Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ісьляндыі зноў вывяржэньне вулькана, больш за тысячу людзей эвакуавалі


На паўднёвым захадзе Ісьляндыі, на паўвостраве Рэйк’янэс, пачалося вывяржэньне вулькана. Эвакуаваныя больш за тысячу людзей — жыхары гораду Грындавік і бліжэйшых паселішчаў, а таксама наведнікі папулярнага спа-курорта «Блакітная лягуна».

Фантаны распаленай лявы бʼюць на вышыню да 50 мэтраў над зямлёй. Даўжыня разлому, які ўтварыўся, — каля чатырох кілямэтраў.

Пачатку вывяржэньня папярэднічала сэрыя падземных штуршкоў. Сэйсмолягі папярэдзілі мясцовыя ўлады і экстранныя службы, і тыя пасьпелі загадзя вывезьці людзей. Большасьць эвакуаваных — каля 800 чалавек — былі гасьцямі курорта «Блакітная лягуна», вядомага сваімі геатэрмальнымі азёрамі і гарачымі гейзэрамі. Насельніцтва гораду Грындавік звычайна складае 3800 чалавек, аднак многія семʼі зьехалі з гораду пасьля пачатку сэрыі вывяржэньняў мінулай зімой і не вярнуліся ў яго.

Гэта ўжо пятае вывяржэньне ланцуга вульканаў на паўвостраве Рэйкʼянэс за апошнія паўгода. Першае адбылося 18 сьнежня 2023 году. Вывяржэньне было відаць нават са сталіцы Ісьляндыі Рэйкʼявіку, што за 40 кілямэтраў ад Грындавіку. Яно працягвалася некалькі дзён. Пасьля гэтага частка жыхароў Грындавіку вярнуліся ў свае дамы, іншыя засталіся ў больш бясьпечных месцах. З таго часу падземныя штуршкі і выхад лявы на паверхню здараюцца амаль кожны месяц. Вульканы Рэйкʼянэса — частка вульканічнага ланцуга Свартсэнгі, які актывізаваўся пасьля прыкладна 800 гадоў спакою.

У Ісьляндыі 33 дзейныя вульканы — больш, чым у любой іншай эўрапейскай краіне. Самым буйным за апошні час стала вывяржэньне вулькана Эйяфʼятляёкютль у 2010 годзе. Тады вулькан выкінуў вялізныя аблокі попелу, што на некалькі дзён паралізавала палёты над большай часткай Эўропы і прынесла шматмільярдныя страты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG