Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца па Беларусі прадставіла новы даклад па сытуацыі з правамі чалавека


Анаіс Марэн, архіўнае фота
Анаіс Марэн, архіўнае фота

На сайце ААН апублікаваны чарговы даклад Спэцыяльнай дакладчыцы па Беларусі Анаіс Марэн. У ім яна падала агляд асноўных праблем у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 красавіка 2023 году па 31 сакавіка 2024 году.

У тэксьце адзначана, што сытуацыя ў краіне працягвае пагаршацца на фоне таго, як Беларусь увайшла ў новы выбарчы цыкль. У дакладзе разглядаецца, як супраць беларусаў ужываюцца рэпрэсіі — і ўнутры краіны, і за яе межамі, адзначае «Вясна». Асаблівую ўвагу спэцдакладчыца аддала праву на свабоду асацыяцый і адзначыла мэтанакіраванае выкараненьне з 2021 году ўсіх незалежных асацыяцый у Беларусі — гэта закранула арганізацыі ды ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці, палітычныя партыі, прафсаюзы, калегіі адвакатаў і рэлігійныя арганізацыі.

Выпадкі сьмерці і мэдычнае абслугоўваньне ў зьняволеньні

Анаіс Марэн адзначае, што прынамсі двое зь пяці асуджаных паводле палітычных абвінавачаньняў, імаверна, памерлі з прычыны мэдычнай халатнасьці. Ніводнаму з памерлых не правялі аўтапсію. Сьмерць людзей у зьняволеньні ў ненатуральных абставінах стварае прэзумпцыю адвольнага пазбаўленьня жыцьця дзяржаўнымі ўладамі ў парушэньне артыкула 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такая прэзумпцыя можа быць аспрэчаная толькі на падставе належнага расьсьледаваньня.

Спэцыяльная дакладчыца занепакоеная тым, што ўтрыманьне пад вартай наносіць значную шкоду здароўю большасьці гэтых людзей, у скрайніх выпадках прыводзіць да шпіталізацыі і нават сьмерці. Яна атрымала паказаньні былых зьняволеных, якія пацьвердзілі інфармацыю пра сур’ёзнае, магчыма, незваротнае пагаршэньне здароўя многіх палітычных зьняволеных, такое як страта зроку і зубоў — як мяркуецца, у выніку наўмысна навязанага недаяданьня і жорсткага абыходжаньня, а таксама неналежнага або нясвоечасовага мэдычнага абслугоўваньня.

Анаіс Марэн атрымала шматлікія паведамленьні пра адмову ў прадастаўленьні адэкватнай мэдычнай дапамогі і догляду ў турмах і папраўчых калёніях, у тым ліку ў выпадках небясьпечных для жыцьця і невылечных захворваньняў, а таксама пра недастатковы ўлік асабістай уразьлівасьці зьняволеных, напрыклад, сталага ўзросту.

Спэцыяльная дакладчыца прыняла да ведама заяву Міністэрства замежных спраў Беларусі, якая абвяргае сьцьвярджэньні пра ўзмацненьне жорсткасьці ўмоў утрыманьня некаторых зьняволеных і пацьвярджае, што ўсе зьняволеныя атрымліваюць неабходную мэдычную дапамогу. Але ў адсутнасьць супрацоўніцтва з боку ўладаў РБ і без правядзеньня хоць нейкіх расьсьледаваньняў спэцыяльная дакладчыца ня можа ігнараваць атрыманыя сьцьвярджэньні як неабгрунтаваныя.

«Беларуская мова як прыкмета палітычнай неляяльнасьці»

Беларуская мова ўсё часьцей успрымаецца як прыкмета палітычнай неляяльнасьці, і на загад кіраўніцтва або праз страх дыскрымінацыі ад яе адмаўляюцца на карысьць расейскай у сфэры дзяржаўнага кіраваньня, адукацыі, культуры і сродкаў масавай інфармацыі.

Паводле паведамленьняў, у пэнітэнцыярных установах сканфіскавалі літаратуру на беларускай мове, а супраць зьняволеных, якія размаўляюць на беларускай мове, ужываюць больш суворае абыходжаньне. Тое ж самае тычыцца і ўсіх астатніх месцаў для публічнага мастацкага самавыяўленьня.

Нагляд за былымі палітвязьнямі, якія адбылі пакараньне

Спэцыяльная дакладчыца атрымала паведамленьні пра перасьлед міліцыяй асоб, якія адбылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі па палітычна матываваных абвінавачаньнях. Міліцыя штодня наведвае іх прыватныя месцы пражываньня і штотыдзень выклікае ў аддзяленьні міліцыі для правядзеньня «прафіляктычных мерапрыемстваў», такіх як «прафіляктычныя гутаркі» і прагляд дакумэнтальных фільмаў пра «шкоду» палітычнага актывізму.

Гэта робіцца пад прыкрыцьцём артыкула 28 Закону № 122-З ад 4 студзеня 2014 году, які дазваляе «прэвэнтыўны нагляд» пасьля вызваленьня асуджаных да пагашэньня іх судзімасьцяў. Анаіс Марэн лічыць, што такія захады тоесныя адвольнаму ўмяшаньню ў прыватнае жыцьцё і жыльлё ў парушэньне артыкула 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і могуць станавіць псыхалягічна жорсткае абыходжаньне ў парушэньне артыкула 7 Пакту.

Высновы і рэкамэндацыі

Спэцыяльная дакладчыца выказала шкадаваньне з нагоды пагаршэньня становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і асабліва занепакоеная рэпрэсіўнымі захадамі, накіраванымі супраць людзей унутры краіны і за яе межамі. Як адзначаецца ў дакладзе, беспрэцэдэнтны ўціск свабоды асацыяцыяў з 2020 году прывёў да зьнішчэньня незалежных аб’яднаньняў, зачысьціў грамадзянскую прастору ад «непажаданых» за іх меркаваную неляяльнасьць да ўладаў.

Спэцыяльная дакладчыца паўтарыла рэкамэндацыі, выкладзеныя ў сваіх папярэдніх спавешчаньнях. Акрамя таго, яна рэкамэндуе ўраду Беларусі, сярод іншага:

  • пачаць апэратыўныя, эфэктыўныя, бесстароньнія і празрыстыя расьсьледаваньні ўсіх выпадкаў сьмерці ў месцах пазбаўленьня волі;
  • неадкладна пакласьці канец жорсткаму абыходжаньню ў месцах пазбаўленьня волі і апэратыўна і эфэктыўна расьсьледаваць усе меркаваныя выпадкі жорсткага абыходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі з мэтай прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, пакараньня іх і прадастаўленьня кампэнсацыі ахвярам;
  • адмяніць артыкул 411 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы;
  • пакласьці канец практыцы ўмяшаньня ў асабістае жыцьцё былых зьняволеных пад выглядам «прафіляктычных» мерапрыемстваў, і многае іншае.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG