Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: анархіста Гаеўскага-Ханаду зьмясьцілі ў ПКТ на 4 месяцы


Акіхіра Гаеўскі-Ханада на судзе
Акіхіра Гаеўскі-Ханада на судзе

Па стане на 7 чэрвеня ў Беларусі 1401 палітвязень прызнаны праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць палітзьняволеных можа быць большай.

Асуджанага ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» анархіста Акіхіра Гаеўскага-Ханаду зьмясьцілі ў ПКТ на 4 месяцы, пра гэта паведамляе @belarus_abc.

Актывіста анархісцкага руху ўтрымліваюць за кратамі амаль 4 гады. У Менскім гарадзкім судзе 6 верасьня 2022 году яму прысудзілі 16 гадоў калёніі.

28 лютага 2023 году Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апэляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін зьняволеньня палітвязьня на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зьняволеньня Акіхіра – 15 гадоў і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Справа «Рэвалюцыйнага дзеяньня»

Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Даніла Чулю і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове заявіў: «Нават царскія і савецкія судзілішчы былі публічнымі»:

«Гэты тэатральны і „кафкіянскі“ працэс пакінуў толькі пачуцьцё глыбокага расчараваньня. З нас зьляпілі міжнародную злачынную арганізацыю, якая пагражала ажно тром дзяржавам. Дзеля большага эфэкту варта было б асудзіць нас на 75, 79, 94, склаўшы ўсе артыкулы і часткі, дадаўшы да абвінавачваньня здраду Радзіме, найміцтва і зрыў уборачнай кампаніі.

Два гады я бачыў, як рэпрэсіўны апарат перамолвае людзей. Утрыманьне ўлады неканстытуцыйным шляхам, татальнае прыгнечаньне нязгодных, зьбядненьне народу і падтрымка вар’яцкай вайны... Чым гэта не арганізаваная злачыннасьць, абгорнутая ў абалонку дзяржавы?»

Хто такі Акіхіра Гаеўскі-Ханада

21-гадовы анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада скончыў менскую гімназію № 19. Ляўрэат спэцыяльнага фонду падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вучыўся ў БДУ, але затым паступіў у ЭГУ.

Да затрыманьня працаваў праграмістам. Ягоны бацька — беларус Сьвятаслаў Гаеўскі, трэнэр каратэ родам са Слуцку. Маці Тамока Ханада працавала сакратаром па культуры амбасады Нямеччыны ў Беларусі.

Гаеўскага-Ханаду затрымалі 12 жніўня 2020 году каля 13-й гадзіны на аўтамабільнай паркоўцы. Ён заяўляў пра пабіцьцё і катаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG