Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына не гатовая адкрыта парушаць санкцыі супраць Беларусі, — экспэртка Кудзько


Кіраўнікі МЗС Вугоршчыны і Беларусі
Кіраўнікі МЗС Вугоршчыны і Беларусі

Віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько камэнтуе візыт вугорскага міністра замежных справаў у Менск, аналізуе спэцыфічную палітыку Вугоршчыны ў дачыненьні да Беларусі і Расеі.

Экспэртка тлумачыць, чаму Будапэшт ня будзе парушаць агульныя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі.

Сьцісла:

  • Вугоршчына спрабуе балянсаваць, але ўсьведамляе магчымыя межы гэтага балянсаваньня.
  • Падчас часовага старшынства ў Будапэшту будзе яшчэ больш магчымасьцяў сабатаваць агульныя працэсы ў Эўразьвязе.
  • «Вышаградзкая чацьвёрка» фактычна развалілася праз такую палітыку Будапэшту.
  • І міністру Сіярта канкрэтна, і ў цэлым Вугоршчыне зараз у Эўропе асабліва не давяраюць.


— Ужо трэці раз за апошнія два гады ў Менск прыехаў міністар замежных справаў і вонкавага гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. У Менску Сіярта заявіў, што «санкцыі нічога не даюць, Эўразьвяз шмат страціў праз санкцыйную палітыку». Чаму Вугоршчына актыўна дэманструе асаблівую палітыку, адрозную ад астатняга Эўразьвязу, у дачыненьні да менскага рэжыму?

Алена Кудзько
Алена Кудзько

— Гэта даволі пасьлядоўная палітыка цяперашніх уладаў Вугоршчыны, якую Будапэшт праводзіць у дачыненьні ня толькі да Менску, але і да Расеі, і да Кітаю. Гэта такая бізнэс-мадэль Вугоршчыны на бліжэйшы час — быць «вакном у Эўропу» для гэтых краінаў.

На фоне размоваў, што пачынаецца новая «халодная вайна», для Вугоршчыны гэта, як яны лічаць, выгадны праект, бо яны разьлічваюць стаць мостам паміж рознымі лягерамі. На гэтым Будапэшт плянуе зарабляць эканамічна, напрыклад, прымаць пастаўкі расейскага газу.

Каб разьмясьціць кітайскі завод на сваёй тэрыторыі — іншыя краіны Эўропы падумаюць некалькі разоў. А Будапэшт з радасьцю запрашае кітайцаў да супрацоўніцтва.

Будапэшт лічыць, што гэта своеасаблівым чынам надае ім больш палітычнай вагі ў перамовах з Брусэлем. Ёсьць жаданьне прадэманстраваць Брусэлю, што, нягледзячы на ціск, Вугоршчына будзе рабіць у сваёй замежнай палітыцы тое, што хоча.

Зараз такі далікатны момант — адбываюцца перамовы пра дапамогу Ўкраіне і пра ўступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз. А Будапэшт пакуль эфэктыўна ўсё гэта блякуе. І ўлады Вугоршчыны хочуць паказаць, што яны не блефуюць, што яны маюць вельмі сур’ёзных партнэраў па-за межамі Эўразьвязу.

— «Літаральна празь месяц Вугоршчына стане на чале Эўразьвязу», — адзначыў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік. Як гэта можа паўплываць на яе «ўсходнюю» палітыку? Ці стане яна больш асьцярожнай у сваім супрацоўніцтве з аўтарытарнымі рэжымамі?

— Зараз Вугоршчына спрабуе крыху балянсаваць і разумее, як далёка яна можа зайсьці, а куды зайсьці ня можа. Той жа візыт Сіярта ў Менск — нашмат меней таксычны крок, чым быў бы ягоны візыт у Маскву.

Наконт старшынства Вугоршчыны ў Эўразьвязе ёсьць шмат сумневаў, ці будзе Будапэшт сапраўды ва ўсіх пытаньнях трымацца інтарэсаў агульнай Эўропы. Хутчэй за ўсё, будзе тое, што і цяпер — калі Будапэшт далёка не заўжды падтрымлівае агульную палітыку Эўразьвязу. Таму чакаецца, што падчас гэтага часовага старшынства Будапэшт будзе мець яшчэ больш магчымасьцяў сабатаваць агульныя працэсы.

— Алейнік адзначыў, што Беларусь прапаноўвае такія эканамічныя праекты, якія дазволяць Вугоршчыне выйсьці на рынкі Расеі і Эўразійскага Саюзу. Але таваразварот паміж Беларусьсю і Вугоршчынай апошнія гады асабліва істотна не расьце. Дык ці ёсьць у Вугоршчыны нейкія прыбыткі ад такой усходняй палітыкі, ці тут для іх справа не ў эканоміцы?

— Мяркую, нейкія эканамічныя выгоды ёсьць. Але калі разгледзець пытаньне, як далёка гатовая ў гэтым Вугоршчына зайсьці, то сам Сіярта ў Менску падкрэсьліў, што найперш будзе супрацоўніцтва ў тых сфэрах, якіх не закранулі санкцыі. То бок гэта вельмі абмежаваныя сфэры. Вугоршчына не гатовая адкрыта парушаць санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам.

Трэба нагадаць, што ўсе санкцыі ў Эўразьвязе ўводзяцца аднагалосна, і Вугоршчына за іх галасавала. Але варта адзначыць, што Будапэшт старанна спрабаваў іх усяляк зьмякчаць ці выключаць пэўных асобаў і прадпрыемствы з гэтых санкцыяў. Ён гэта і будзе працягваць рабіць, але пры гэтым вымушаны выконваць тыя санкцыі, пад якімі падпісаўся.

— Гэтая асаблівая палітыка Будапэшту, якая вельмі ярка праявілася пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, — наколькі яна пагоршыла адносіны Вугоршчыны з суседзямі па Эўразьвязе?

— Гэта вельмі моцна пагоршыла адносіны, асабліва з урадамі Чэхіі і Польшчы. Прытым менавіта з прычыны спрыяльнага стаўленьня Будапэшту да Расеі. Бо нават папярэдні кансэрватыўны ўрад Польшчы, які ідэалягічна быў падобны да ўраду Орбана, ня меў ніякіх праблемаў з унутранай палітыкай Орбана, зь ягонымі антыдэмакратычнымі крокамі. Але ўсё зьмянілася, пасьля таго як Орбан стаў адкрыта прарасейскім. І «Вышаградзкая чацьвёрка» фактычна развалілася праз такую палітыку Будапэшту.

— Дык ці прыносіць хоць якую карысьць Вугоршчыне гэтая прарасейская палітыка? Ці ўдаецца такім чынам шантажаваць Эўразьвяз, ці колькасьць праблемаў, якія спараджае такая палітыка, перавышае патэнцыйныя выгоды?

— Вугоршчына зрабіла свой доўгатэрміновы стратэгічны выбар. Відавочна, што пры ўладзе Орбана яна ня будзе лібэральна-дэмакратычнай краінай. Іхны разьлік на тое, што сытуацыя ў сьвеце зьменіцца, што ў ЗША прыйдзе да ўлады Дональд Трамп, і ў іх зьявіцца вялікі сусьветны партнэр.

Таксама яны мяркуюць, што Расея і Кітай не прайграюць вайну ва Ўкраіне. І таму ў далёкай пэрспэктыве Будапэшт зможа гандляваць і з Кітаем, і з Расеяй, і з ЗША. І Эўразьвязу нічога не застанецца, як зьмірыцца з гэтым.

Таксама ў Будапэшце разьлічваюць, што калі адносіны з Брусэлем пагоршацца настолькі, што Вугоршчына нейкім чынам выйдзе з Эўразьвязу, то будзе «Плян Б» — мець сваё месца ў сьвеце праз добрыя стасункі з Расеяй і ЗША. Орбан увесь час прапаноўвае сябе ў якасьці перамоўніка паміж Расеяй і Захадам.

— Ці варта разглядаць такія арыгінальныя вэрсіі, што Сіярта прыяжджае ў Менск, ня толькі прадстаўляючы Вугоршчыну, але і некаторыя іншыя палітыкі Эўразьвязу хацелі б, каб ён «прамацваў» погляды Менску і потым расказаў пра іх сваім эўрапейскім калегам?

— Я б не зьдзівілася, што іншым эўрапейскім міністрам замежных справаў было б цікава ведаць, што на самой справе думае Лукашэнка па тых ці іншых пытаньнях, ці пра што размаўлялі Пуцін і Лукашэнка. Але праблема ў тым, што і Пэтэру Сіярта канкрэтна, і ў цэлым Вугоршчыне зараз у Эўропе асабліва не давяраюць.

То бок можна паспрабаваць даць яму нейкае «заданьне». Але наўрад ці хтосьці ў Эўропе гатовы цалкам давяраць таму, як ён гэтае заданьне выканае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG