Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Віетнам пераходзяць на бязьвізавы рэжым. Хто зможа ім скарыстацца


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Архіўнае фота

Згодна з дакумэнтам, уласьнікі нацыянальных пашпартоў Беларусі і Віетнама змогуць уяжджаць, выяжджаць, праяжджаць транзытам і знаходзіцца на тэрыторыях краін цягам тэрміну, які не перавышае 30 дзён.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавалі падпісанае летась у сьнежні пагадненьне зь Віетнамам аб скасаваньні візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў.

«Пагадненьне дазволіць спрасьціць рэжым узаемных паездак грамадзян дзьвюх краін, будзе садзейнічаць умацаваньню двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Сацыялістычнай Рэспублікай Віетнам», — працытавала намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Яўгена Шастакова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Згодна з дакумэнтам, уласьнікі нацыянальных пашпартоў Беларусі і Віетнама змогуць уяжджаць, выяжджаць, праяжджаць транзытам і знаходзіцца на тэрыторыях краін цягам тэрміну, які не перавышае 30 дзён.

«Пры гэтым агульная працягласьць знаходжаньня не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе. Палажэньні пагадненьня не абмяжоўваюць права кампэтэнтных органаў кожнага з бакоў адмовіць ва ўезьдзе або скараціць тэрмін знаходжаньня замежнага грамадзяніна без тлумачэньня прычын», — удакладніў Яўген Шастакоў.

Кожны з бакоў пагадненьня можа прыпыніць ягонае дзеяньне цалкам або часткова ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя або ў выпадку эпідэмій, стыхійных бедзтваў або іншых надзвычайных сытуацый. Пры гэтым кожны бо можа спыніць дзеяньне дакумэнту адпаведным пісьмовым паведамленьнем па дыпляматычных каналах.

«Пагадненьне набудзе моц з даты абмену дакумэнтамі аб ратыфікацыі і прадоўжыць дзеяньне на нявызначаны пэрыяд часу. Дагэтуль інфармацыі аб ратыфікацыі пагадненьня віетнамскім бокам у МЗС Беларусі не надыходзіла», — удакладніў намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG