Днямі ў Менску адкрылі новы мурал, прысьвечаны савецкаму военачальніку генэралу Антонаву. Па ўсёй Беларусі рэалізуюцца праекты «Вуліцы герояў», «Памяць праз стагодзьдзі». Муралы вельмі падобныя адзін на другі. Выкананыя ў адным стылі, адрозьніваюцца хіба тварамі герояў.
Менскі мастак-манумэнталіст на ўмовах ананімнасьці падзяліўся са Свабодай развагамі на тэму таго, чаму новае манумэнтальнае мастацтва становіцца такім аднастайным.
«У Менску цяпер нічога нармальнага ня ўзгодніш, бо... Таму што палітычныя рашэньні. У кожным раёне мусяць зьявіцца муралы на патрыятычную тэму, Вялікай Айчыннай вайны. І ўздоўж кальцавой усе фасады дамоў замаляваныя спрэс сьцягамі, зоркамі, журавамі. У Гомлі таксама выключна савецкі падыход. У іх такая канцэпцыя: на вуліцы імя кагосьці яны малююць выключна тых партызанаў, герояў вайны. У рэгіёнах крыху больш разнастайнасьці», — расказаў мастак.
Муралы адносяцца да манумэнтальнага жывапісу. Ствараць іх дазваляецца толькі на падставе заключэньня гарадзкой мастацка-экспэртнай рады ў манумэнтальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Да таго ж трэба прайсьці яшчэ некалькі ўзгадненьняў з раённай адміністрацыяй, уласьнікам будынку, тлумачыць суразмоўца.
У мастацкай радзе абавязкова ёсьць ідэоляг, архітэктар, хто-небудзь зь вядомых мастакоў, мастак-манумэнталіст, калі ёсьць такі ў горадзе. Абавязковая працэдура — узгадненьне з уласьнікам аб’екту (таварыствам уласьнікаў, ЖЭСам ) і рашэньне выканкаму.
«Калі замоўнік выканкам, думаю, наўрад ці яны сур’ёзна падыходзяць да ацэнкі мастацкіх якасьцяў праекту. Увогуле гэта заказуха з героямі, такія „магільныя пліты“ аплочваюць часам ЖЭСы, часам МНС. Звычайна за такую працу бяруцца тыя мастакі, каму няма чаго губляць. Як расказаў мне адзін мастак, яму дазволілі маляваць сваё, але абавязкова была ў нагрузку прапанова, „ад якой нельга адмовіцца“. Гэта ўспрымаецца як сацыяльная нагрузка», — кажа мастак-манумэнталіст.
У некаторых гарадах суразмоўцу Свабоды траплялі, па яго словах, адэкватныя людзі.
«У маёй практыцы ідэолягі былі нармальныя. Маўляў, „а давайце вышыванку зробім“. Паўсюль па-рознаму.
Дзяржава „прасекла“ такую фішку, што можна ствараць графіці, што гэта ня так і дорага. А каб перад начальствам абгрунтаваць, яны падносяць гэта як патрыятычнае выхаваньне. І там усё залежыць ад канкрэтных людзей, хто гэтым займаецца: камусьці здаецца, што клясна маляваць партрэты герояў. Калі людзям пофіг і ім толькі грошы патрэбныя, яны пагаджаюцца. А часам здараецца, можна штосьці і сваё прасунуць», — дзеліцца мастак.
60 арт-аб’ектаў Vulicу Brasil
На сёньня ў Менску, паводле розных ацэнак, знаходзіцца ад 100 да 120 муралаў. Бадай, адны з самых адметных зьявіліся дзякуючы правядзеньню ў беларускай сталіцы міжнародных фэстываляў стрыт-арту і урбан-арту Vulica Brasil. Цягам пяці гадоў, з 2014-га, у Беларусь прыяжджалі вядомыя мастакі найперш з Бразыліі, а таксама зь іншых краінаў. Разам зь беларускімі графіцістамі яны стварылі каля 60 нэафрэсак.
Дзякуючы гэтым арт-аб’ектам у Беларусі зьявілася папулярная турыстычная вуліца Кастрычніцкая. Адзін самых вялікіх у сьвеце муралаў знаходзіцца менавіта там. У Менску ёсьць такі ж самы «Жоўты карлік», які ёсьць у Нью-Ёрку, Бостане, Вільні і Парыжы. Яго стваральнікі — вядомыя творцы групы Os Gemeos.
«Закон вуліцы»
Папулярны мастак Міця Пісьляк, як стварыў шмат цікавых твораў у Менску, ужо амаль 5 гадоў жыве ў Нью-Ёрку. Трапіў у ЗША па так званай «візе талентаў». Кажа, што ў Нью-Ёрку давялося пачынаць жыцьцё з чыстай старонкі, усё знаходзіць наноў: сяброў, любімыя месцы, працу. Але менскі пэрыяд творчасьці ўспамінае зь цеплынёй.
«Мне здаецца, што стрыт-арт у розных ягоных праявах зьявіўся ў Менску даволі даўно, але гіганцкія муралы з удзелам „зорак“ прыйшлі ў жыцьцё беларусаў толькі з Vulica Brazil. Я вельмі рады, што мне пашчасьціла браць у гэтым удзел.
Вядома ж, працы нашых мастакоў выглядалі па-іншаму — па-беларуску. Але ў гэтым і адрозненьне, свой твар, а мець яго — самае важнае для мастака», — разважае Міця Пісьляк.
Апошняя праца Міці ў Менску — Dama con l’ermellino («Дама з гарнастаем») зьявілася ў 2019 годзе па Чырвонаармейскай, 22.
Амаль усе працы Пісьляка, акрамя муралу ў Новай Баравой, зьнішчылі. Афіцыйныя прычыны іх замалёўваньня розныя: нібыта мурал пад мостам ня быў узгоднены і разбураецца, бо мост цячэ; на мурал на Чыгуначнай паскардзіліся суседзі; «Дама з гарнастаем» не была ўзгодненая з адміністрацыяй раёну. Сам Міця паставіўся да зьнішчэньня сваіх твораў па-філязофску:
«Так, амаль усе мае працы страчаныя, акрамя камэрцыйнага праекту ў Новай Баравой.. Але гэта нармальна, я называю гэта „законам вуліцы“: калі праца вартая, то яна затрымаецца надоўга; калі не, то...
Разумею, што цяпер правілы ў Беларусі ўскладніліся, гэта хоць і доўгі, але часовы пэрыяд, так што чакайце новую хвалю», — ня траціць аптымізму Міця Пісьляк.
«Ня горш і ня лепш»
Мастак-манумэнталіст, які пагадзіўся паразмаўляць з журналістам Свабоды на ўмовах ананімнасьці, пярэчыць Міцю. Ён кажа, што з самых распаўсюджаных прычын зьнішчэньня муралаў — няўзгодненасьць з уладамі.
«Ніводзін мурал з праектаў Vulica Brazil ды зь іншых фэстываляў ня быў узгоднены. Задняй датай штосьці падпісвалі. Мастацкая рада б не прапусьціла многія працы, якія цяпер упрыгожваюць Менск».
Па словах суразмоўцы, у цэлым Менск зь ягоным стрыт-артам выглядае ня горш і ня лепш у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі.
«Ва ўсім сьвеце найлепшыя муралы знаходзяцца не ў сталіцах. Калі паглядзець міжнародныя агляды, то найбольш цікавыя аб’екты не ў сталіцах. Гэта невялікія гарады, мястэчкі. Калі ў вялікім горадзе, то гэта ня цэнтар будзе, а нейкі спальны квартал. То бок ня горш і ня лепш Менск выглядае.
Адзінае, што горшае ў нас — гэта мастацкі ўзровень. У нас мастакоў, якія і зь ідэямі, і маюць досьвед, і ўмеюць працаваць на фасадзе, мала — лічаныя адзінкі. А безь цікавых ідэй, проста тэхнічных выканаўцаў — іх шмат. Няма гучных імёнаў са сваім стылем, са сваёй ідэалёгіяй», — перакананы мастак.
Да таго ж нават добрыя працы недаўгавечныя. Яны псуюцца, многім муралам патрэбна рэстаўрацыя, кажа суразмоўца.
«На той жа Vulicу Brazil муралы асыпаюцца, бо сьцены няроўныя, старыя, не падрыхтаваныя як сьлед, там у лепшым выпадку толькі грунтоўка. На Кастрычніцкай некаторым творам патрэбна рэстаўрацыя. Дарэчы, досьвед аднаўленьня, рэстаўрацыі ўжо ёсьць. А гарадзкім уладам часам прасьцей замаляваць, разбурыць, чым займацца», — кажа мастак.
Мастацтвазнаўца, якая назвалася Аленай, кажа, што вельмі адчувальная і прыкметная цяпер адсутнасьць замежных мастакоў, яны абмінаюць краіну.
«Пасьля 2020 году Беларусь „прасела“ па міжнародных мастаках, фэстывалях. Раней прыязджалі іншаземцы, сусьветна вядомыя мастакі. Цяпер яны не прыяжджаюць у Менск.
А многія цікавыя і таленавітыя беларускія мастакі сваімі працамі ўпрыгожваюць замежныя гарады. Той жа Міця Пісьляк працуе ў Нью-Ёрку. Дзьмітры Каштальян стварыў некалі фрэску, прысьвечаную творчасьці Пітэра Брэйгеля, у Вене, цяпер працуе ў Варшаве».
Праўда, Міця Пісьляк ўсё ж ня траціць надзеі вярнуцца ў Менск:
«Безумоўна, я буду прыяжджаць ў родны Менск як мінімум раз на год, увесну — лічу, што гэта найлепшае месца на зямлі ў момант, калі квітнеюць каштаны і бэз».
Форум