Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За мінулыя суткі краіны ЭЗ спынілі каля 90 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі


Мяжа між Літвой і Беларусьсю. Архіўнае фота
Мяжа між Літвой і Беларусьсю. Архіўнае фота

Каля 90 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі спынілі 24 чэрвеня суседнія краіны Эўразьвязу, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак памежных ведамстваў (днём раней – 133).

Літва перадухіліла 10 спробаў (1), Польшча – «каля 80» (110), на мяжы з Латвіяй было спакойна (22).

З пачатку чэрвеня гэтыя краіны спынілі 3725 спробаў парушэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі (Польшча — 3327, Латвія — 367, Літва — 31). Гэта на 39,3% менш, чым за 24 дні сёлетняга траўня (6135), і на 30% больш, чым за 24 дні леташняга чэрвеня (2866).

У 2024 годзе суседнія краіны ЭЗ спынілі 22 538 спробаў пранікненьня на сваю тэрыторыю зь Беларусі (Польшча — 19 785 , Латвія — 2505, Літва — 248) — на 22,5% больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (18 403). На польскім кірунку колькасьць спробаў павялічылася на 52,7% (было 12 957), на латвійскім — зьменшылася ў 1,7 раза (4179), на літоўскім — зьменшылася ў 5 разоў (1230).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году.

Мігранцкі крызіс 2021-2024. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Колькі жыцьцяў забраў мігранцкі крызіс

4 жніўня мігрант з Іраку памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.

19 верасьня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. Зь беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго зь мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багоніках 21 лістапада.

7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.

14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.

19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.

22 кастрычніка непадалёк ад Кузьніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.

29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.

12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Зь беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці.

22 лістапада стала вядома, што ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 сьнежня ўвечары памерла.

27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.

28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці на мяжы зь Літвой.

Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў зь «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Менску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.

28 траўня 2024 году адным зь мігрантаў, які хацеў парушыць дзяржаўную мяжу, быў сьмяротна паранены шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк. 6 чэрвеня ён памёр у шпіталі ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Такім чынам, вядома пра сьмерць:

  • 13 мігрантаў на мяжы,
  • 1 ненароджанага дзіцяці,
  • 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту»
  • 1 польскага жаўнера

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG