На канец траўня зь дзейнымі дазволамі ў Польшчы пражывалі 131 318 грамадзян Беларусі. Паводле інфармацыі супольнасьці «Беларусы ў Польшчы», якая спасылаецца на зьвесткі польскага Ўпраўленьня ў справах іншаземцаў, на канец 2023 году беларусаў тут было каля 119 тысяч.
Такім чынам, за паўгода колькасьць легалізаваных у Польшчы беларусаў вырасла на 10% (са жніўня 2020-га, калі было каля 28 тысяч, павялічылася ў 4,7 раза).
На 31 траўня 2024 году часовы дазвол на жыхарства быў у 79 149 грамадзян Беларусі, сталы — у 41 886, дадатковая абарона — у 7495, карта рэзыдэнта ЭЗ — у 1331, часовая абарона — у 629, статус уцекача — у 670.
Ад пачатку гэтага году прынялі 24 214 заяў на легалізацыю (Мазавецкае ваяводзтва — 9 264, Падляскае — 3 946, Вялікапольскае — 2 099, Малапольскае — 1 662, Паморскае — 1 621).
У студзені–красавіку прынята 23 409 рашэньняў аб легалізацыі, у тым ліку станоўчых 20 238, адмоўных — 2531, спынена спраў — 640.
«Пераважная большасьць беларусаў атрымлівае часовы дазвол на жыхарства, зьвязаны з працай, — 58%. Зь іншых абставін — 24%, [у сувязі] з узьяднаньнем сям’і — 16%, з прычыны навучаньня — толькі 2%», — адзначае супольнасьць.
Больш за ўсё легалізаваных беларусаў (каля 48 тысяч) пражывае ў Мазавецкім ваяводзтве. Для параўнаньня: у Падляскім ваяводзтве — каля 15 тысяч, Паморскім — 11 500, Велікапольскім — 10 тысяч, Ніжнесілескім — 9700, Малапольскім — 9500.
«У асноўным гэта моладзь ва ўзросьце 18–34 гадоў. Паводле гендарнай прыкметы: мужчыны — 58%, жанчыны — 42%», — гаворыцца ў паведамленьні.
З 9 жніўня 2020 году па 31 траўня 2024 году хадайнічалі аб наданьні міжнароднай абароны 11 096 беларускіх грамадзян.
За гэты пэрыяд прынята 9304 рашэньні, у тым ліку станоўчых — 8970 (міжнародная абарона — 8322, статус уцекача — 648), адмоўных — 126 (у тым ліку 45 у 2024 годзе), спынена спраў — 208.
Форум