Лідзія Савік нарадзілася 1 сакавіка 1936 году ў вёсцы Камуна (цяпер Менская вобласьць). Яе бацька Адам Адзярыха быў адным з арганізатараў камуны (вёска Камуна) на Мар’інскім балоце над ракой Арэсай.
Скончыла філялягічны факультэт БДУ (1962) і асьпірантуру. З 1978 году працавала ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
Літаратурнай дзейнасьцю пачала займацца з 1974 году. Кірунак дасьледаваньняў — праблемы разьвіцьця беларускай літаратуры XX стагодзьдзя. У свой час атрымала дазвол на працу ў архівах КДБ, сабрала дакладныя зьвесткі пра лёс рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і празаікаў. Займалася лёсам і творчасьцю эмігранцкіх літаратараў.
Выдала творы рэпрэсаваных пісьменьнікаў Янкі Нёманскага «Творы» (1984), Сымона Баранавых «Новая дарога» (1989), Барыса Мікуліча «Аповесьць для сябе» (1993) і іншых. Таксама апублікавала нарысы жыцьця і творчасьці Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, Уладзімера Дудзіцкага, Хведара Ільяшэвіча, Уладзімера Случанскага.
Аўтар артыкулаў і рэцэнзій пра творчасьць пасьляваенных беларускіх пісьменьнікаў: Васіля Быкава, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Сяргея Грахоўскага, Аркадзя Марціновіча, Анатоля Кудраўца, Янкі Сіпакова, Віктара Карамазава, Алеся Жука, Вольгі Іпатавай, Міколы Гіля, Івана Мележа, Уладзімера Караткевіча, Алеся Асіпенкі, Барыса Сачанкі, Яна Скрыгана, Ларысы Геніюш і іншых.
Выдала манаграфіі «Адчуваньне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі». Была суаўтаркай кніг «Беларускія пісьменьнікі і літаратурны працэс 20–30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа» і іншых.
Выдала кнігу «Космас беларуса: жыцьцяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта» пра Барыса Кіта.
Аўтарка звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыкляпэдычных артыкулаў.
Пасьля 2020 году выступіла з асуджэньнем рэпрэсій.
Архіўная перадача Свабоды 2006 году: «Прыватны дзёньнік. Лідзія Савіч».
Форум