Прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны Вадзім Гутцайт і яшчэ два ўкраінскія спартовыя чыноўнікі зьвярнуліся ў Міжнародны алімпійскі камітэт з прапановай не дапусьціць на Алімпіяду ў Парыжы трох расеек і беларуску, якія «адкрыта падтрымліваюць ваенныя дзеяньні супраць Украіны».
Пра гэта, як паведаміў 12 чэрвеня сайт НАК Украіны, гаворыцца ў лісьце, накіраваным на адрас МАК.
Паводле НАК Украіны, беларуска Ірына Курачкіна, якая прэтэндуе на статус індывідуальнага нэўтральнага атлета на спаборніцтвах у барацьбе вольнага стылю, атрымала ліцэнзію на ўдзел у Алімпійскіх гульнях.
«Аднак у 2023 годзе Курачкіна ўдзельнічала ў прапагандысцкіх імпрэзах разам зь Віктарам Лукашэнкам. Віктар Лукашэнка трапіў пад санкцыі з боку Канады, Эўразьвязу, ЗША, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і Вялікай Брытаніі за падтрымку расейскай агрэсіі», — паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны.
Таксама НАК Украіны прапануе не дапусьціць да Алімпіяды расейскіх спартовак у вольнай барацьбе Дынару Кудаеву, Вольгу Харашаўцаву і Натальлю Малышаву. У ведамстве матывуюць прапанову тым, што калі бацька Кудаевай загінуў на вайне супраць Украіны, яна апублікавала паведамленьне пра гэта ў сеціве і «заклікала ўшанаваць акупанта як „героя“», гаворыцца ў паведамленьні НАК Украіны. У сваю чаргу Харашаўцава і Малышава падтрымалі паведамленьне Кудаевай, паставіўшы лайкі, а Харашаўцава, паводле НАК, «таксама пакінула камэнтар са словамі падтрымкі пад паведамленьнем Кудаевай».
Удзел беларусаў у Алімпіядзе
Спартоўцы зь Беларусі атрымалі каля 30 алімпійскіх ліцэнзій. Яны будуць выступаць на Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе: ня будзе паднімацца дзяржаўны сьцяг і выконвацца гімн. Гэта абумоўлена саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі Расеі супраць Украіны.
У сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць удзельнічаць у Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным сьцягам, і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба раней заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.
У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта МАК Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек.
Нядаўна стала вядома, што арганізатары Алімпіяды масава адмаўляюць беларускім і расейскім валянтэрам, якія падалі заяўкі на працу на Алімпіядзе.
Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.
Форум