«У гэтым кантэксьце рэгулярна фіксуюцца выпадкі выкарыстаньня для гэтага расейскім бокам як уласных грамадзян, так і грамадзян краін-сатэлітаў (Рэспубліка Беларусь, Сырыйская Арабская Рэспубліка, Ісламская Рэспубліка Іран і гэтак далей). Адным з элемэнтаў для стварэньня належных умоў для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны зьяўляецца легалізацыя іншаземцаў у нашай дзяржаве шляхам афармленьня ў рэгіянальных падразьдзелах Дзяржаўнай міграцыйнай службы дакумэнтаў, якія даюць права на знаходжаньне ў краіне на законных падставах (дазволу на часовае пражываньне, дазволу на іміграцыю, грамадзянства Ўкраіны і гэтак далей», — адзначаецца ў судовым дакумэнце.

У той жа час СБУ не перадало ў суд канкрэтныя факты, якія сьведчаць пра тое, што грамадзянка Беларусі можа несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны. У спэцслужбе гэта абгрунтавалі тым, што «зьмест, арганізацыя, формы і вынікі правядзеньня апэратыўна-вышуковых і контравыведных захадаў маюць грыфы абмежаваньня доступу».

Па выніках разгляду справы суд прызнаў супрацьпраўным рашэньне Боярскага аддзелу Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны аб спыненьні справы і скасаваў яго. Апроч таго, суд пастанавіў аднавіць разгляд справы беларускі і дваіх яе малалетніх дзяцей аб атрыманьні грамадзянства Ўкраіны.

Ці атрымалі беларусы грамадзянства, пакуль невядома.

Летась ва Ўкраіне некалькім беларусам скасавалі дазволы на жыхарства праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы». Яны аспрэчылі гэтыя рашэньні ў судзе і выйгралі свае справы.

Тады ў Службе бясьпекі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што «пытаньні праўнага статусу іншаземцаў, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, у тым ліку працягваньне і скарачэньне тэрміну часовага перабываньня іншаземцаў на тэрыторыі Ўкраіны, рэгулююцца законам „Аб праўным статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства“ і іншымі нарматыўна-прававымі актамі».

У адказе на афіцыйны запыт Свабоды ў СБУ ўвосень 2023 году не ўдакладнілі, якім чынам прымаецца рашэньне аб прызнаньні таго ці іншага грамадзяніна «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».

Крыніцы ў іншых праваахоўных органах Украіны тады сьцьвярджалі, што міграцыйныя органы могуць ухваліць рашэньне аб скасаваньні дзейнага дазволу на жыхарства на падставе інфармацыі якога-хаця праваахоўнага органу — Нацыянальнай паліцыі і СБУ, іхных рэгіянальных упраўленьняў. Але адзінага пераліку грамадзян Беларусі, якіх вызначылі пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, нібыта не існуе, а рашэньні ўхваляюцца ўжо на падставе праверак пасьля зваротаў грамадзян Беларусі па атрыманьне ўкраінскага грамадзянства або дазволу на жыхарства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG