Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакансіі ёсьць нават у Міністэрстве працы. Што ў Беларусі з дэфіцытам кадраў і як яго разьвязаць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За тыдзень дэфіцыт кадраў у Беларусі вырастае на 3600 працоўных месцаў. Расказваем, чаму так адбываецца.

На рынку працы чарговы антырэкорд — 159 683 вакансіі ў агульнарэспубліканскай базе на раніцу 17 чэрвеня. Тыдзень таму вакансій было на 3600 менш. Гэтая праблема цягнецца ўжо больш за год. На пачатку году вакансій было менш на 23 000.

Шукаюць 10 000 сьлесараў, 7000 лекараў

Мяркуючы па дадзеных агульнарэспубліканскага банку вакансій, найбольш у Беларусі бракуе сьлесараў — 10 368. Сярэдні заробак, які прапануюць такім спэцыялістам, — 1300-2000 рулёў. Аднак ёсьць і больш выгадныя варыянты.

Найбольшы заробак — да 4300 рублёў — прапануюць сьлесару-рамонтніку ў Слоніме.

Эканоміцы не стае 9862 кіроўцаў. Іх шукаюць як дзяржаўныя, так і прыватныя арганізацыі. Напрыклад, у «Зелянбудзе» ў Менску кіроўцу пагрузчыка прапануюць заробак ад 1400 да 2300 рублёў.

Самы высокі заробак, які знаходзім, абяцаюць кіроўцу міжнародных перавозак у прыватнай кампаніі — да 5000 рублёў.

Шукаюць 6999 лекараў. Напрыклад, у Бераставіцкай лякарні на адну стаўку лекару абяцаюць да 1600 рублёў.

Гэта пры сярэднім заробку ў Беларусі 2182 рублі.

Ёсьць і больш выгадныя прапановы. У Шчучынскую цэнтральную раённую лякарню шукаюць намесьніка галоўнага лекара, абяцаюць плаціць да 5000 рублёў.

Прахадная МТЗ, архіўнае фота
Прахадная МТЗ, архіўнае фота

Бракуе рабочых на вядучых заводах

Дэфіцыт кадраў закрануў і буйныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы. На МТЗ шукаюць 2870 розных спэцыялістаў. Кранаўшчыку тут гатовыя плаціць да 2000 рублёў.

Інжынэру ў арганізацыі працы — 1125.

На МАЗе патрэбны 2750 работнікаў. Інспэктару па кадрах тут прапануюць да 1133 рублёў за месяц.

Інжынэру — 1687 рублёў.

На «Гродна Азоце» шукаюць 766 спэцыялістаў. Токару прапануюць да 2200 рублёў, вядучаму эканамісту — 2200 рублёў.

Шукаюць чыноўнікаў і супрацоўнікаў у Нацыянальны банк

Дэфіцыт кадраў зачапіў і дзяржаўную сфэру кіраваньня. У Міністэрства энэргетыкі патрэбныя два кансультанты і адзін эканаміст. Кансультантам абяцаюць плаціць 2026 рублёў.

Эканамісту прапануюць да 1417 рублёў.

Ёсьць вакансія і ў Міністэрстве працы, таксама шукаюць кансультанта і прапануюць да 2250 рублёў.

Дзяржаўнаму банкаўскаму рэгулятару Нацбанку патрэбна 89 спэцыялістаў. Загадчыку сховішча каштоўнасьцяў абяцаюць 1500 рублёў на месяц.

А намесьніку начальніка ўпраўленьня прапануюць 3889 рублёў.

Што робіць дзяржава, каб вырашыць праблему

Пра дэфіцыт кадраў стаў часта выказвацца Лукашэнка. 5 траўня ён прапанаваў будаваць нерухомасьць там, дзе бракуе супрацоўнікаў.

А ў красавіку Лукашэнка прапаноўваў закрыць дэфіцыт кадраў з дапамогай «патрыятычна настроеных» пэнсіянэраў.

13 чэрвеня ён прызначыў новую міністарку працы і сацыяльнай абароны. Ведамства ўзначаліла Натальля Паўлючэнка, якая раней была першай намесьніцай міністра.

Паралельна гэтым заявам і прызначэньням на прадпрыемствах працягваюцца рэпрэсіі. 14 чэрвеня ў адным з прапагандысцкіх каналаў сілавікі паказалі відэа, як яны ў поўнай амуніцыі ўрываюцца ў цэхі лідзкага прадпрыемства Haver BY. Паведамляецца, што затрымалі мінімум пяць супрацоўнікаў прадпрыемства. Усё гэта назвалі «адпрацоўкай экстрэмістаў».

Haver BY — завод, які робіць мэталічныя сіты, гэта даччынае прадпрыемства нямецкага канцэрну Haver & Boecker OHG.

«Спыніць рэпрэсіі, інвэставаць у новыя тэхналёгіі»

На думку экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, дэфіцыт кадраў у Беларусі будзе захоўвацца. Бо дзяржава ня робіць крокаў, каб яго спыніць.

«Адзін з фактараў дэфіцыту кадраў — дэмаграфічная праблема, вырашыць якую складана. Таксама цяпер эканоміка фармуе попыт на некаторых работнікаў, павысіўся попыт у машынабудаўніцтве, оптыцы, электроніцы. Гэтыя кампэтэнцыі цяжка хутка засвоіць. Беларусі давядзецца далей жыць з дэфіцытам кадраў. Але вастрыня праблемы можа перастаць расьці, бо запаволіліся працэсы эміграцыі», — мяркуе экспэрт.

Відавочнае рашэньне праблемы — спыніць палітычна матываваныя звальненьні, пачаць вяртаць на працу звольненых за палітыку і спрыяць вяртаньню людзей з-за мяжы, пералічвае Харытончык.

«Трэба ствараць стымулы ўнутры краіны, каб людзі вярталіся, але пры наяўных палітычных інстытутах гэта малаімаверна. У сытуацыі дэфіцыту работнікаў трэба павышаць вытворчасьць: новыя тэхналёгіі, новае абсталяваньне, штучны інтэлект. Каб прадукцыі на аднаго работніка выходзіла болей. У гэтым зацікаўленая дзяржава, але трэба не перашкаджаць бізнэсу», — дадае Анатоль Харытончык.

У такой сытуацыі дзяржаве трэба аслабіць кантроль за бізнэсам, спыніць жорсткае рэгуляваньне цэнаў, раіць Анатоль Харытончык.

«Пакуль я мала веру ў такія дзеяньні з боку ўладаў», — прызнаецца экспэрт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG