Томаш Шмыт вядзе гутаркі на youtube-канале дзяржаўнага беларускага агенцтва. Ён робіць інтэрвію для праекта «У тэме».
Як піша БАЖ, новая задача Томаша Шмыта, які ўжо называе сябе журналістам і публіцыстам, — інтэрвію з запрошанымі гасьцямі. Пра новае працаўладкаваньне былога польскага судзьдзі, супраць якога ў Польшчы завялі крымінальную справу, паведаміла польскае выданьне Do Rzeczy.
«Вельмі добрая праца. Я ня буду выкладваць кантракт», — напісаў Томаш Шмыт у сацсетцы Х.
22 чэрвеня ён апублікаваў гутарку з польскім журналістам Матэвушам Ярасевічам.
Раней акруговы суд у Варшаве выдаў эўрапейскі ордэр на арышт падазраванага ў шпіянажы Томаша Шмыта, паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы.
Варшаўскі акруговы суд выдаў ордэр 6 чэрвеня. У сярэдзіне траўня пракуратура Польшчы пачала шукаць былога судзьдзю Томаша Шмыта з ордэрам на арышт.
У Варшаве 55-гадоваму Шмыту выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы.
Шмыт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
- Інфармацыя пра тое, што судзьдзя 2-га аддзяленьня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы Шмыт «пакуль неафіцыйна» папрасіў «статус палітычнага ўцекача» ў Беларусі, зьявілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным за тры дні да таго ад яго імя на польскай і расейскай мовах.
- Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу «з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў». Ён нібыта «зазнаў перасьлед і пагрозы за самастойную палітычную пазыцыю».