Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі зрабіла заяву адносна новых санкцый ЭЗ супраць афіцыйнага Менску і анансавала меры ў адказ


Анатоль Глаз.
Анатоль Глаз.

Прэсавы сакратар Анатоль Глаз пракамэнтаваў новыя санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі.

«Усе гэтыя шматлікія санкцыйныя рашэньні ЭЗ аб’ядноўвае галоўнае — поўная беспэрспэктыўнасьць дасягненьня іх дэструктыўных мэт. Чым раней эўрабюракраты гэта зразумеюць — тым менш шкоды яны пасьпеюць нанесьці эўрапейскаму ж бізнэсу і насельніцтву».

Анатоль Глаз назваў новыя санкцыі «прахадным этапам» для Беларусі і заявіў, што ў краіны «шмат плянаў разьвіцьця, актыўна працуе эканоміка і... наперадзе вельмі шмат спраў і праектаў... На гэтым фоне спробы кіраўніцтва ЭЗ сваімі незаконнымі санкцыйнымі пакетамі спыніць наша разьвіцьцё выглядаюць крыху камічна».

Анансаваў прэсавы сакратар МЗС Беларусі і захады ў адказ:

«Зразумела, урадам Беларусі ўжо падрыхтаваны комплекс асымэтрычных мер у адказ. Яны будуць зьвязаныя з узмацненьнем жорсткасьці ўмоў імпарту і дзейнасьці ў Беларусі суб’ектаў зь недружалюбных краін».

29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз ухваліў абмежавальныя захады, накіраваныя супраць беларускай эканомікі, у адказ на ўдзел Беларусі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Як напісана на сайце Эўрапейскай Рады ў паведамленьні ад 29 чэрвеня, новыя абмежаваньні адносна Беларусі накіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленьне абыходу ўжо існуючых санкцый.

Гэта ўключае, сярод іншага, забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты. Гэта зроблена, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.

«Эўрапейская Рада падаўжае забарону на экспарт тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, а таксама ўводзіць дадатковыя абмежаваньні на экспарт тавараў, якія могуць спрыяць умацаваньню прамысловага патэнцыялу Беларусі. Дадатковыя абмежаваньні таксама ўводзяцца на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгій марскога суднаходзтва і прадметаў раскошы», — гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама Эўразьвяз забараніў транспартаваньне грузаў на сваёй тэрыторыі зарэгістраванымі ў Беларусі прычэпамі і паўпрычэпамі і ўвёў дадатковыя захады экспартнага кантролю ў адносінах да Беларусі. Яны тычацца адчувальных тавараў і тэхналёгій, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

Як вынікае з ухваленых дакумэнтаў, у Эўразьвязе вырашылі абмежаваць пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі або могуць перадавацца ў Расею празь Беларусь у абыход абмежаваньняў, уведзеных супраць расейскіх уладаў і эканомікі.

У прыватнасьці, прапануюць забараніць транзыт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналёгій, якія могуць спрыяць нарошчваньню прамысловых магутнасьцей Беларусі, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў, тэхнічную дапамогу або іншыя паслугі па абслугоўваньні такой прадукцыі. Прапануюць таксама забараніць продаж, ліцэнзаваньне і перадачу правоў інтэлектуальнай уласнасьці на тэхналёгіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG