Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». За што ў войску міжваеннай Польшчы камандзіры хвалілі беларусаў — прафэсар Юры Грыбоўскі


Фотакаляж. Юры Грыбоўскі (справа)
Фотакаляж. Юры Грыбоўскі (справа)

Як жаўнеры-беларусы здабывалі незалежнасьць Польшчы ў 1919–1920 гадах? Колькі іх служыла ў польскім войску да Другой сусьветнай вайны і падчас яе? Ці паддаваліся яны палянізацыі і ці быў сярод іх нацыянальны рух?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларуска-польскім гісторыкам, прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту Юрыем Грыбоўскім.

0:00 — колькі беларусаў служыла ў польскім войску падчас польска-савецкай вайны 1919–1921 гадоў

4:38 — які ўклад унесьлі беларусы ў польска-савецкую вайну 1919–1921 гадоў

6:46 — колькі беларусаў служылі ў войску другой Рэчы Паспалітай у міжваенны пэрыяд

16:10 — ці паддаваліся беларусы ў польскім войску палянізацыі

23:07 — ці існаваў нацыянальны рух сярод беларусаў у войску міжваеннай Польшчы

27:43 — як беларусы ўдзельнічалі ў супраціве нямецкаму, а пасьля савецкаму ўварваньню ў верасьні 1939 году

34:00 — як склаўся лёс беларусаў у савецкім і нямецкім палоне 1939 і 1940 гадоў

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Юрыем Грыбоўскім:

— Пачнём з удзелу беларусаў у польскіх вайсковых фармаваньнях падчас здабыцьця Польшчай незалежнасьці. Гэта найперш так званая польска-савецкая вайна. Колькі беларусаў тады служыла ў польскім войску і як яны туды трапілі?

— Пра ўдзел беларусаў у польскім войску падчас гэтай вайны мы можам гаварыць, умоўна кажучы, зь лета 1919 году. Гэта быў пэрыяд, калі Беларусь фактычна стала арэнай баявых дзеяньняў паміж польскімі войскамі і Чырвонай арміяй. І абодвум бакам ішлося пра тое, каб мабілізаваць на свой бок як мага болей мясцовага насельніцтва.

Паколькі на той час пытаньне ўсходняй мяды Польшчы яшчэ не было вырашана, то Польшча не магла, ня мела права праводзіць мабілізацыю на беларускіх ці літоўскіх землях. У гэтай сувязі можна было толькі праводзіць вярбовачную акцыю і заклікаць да ўступленьня ў польскую армію добраахвотнікаў. Адпаведна, усе беларусы, якія тады выказалі жаданьне служыць у польскім войску, былі менавіта добраахвотнікамі. А гэта мела ўплыў на іх колькасьць. Лік добраахвотнікаў у параўнаньні зь лікам людзей, якія маглі б быць мабілізаваныя прымусова, ня мог быць вялікім.

Таму калі гаварыць пра тое, колькі беларусаў усё ж трапілі ў польскае войска ў 1919–1920 гадах, калі ішлі баявыя дзеяньні, то даводзіцца гаварыць пра некалькі тысяч. Дакумэнтальна можна пацьвердзіць удзел ня менш як дзьвюх тысяч чалавек.

Падчас вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі палітычныя і вайсковыя прадстаўніцтвы польскага ўраду. У прыватнасьці, дзейнічала Цывільнае кіраваньне польскімі землямі. І вось па лініі гэтага ведамства, а таксама вайсковых уладаў адбывалася вярбовачная акцыя.

Паводле маіх падлікаў, ня менш як дзьве з паловай тысячы добраахвотнікаў, якія дэкляравалі беларускую нацыянальнасьць, папоўнілі польскія шэрагі. Іх накіравалі на папаўненьне двух пяхотных злучэньняў Польскага войска — Першай і Другой літоўска-беларускіх дывізіяў — якія бралі чынны ўдзел у баявых дзеяньнях летам і восеньню 1920 году.

Акрамя гэтага, асобнай старонкай гэтых падзеяў была дзейнасьць Беларускай вайсковай камісіі. Частка палітыкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку тагачасны прэм’ер-міністар Антон Луцкевіч, выказалі жаданьне супрацоўнічаць з Польшчай у пытаньні фармаваньня беларускіх аддзелаў у складзе Польскага войска. З гэтай мэтай у 1919 годзе была створаная Беларуская вайсковая камісія, якая адказвала за вярбоўку добраахвотнікаў.

Праз БВК прайшло некалькі сотняў беларусаў-вайскоўцаў, як шарагоўцаў і падафіцэраў, так і афіцэраў. Спачатку плянавалася стварыць некалькі батальёнаў, пасьля было вырашана абмежавацца адным батальёнам. Наогул можна сказаць, што дзейнасьць Камісіі ня мела вялікага посьпеху. Таму тыя, хто быў прызваны ў войска дзякуючы дзейнасьці БВК, удзелу ў баявых дзеяньнях не ўзялі.

— Які ўклад унесьлі беларусы ў тыя падзеі? У якіх бітвах узялі ўдзел?

— Беручы пад увагу адносна невялікую колькасьць беларускіх добраахвотнікаў у складзе польскага войска і маштаб баявых дзеяньняў, можна сказаць, што іх мілітарны ўклад быў невялікі. Але, на маю думку, ня толькі гэтым трэба вымяраць іх удзел у гэтай вайне.

Па-першае, трэба памятаць, што гэта былі добраахвотнікі. Іх ніхто да гэтага не змушаў, хіба жыцьцё і нейкія матывы — дзяржаўныя, палітычныя ці патрыятычныя.

Па-другое, што мне падаецца даволі істотным і што належыць падкрэсьліць, гэта тое, што Польшча ў гады польска-савецкай вайны мела ня толькі беларусаў у шэрагах свайго войска. Былі там і ўкраінцы, і расейцы, і казакі. Зь іх складу таксама ствараліся фармаваньні. Але, зь іншага боку, спасярод усіх беларусы былі першымі — першымі вайсковымі хаўрусьнікамі Польшчы ў вайне з Савецкай Расеяй. Ужо пасьля была дамова з украінскімі і расейскімі дзеячамі ці з казакамі, але беларусы былі першыя, хто зрабіў, так бы мовіць, пэўную стаўку на Польшчу падчас гэтай вайны.

— Калі гаварыць пра беларусаў у войску другой Рэчы Паспалітай у міжваенны пэрыяд. Колькі іх там было і як да іх ставіліся камандзіры? Да якіх вайсковых вышыняў пусьцілі палякі тады беларусаў? Ці былі сярод іх афіцэры і ў якіх званьнях?

— Пачынаючы зь вясны 1921 году мы можам гаварыць пра масавы ўдзел беларусаў у Польскім войску. Таму што пасьля Рыскага мірнага пагадненьня значная частка беларускіх зямель увайшла ў склад польскай дзяржавы. Паводле тагачаснай Канстытуцыі ўсе грамадзяне, незалежна ад таго, былі яны палякамі ці не, падлягалі абавязку адбыцьця тэрміновай вайсковай службы. Гэта тычылася і беларусаў.

Таму з таго часу беларуская прысутнасьць у шэрагах польскага войска пачынае быць вельмі заўважнай. Штогод лічба прызыўнікоў-беларусаў мянялася, бо на гэта ўплывалі розныя фактары, у тым ліку дэмаграфічныя. Але можна сказаць так, што ў міжваенны час, гэта значыць у 20–30-я гады ХХ стагодзьдзя, колькасьць беларусаў вагалася ад 9–9,5 тысячы да 20–24 тысячы. Залежала ад канкрэтнага году.

Найбольш беларусаў было налічана ў Польскім войску якраз на пачатку 20-х гадоў — у 1922 годзе, калі адбыўся першы прызыў беларусаў у войска. А на той час украінцы з усходняй Галічыны яшчэ не служылі. І вось гэтыя два фактары паспрыялі таму, што беларусы на той час былі найбольш колькаснай групай сярод прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў.

Потым сытуацыя зьмянілася, потым украінцы ўжо сталі колькасна пераважаць. Але беларусы ўсё ж належалі да тых нацыянальных меншасьцяў, прадстаўнікі якіх былі найбольш заўважныя ў Польскім войску.

Большасьць беларусаў адбывалі вайсковую службу ў пяхоце і артылерыі. Крыху менш іх было ў кавалерыі, напрыклад, уланскіх палках. Зусім малы адсотак быў у тэхнічных войсках, напрыклад, у вайсковай жандармэрыі ці ў вайскова-паветраных і вайскова-марскіх сілах.

На гэта ўплывалі розныя фактары. Каб служыць у вайскова-паветраных сілах, трэба мець адпаведную кваліфікацыю, у першую чаргу адукацыю, хаця б базавую. А сярод беларусаў быў вельмі высокі працэнт ня толькі людзей без адпаведнай адукацыі, але нават тых, хто ня ўмеў чытаць і пісаць. Менавіта гэта пазбаўляла іх магчымасьці трапіць кудысьці, акрамя пяхоты ці артылерыі. Але беларусы былі і ў вайскова-паветраных, і ў вайскова-марскіх сілах, проста там іх было няшмат.

Я знаёміўся з рапартамі польскага камандаваньня, як найвышэйшага, так і камандаваньня, напрыклад, на ўзроўні батальёна, роты ці зьвязу, і магу сказаць, што пераважная большасьць камандзіраў вельмі станоўча ацэньвалі маральныя і фізычныя якасьці вайскоўцаў-беларусаў. Беларусы адрозьніваліся паслухмянасьцю, дысцыплінаю, бездакорна выконвалі свой жаўнерскі абавязак. Сярод беларусаў назіраўся адносна невялікі адсотак ухілістаў — тых, хто ўхіляўся ад вайсковай службы. І тым больш сярод беларусаў назіраўся зусім нязначны адсотак дэзэртэраў. Так што пра беларусаў захаваліся вельмі добрыя, станоўчыя характарыстыкі.

І яшчэ я хацеў бы зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. Па ўсёй Польшчы сярод беларусаў назіраўся найбольшы адсотак прызыўнікоў з катэгорыяй здароўя «А» — гэта найлепшыя фізычныя паказьнікі. Такія людзі ў выпадку вайны падлягалі мабілізацыі ў першую чаргу. Сярод палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальных меншасьцяў гэты адсотак быў нізкі.

Мне гэта падаецца даволі дзіўным, бо, беручы пад увагу цяжкія матэрыяльныя ўмовы, у якіх выхоўвалася беларуская моладзь, можна мець пэўныя сумневы — гэта і адсутнасьць гігіены, матэрыяльная галеча, што панавала ў заходнебеларускай вёсцы, не павінны былі спрыяць здароўю, але на практыцы мы бачым зусім адваротную сытуацыю.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

ХХХ

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG