Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Як і калі беларусы пасяліліся ў Афрыцы і пабудавалі там сваю мураваную царкву


Фотакаляж. Юры Грыбоўскі (справа).
Фотакаляж. Юры Грыбоўскі (справа).

Як беларусы бралі ўдзел у Другой сусьветнай вайне ў складзе несавецкіх узброеных фармаваньняў, найперш польскіх? Ці быў сярод іх нацыянальны рух? Як беларусы з Лацінскай Амэрыкі трапілі на вайну ў Эўропу? І як яны апынуліся у Іране, Індыі і Ўсходняй Афрыцы?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларуска-польскім гісторыкам, прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту Юрыем Грыбоўскім.

0:00 — як беларуская эміграцыя ставілася да стварэньня Войска Польскага ў Францыі ў 1939 — 1940 гадах

4:58 — наколькі актыўным быў удзел беларусаў у фармаваньні Польскай арміі ў СССР

8:22 — як беларусы траплялі ў 2-гі Польскі корпус у Італіі

11:50 — як беларусы з Лацінскай Амэрыкі траплялі на вайну ў Эўропу

14:34 — лёс беларусаў сярод цывільных польскіх грамадзян у Іране, Мэксыцы, Індыі і Ўсходняй Афрыцы падчас і пасьля вайны

17:31 — ці меў месца беларускі нацыянальны рух сярод жаўнераў Польскіх узброеных сілаў на Захадзе пасьля вайны

21:40 — як склаўся пасьляваенны лёс былых вайскоўцаў Польскіх узброеных сілаў, якія вярнуліся ў савецкую Беларусь

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Юрыем Грыбоўскім:

— У сваёй кнізе вы пішаце і пра беларусаў — добраахвотнікаў з краінаў Паўднёвай Амэрыкі. Думаю, сёньня мала хто з нашых гледачоў і слухачоў ведае пра гэты аспэкт удзелу беларусаў у Другой сусьветнай вайне. Як гэта ўсё адбывалася?

— Я называю гэты аспэкт крыху экзатычным. Бо сапраўды, як беларусы маглі папаўняць польскае войска, прыяжджаючы з Бразыліі, Аргентыны, Уругваю ці Парагваю?

Дык вось пачаткаў гэтай гісторыі трэба шукаць яшчэ ў даваенным пэрыядзе. У той час з Заходняй Беларусі адбывалася даволі значная працоўная міграцыя, беларусы ехалі па хлеб у Эўропу, у Францыю. Але шмат ехала і ў Паўднёвую Амэрыку. Паўднёваамэрыканскія краіны, такія як Аргентына, Уругвай, Парагвай карысталіся вялікай папулярнасьцю ў заходнебеларускага сялянства. У Баранавічах нават знаходзілася консульства Аргентыны, якое вэрбавала працоўных эмігрантаў на працу ў Аргентыну.

І вось аказалася, што ў гэтыя паўднёваамэрыканскія краіны выехала некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў з Заходняй Беларусі — грамадзян даваеннай польскай дзяржавы. І, калі пачалася вайна, то польскі ўрад разглядаў гэтую катэгорыю людзей, якіх умоўна тады называлі «аргентынцамі» (бо большасьць зь іх жыла на тэрыторыі Аргентыны), як адну з крыніцы папаўненьня польскіх узброеных сіл на Захадзе.

Таму яшчэ ў 1940 годзе была разгорнутая вялікая інфармацыйная кампанія, мэтай якой было заклікаць гэтых людзей як польскіх грамадзян, якія паходзілі з Польшчы, уступаць у польскія войскі.

І вось частка тых людзей сапраўды пагадзілася далучыцца да польскага войска. Сярод іх, паводле маіх падлікаў, было некалькі сот беларусаў. Штопраўда, ня ўсе яны былі прынятыя ў польскае войска. У Эўропу трапіла недзе каля 100 ці троху болей так званых «аргентынчыкаў» беларускай нацыянальнасьці.

І яны сапраўды змагаліся ў Эўропе ў складзе 1-й танкавай дывізіі, якая вызваляла Францыю, Бэльгію, Галяндыю і брала ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Заходняй Нямеччыны. Гэта ўжо быў 1944, 1945 год, так што яны пасьпелі паўдзельнічаць у Другой сусьветнай вайне.

— У кнізе вы пішаце пра беларусаў сярод цывільных польскіх грамадзян у Іране, Мэксыцы, Індыі і Ўсходняй Афрыцы. Раскажыце ў двух словах, як беларусы дабраліся і туды.

— Гэта яшчэ адзін экзатычны эпізод той вайны, пра які, безумоўна, варта распавесьці нашым гледачам.

Рэч у тым, што польскія ўзброеныя сілы на Захадзе — гэта ня толькі жаўнеры. Гэта таксама цывільнае насельніцтва: бацькі, жонкі, дзеці вайскоўцаў. У той час, як мужчыны змагаліся ў Італіі, у Францыі на розных франтах Другой сусьветнай вайны ў складзе польскіх фармаваньняў на Захадзе, іх блізкія, розныя сваякі знаходзіліся ў спэцыяльных паселішчах. Полькі ўрад парупіўся, каб падчас вайны былі створаныя адмысловыя паселішчы для польскіх выгнанцаў. Гэта былі тыя людзі, якім не было куды дзецца, бо яны былі пазбаўленыя Айчыны і не маглі вярнуцца на радзіму. Іхныя сваякі, бацькі і браты, змагаліся на вайне, таму яны знаходзіліся ў паселішчах для цывільных польскіх выгнанцаў.

Такіх паселішчаў было створана вельмі шмат. Першапачаткова іх стварылі ў Іране. Пасьля яны пачалі ўзьнікаць у Індыі. Нават у Мэксыцы было такое паселішча — Санта Розэ. Куды трапіла нямала польскіх выгнанцаў. Але найбольш трапіла ў брытанскую ўсходнюю Афрыку — гэта тэрыторыя сучасных Танзаніі, Кеніі і Ўганды. Там было створана некалькі дзясяткаў такіх цывільных паселішчаў. Туды трапілі і беларусы.

І вось што адметна. На фоне асноўнай масы беларусы адрозьніваліся ад сваіх польскіх братоў веравызнаньнем, бо гэта пераважна былі асобы праваслаўнага веравызнаньня. Сярод іх былі актыўныя людзі, у тым ліку быў сьвятар — айцец Міхась Бажар’янаў, які паходзіў зь Вільні і добра ведаў беларусаў яшчэ зь міжваеннага часу. Ён стварыў там Беларускі камітэт, выдаваў літаратуру, пераважна рэлігійнага зьместу.

Але самым істотным дасягненьнем Бажар’янава было тое, што ён у 1944 годзе пабудаваў там прыгожую мураваную царкву ў паселішчы Тэнгеру на тэрыторыі цяперашняй Танзаніі. Гэта была адна зь нешматлікіх мураваных праваслаўных цэркваў у Афрыцы і адзіная, наколькі я ведаю, у гэтым рэгіёне.

— Ці меў месца беларускі нацыянальны рух сярод жаўнераў Польскіх узброеных сілаў на Захадзе пасьля вайны?

— Вы слушна пытаецеся менавіта пра пасьляваенны час, бо падчас вайны ніякай палітычнай і нацыянальнай дзейнасьці не праводзілася. Ішлі баявыя дзеяньні, і, апрача таго, камандаваньне польскае непрыхільна ставілася і не магло прыхільна ставіцца да нейкіх праяў палітычнай актыўнасьці сярод вайскоўцаў. Гэта зразумела і натуральна.

А вось калі баявыя дзеяньні скончыліся вясной 1944 году, а вайскоўцы яшчэ не былі дэмабілізаваныя і знаходзіліся ў казармах, у прыватнасьці 2-гі польскі корпус аж да восені 1946 году працягваў кватаравацца ў Італіі, тады ўзьніклі спрыяльныя ўмовы для таго, каб зьвярнуць увагу на свае ўнутраныя справы. Гэтым і заняліся беларусы.

Пачынаючы зь вясны 1946 году сярод вайскоўцаў 2-га польскага корпусу вялася арганізацыйная праца, ствараліся нефармальныя зямляцкія камітэты. Гэта адбылося спачатку ў 5-й Крэсавай дывізіі пяхоты, потым у 3-й карпацкай дывізіі стральцоў. Беларусы аб’ядноўваюцца, падтрымліваюць паміж сабой адносіны і сувязь, усталёўваюць кантакты зь беларускай палітычнай эміграцыяй, якая на той час знаходзілася ў Заходняй Эўропе, у прыватнасьці, зь Міколам Абрамчыкам. Беларусы пачалі атрымліваць газэту «Беларускія навіны», прычым беларускія вайскоўцы ўтрымлівалі гэтую газэту. Так атрымалася, што вайскоўцы былі адной з самых заможных груп на эміграцыі, бо атрымлівалі сталы заробак. Таму маглі гэтыя грошы траціць на падтрымку сваіх землякоў.

Апагеем нацыянальнай дзейнасьці і нацыянальнай актыўнасьці сярод польскіх вайскоўцаў-беларусаў можна лічыць стварэньне згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі ў 1946 годзе. Усе польскія злучэньні былі перакінутыя ў Вялікую Брытанію і там беларусы працягнулі сваю нацыянальную актыўнасьць і вырашылі стварыць сваю грамадзкую арганізацыю. Менавіта фармальную, бо да гэтага іх дзейнасьць насіла нефармальны характар — яны нават друкавалі свае ўлёткі ў вайсковай канцылярыі патаемна.

Але з пачатку 1947 году нічога ўжо ня трэба было рабіць патаемна, паколькі польскае камандаваньне выдала дазвол на тое, каб польскія вайскоўцы-беларусы належалі да Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.

Дарэчы першы зьезд, так званы Вальны зьезд, на якім было ўтворанае Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі, адбыўся ў студзені 1947 году ў Лёндане, і на ім не прысутнічала нікога з цывільных асобаў. Усе ўдзельнікі былі вайскоўцамі — або дзейнымі, або толькі вось-вось мабілізаванымі.

Так што можна сказаць, што польскія вайскоўцы-беларусы заклалі падмурак пад беларускую паваенную эміграцыю ў Вялікай Брытаніі і ня толькі ў Вялікай Брытаніі. Таксама і першыя беларускія арганізацыі ў Бэльгіі, у Канадзе і нават у Аўстраліі і Новай Зэляндыі складаліся найперш з былых польскіх вайскоўцаў польскіх узброеных сіла на Захадзе. Гэта тычыцца як грамадзкіх, так і камбатанцкіх арганізацый, бо на Захадзе паралельна ствараўся і беларускі камбатанцкі рух. Асноўную і найбольш дзейсную частку гэтага руху складалі тыя, хто ў гады вайны ваяваў у польскім мундуры.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG