Гэтую заяву старшыні СК Дзьмітрыя Гары прыводзіць інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле Гары, гаворка пра супрацоўнікаў памежных службаў суседніх краінаў. Яны, як сьцьвярджае старшыня СК, датычныя да злачынстваў «супраць бясьпекі чалавецтва».
Пацярпелымі выступаюць «больш за 200 грамадзян замежных дзяржаў, якія рухаліся транзытам празь Беларусь у краіны Эўрапейскага Зьвязу, зь якіх больш за 50 чалавек загінулі», астатнія «атрымалі цялесныя пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці, у тым ліку жанчыны і дзеці».
Па фактах «супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да ўцекачоў на мяжы з Эўразьвязам» СК падрыхтаваў «зборнік матэрыялаў», які ўтрымлівае пратаколы паказаньняў пацярпелых, іх фатаграфіі, копіі дакумэнтаў, а таксама высновы заключэньняў судова-мэдычных экспэртызаў.
Гэты зборнік перададзены ў ААН, заявіў Гара. «Якой-небудзь рэакцыі на ўсё гэта мы пакуль ня бачым», — адзначыў ён.
З пачатку чэрвеня суседнія зь Беларусьсю краіны ЭЗ спынілі 3267 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі (Польшча — 2919, Латвія — 328, Літва — 20).
Міграцыйны крызіс, які працягваецца зь вясны 2021 году, гэтыя дзяржавы называюць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
6 чэрвеня стала вядома пра сьмерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю. Па інфармацыі памежнай службы Польшчы, вайсковец стаў ахвярай мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы зьявілася буфэрная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасьць спробаў парушэньня мяжы скарацілася прыкладна на траціну.
Беларускія памежнікі неаднаразова абвінавачвалі эўрапейскіх калег у жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі.
Колькі жыцьцяў забраў мігранцкі крызіс
4 жніўня мігрант з Іраку памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсьмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.
19 верасьня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. Зь беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго зь мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багоніках 21 лістапада.
7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакумэнты, плястыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны сьмерці мігранта не ўдакладняліся.
14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сырыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасьня.
19 кастрычніка сырыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысьці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.
22 кастрычніка непадалёк ад Кузьніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.
29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябэт 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.
12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела 20-гадовага сырыйца. Зь беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці.
22 лістапада стала вядома, што ва ўлоньні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасьці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 сьнежня ўвечары памерла.
27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.
28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай зьнешнасьці на мяжы зь Літвой.
Таксама зьяўляліся паведамленьні пра гібель мігрантаў зь «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Менску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.
28 траўня 2024 году адным зь мігрантаў, які хацеў парушыць дзяржаўную мяжу, быў сьмяротна паранены шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк. 6 чэрвеня ён памёр у шпіталі ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Такім чынам, вядома пра сьмерць:
- 13 мігрантаў на мяжы,
- 1 ненароджанага дзіцяці,
- 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту»
- 1 польскага жаўнера
Форум