Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў з Эўразьвязам дамову аб бясьпецы.
Цырымонія падпісаньня адбылася на саміце Эўразьвязу 27 чэрвеня.
«Мы падпішам адразу тры дамовы па бясьпецы, адна зь якіх — з Эўрапейскім Зьвязам увогуле. Яна ўпершыню замацуе абавязаньні ўсіх 27 дзяржаў-сябраў надаваць Украіне шырокую падтрымку, нягледзячы ні на якія інстытуцыйныя зьмены ўнутры», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перад падпісаньнем дамовы.
Дакумэнт прадугледжвае працяг вайсковай дапамогі — паставак зброі і навучаньня вайскоўцаў, супрацы ў абароннай прамысловасьці і разьмінаваньні, а таксама іншай падтрымкі ў сфэры абароны і бясьпекі.
Як паведаміла агенцтва Reuters, у дамове вызначаныя абавязкі Эўразьвязу ў дзевяці сфэрах палітыкі бясьпекі і абароны. У яе праекце адзначаецца, што абавязкі ЭЗ будуць дзейнічаць, «пакуль Украіна будзе ісьці па эўрапейскім шляху», і могуць быць перагледжаныя не пазьней, чым праз 10 гадоў.
Апроч таго, у дакумэнце прадугледжана правядзеньне тэрміновых кансультацый Украіны і Эўразьвязу ў выпадку «будучай агрэсіі», у часе якіх бакі ўзгодняць аб’ёмы неабходнай дапамогі і далейшыя крокі.
Гэтая дамова — часткай шырэйшых намаганьняў партнэраў Украіны гарантаваць доўгатэрміновую падтрымку ва ўмовах расейскай агрэсіі і таго факту, што Ўкраіну ня змогуць хутка прыняць у ЭЗ і NATO.
У той жа час дакумэнт не вызначае канкрэтныя аб’ёмы дапамогі зброяй ці фінансавымі сродкамі. У ім замацавана, што Эўразьвяз сёлета выдзеліць 5 мільярдаў эўра ў фонд вайсковай дапамогі Ўкраіне. Далейшыя аб’ёмы могуць быць прадугледжаныя да 2027 году залежна ад патрэбаў краіны і магчымасьцяў Эўразьвязу.
Перад гэтым аналягічныя дамовы Ўкраіна падпісала зь Літвой і Эстоніяй.
Дамова з Эўразьвязам аб бясьпецы стала 19-м такога кшталту дакумэнтам у шэрагу падпісаных Украінай зь іншымі сваімі партнэрамі, у тым ліку зь Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай і Францыяй.
13 чэрвеня аналягічны дакумэнт Украіна падпісала з ЗША.
Форум