Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маланкамі прабіць свабоды дарогу». Дзяніс Івашын у няволі сустракае 45 гадоў, ён напісаў за кратамі верш


Дзяніс Івашын. Архіўнае фота
Дзяніс Івашын. Архіўнае фота

Палітвязень Дзяніс Івашын чацьвёрты раз сустракае дзень народзінаў за кратамі.

6 чэрвеня журналісту Дзянісу Івашыну, які адбывае пакараньне ў жодзінскай турме, споўнілася 45 гадоў. Напярэдадні сваякі і сябры адправілі Дзянісу віншаваньні, але ў іх няма ўпэўненасьці, што палітвязень атрымаў усе лісты і паштоўкі своечасова, бо ад яго ўжо два тыдні няма зьвестак.

«Насамрэч няма нічога новага ўжо два тыдні. Ведаем, што частку віншаваньняў ён атрымаў раней, але цяпер ад яго — цішыня. Не падобна гэта на нашага ваяра. Вельмі хвалюемся», — паведаміла жонка палітвязьня Вольга.

Вольга Івашына разьмясьціла ў Facebook верш свайго мужа, які нядаўна атрымала. Ён называецца «Маладая навальніца». Верш, прысьвечаны першым навальніцам, заканчваецца радкамі пра свабоду.

...Коньніца крылатая грозна грыміць,

Напаўняе душу першароднаю сілаю.

Прагай да волі, імкненьнем жыць,

Узьнесьціся ў неба сваімі крыламі.

Моц стыхіі ў сабе адчуць,

Маланкамі прабіць свабоды дарогу.

Пераможныя воклічы нарэшце пачуць

І стаць бліжэй да Бога.

Журналіст Дзяніс Івашын асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц нібыта за здраду дзяржаве ( артыкул 356 КК) і незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці (артыкул 179 КК). Да арышту ў сакавіку 2021 году Дзяніс Івашын шмат дасьледаваў уплыў «русского мира» на беларускіх сілавікоў, пісаў пра абарону Курапатаў і ўладкаваньне ўкраінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі. Пасьля некалькіх месяцаў, праведзеных у магілёўскай калёніі, у чэрвені 2023 году Дзяніса Івашына перавялі на турэмны рэжым у жодзінскую турму № 8.

Апошнім часам Дзяніса Івашына трымалі ў камэры, разьлічанай на некалькі чалавек. Сваякам журналіста невядома, колькі ў яго сукамэрнікаў. Паводле сваякоў, Дзяніс вольны час бавіць за чытаньнем кніг.

«Чытае кнігі па філязофіі, штосьці з паліталёгіі, клясыку і сучасную літаратуру. Ну і пэрыядычныя выданьні сабе выпісвае, канешне, каб быць у курсе падзеяў», — паведаміла Вольга Івашына.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG