Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія z-рокеры ў Пружанах, электроншчына пад Берасьцем. Якія фэсты пройдуць сёлета ў Беларусі


«Славянскі базар» у Віцебску, 2023 год. Ілюстрацыйнае фота
«Славянскі базар» у Віцебску, 2023 год. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія поп-гурты на «Дынама» і кітайскія дыджэі ў Браславе. Гэтым летам у Беларусі пройдзе некалькі традыцыйных фэстываляў, а таксама новыя музычныя падзеі. Сабралі ўсё ў адным матэрыяле.

Менск

Расейскія поп-гурты на «Дынама»

Адна з навінак гэтага лета — аднадзённы фэстываль belbet fest, які пройдзе на сталічным стадыёне «Дынама» 15 чэрвеня.

Лайнап фэсту — расейскія артысты:

  • Ваня Дзьмітрыенка — малады расейскі поп-сьпявак
  • Mary Gu — расейская поп-сьпявачка і блогерка
  • Dabro — расейскі поп-гурт з Казані
  • Мары Краймбрэры (Марына Жадан) — расейская поп-сьпявачка ўкраінскага паходжаньня
  • L’One — расейскі рэп-выканаўца
  • Клава Кока (Клаўдзія Высокая) — расейская поп-сьпявачка, блогерка і тэлевядоўца
  • JONY (Джахід Афраіл аглы Гусейнлі) — расейскі сьпявак і аўтар песень, нарадзіўся ў Азэрбайджане

У агульным лайнапе, апублікаваным на сайце фэсту, беларускі гурт толькі адзін — Parade of Planets. Гэты танцавальны поп-гурт створаны ў Менску. Свае песьні музыкі выконваюць на францускай мове.

Кошт квіткоў ад 90 да 355 рублёў.

Стадыён «Дынама» ў Менску
Стадыён «Дынама» ў Менску

Festiwow на стадыёне «Дынама»

Яшчэ адзін фэст, які пройдзе на «Дынама» ў Менску 3 жніўня. На ім выступяць:

  • «Три дня дождя» (расейскі рок-гурт)
  • «Моя Мишель» (расейскі поп-рок гурт)
  • Dead Blonde (расейскі рэйв-праект)

Цяпер квіткі каштуюць ад 98 рублёў.

Рэгіёны

Традыцыйнае «Сьвята сонца»

Сёлета адбудзецца таксама традыцыйны фольк-фэстываль «Сьвята сонца» ў музэі ў Дудутках, прымеркаваны да Купальля. Ён пройдзе 22–23 чэрвеня.

На фэстывалі выступяць музыкі і гурты з Беларусі:

  • Іван Кірчук
  • EvthanaziA
  • CIEMRA
  • PLEMЯ
  • Fishtank
  • Дудараў
  • Сарматы
  • КаС
  • Гурьба
  • Роськвіт

Кошт квіткоў пакуль ад 25 да 55 рублёў.

Летась на фэстывалі гралі беларускія гурты Rokash, Trubetskoy, Plemя, музыка Іван Кірчук. Пакуль няма інфармацыі наконт фэстывалю «Наш Грунвальд», прымеркаванага да гадавіны Грунвальдзкай бітвы. Ён традыцыйна праходзіць у Дудутках з 2009 году.

«Солнцестояние» з расейскімі «Z-рокерамі»

Гэтым летам у Пружанах упершыню пройдзе фэстываль «Солнцестояние». Ён адбудзецца на стадыёне «Мухавец» з 28 па 30 чэрвеня. Арганізатары пазыцыянуюць падзею як рок-фэстываль. Удзельнікі — расейскія «Кино» (рэанімаваны праект з запісам голасу Віктара Цоя), «Серьга», «Моральный кодекс», «Братья Грим», «Чёрный кофе», «Парк Горького», «Чиж и Ко», музыка Вадзім Самойлаў, лідэр гурту «Смысловые галюцинации» Сяргей Бабунец, былы ўдзельнік гурту Deep Purple Джо Лін Тэрнэр.

Многія музыкі з гэтага сьпісу адкрыта падтрымалі напад Расеі на Ўкраіну. Гаворка пра гурты «Серьга», «Чёрный кофе», музыку Аляксея Бялова з «Парку Горкага», Канстанціна Бурдаева з гурту «Братья Грим», Вадзіма Самойлава, Сяргея Бабунца.

Музыкі гуртоў «СерьГа» і «Чиж и Ко» ўдзельнічалі ў запісе кліпа «Я остаюсь», які стаў маніфэстам супраць музыкаў і творчых дзеячоў, якія пакінулі Расею і не падтрымалі вайну.

Што да беларускіх выступоўцаў, то з чатырнаццаці іх толькі трое. Гэта рок-гурт «Goffman», лідэр якога Алег Арлоў — сябра партыі Гайдукевіча ЛДПБ, а таксама кавэр-гурт «БанDиты» і гурт «Sun Road-21».

Кошт квіткоў — ад 33 да 105 рублёў.

Віцебск падчас «Славянскага базару» у 2020 годзе
Віцебск падчас «Славянскага базару» у 2020 годзе

33-і «Славянскі базар»

Сёлета ў Віцебску 33-ці раз пройдзе фэстываль мастацтваў «Славянскі базар». Падзея адбудзецца 9–15 ліпеня, большасьць выканаўцаў — беларускія і расейскія поп-гурты і сьпевакі. У афішы абяцаюць і замежнікаў: гэта гурт «BACCARA» з Гішпаніі, «DoReDos» з Малдовы, Nello SALZA з Італіі, Ані Лорак (расейская сьпявачка ўкраінскага паходжаньня), Томас Н’Эвэргрын з Даніі.

У дакрызісным 2019 годзе на сцэне «Славянскага базару» выступалі артысты з ЗША, Украіны, Казахстану, Румыніі, Швэцыі, Грузіі, Малдовы, Латвіі, Вялікай Брытаніі, Ізраілю. Тады ж у Віцебску сьпяваў Адрыяна Чэлентана, зайграў і беларускі гурт NaviBand, які цяпер за мяжой праз палітычную сытуацыю. Сярод іншых вядоўцамі былі журналісты Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая.

Кошт квіткоў залежыць ад колькасьці канцэртаў у канкрэтны дзень фэсту. Напрыклад, квіток на адкрыцьцё каштуе ад 65 да 235 рублёў.

Электроншчына ў вёсцы Булькава пад Берасьцем

Lotus Music Fest — чарговая навінка гэтага году. Фэстываль электроннай музыкі адбудзецца ў вёсцы Булькава пад Берасьцем з 19 па 21 ліпеня. Выступяць дыджэі: Dmitry Molosh, Kostya Outta, Upteka, Incláme, Andy Stock, Toa Maeh (live), Milana, Amonita.

Арганізатары абяцаюць і іншыя прынады: тэматычныя зоны, стрыт-фуд, ёгу. Квіткі каштуюць ад 40 да 350 рублёў.

Viva Braslav і дыджэі з Кітаю

З 26 па 28 ліпеня ў Браславе пройдзе ўжо традыцыйны фэст Viva Braslav. На ім выступяць музыкі зь Беларусі, Расеі і Кітаю:

  • Aryue (Кітай)
  • KAKA (Кітай)
  • Jakone and a.v.g (Расея)
  • Kristina Si (Расея)
  • Niletto (Расея)
  • Nkeeei, Unique & ARTEM SHILOVETS (Беларусь)
  • Xolidayboy (Расея)
  • Клава Кока (Расея)
  • Лёша Савик (Расея)
  • МакSим (Расея)
  • Олег Майами (Расея)

Білет на два дні фэсту каштуе 169 рублёў 95 капеек.

Wostrau Nesvizh Fest

Фэстываль пройдзе 23–24 жніўня ў Нясьвіжы на тэрыторыі Ангельскага парку. Робяць яго арганізатары Viva Braslav. На фэсьце выступяць: Проста Лера (індзі-поп сьпявачка зь Менску), GAYAZOV$ BROTHER$ (рэп-калектыў з Расеі), NLO (гурт з Расеі).

Квіток на два дні каштуе ад 89 рублёў 95 капеек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG