Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубракоў загадаў правесьці па ўсёй Беларусі вучэньні па рэагаваньні на «надзвычайную сытуацыю»


Іван Кубракоў. Ілюстрацыйны каляж
Іван Кубракоў. Ілюстрацыйны каляж

Правесьці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі тактыка-спэцыяльныя вучэньні па праверцы гатоўнасьці дзяржаўных органаў да «рэагаваньня і ўзаемадзеяньня ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі» распарадзіўся 29 траўня міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, адпаведны загад ён аддаў пасьля завяршэньня такіх вучэньняў на тэрыторыі сталічнага спарткомплексу «Чыжоўка-Арэна».

Заяўлена, што ўмовы трэніроўкі былі «максымальна набліжаныя да рэальных», сілавікі адпрацавалі альгарытмы рэагаваньня на «выяўленьне на пункце пропуску крыніцы радыяактыўнага выпраменьваньня, спробу прарыву КПП, пагрозу тэракту з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі і бесьпілётніка, захоп закладнікаў».

Паводле Кубракова, вырашана, што ў Менску, у кожным абласным і раённым цэнтры вызначаць «тэрарыстычна неабароненыя аб'екты», створаць на іх пашпарты і ў адпаведнасьці з гэтымі зьвесткамі пры ўзьнікненьні надзвычайнага здарэньня і «будуць выбудоўваць дзеяньні па абароне людзей і нэўтралізацыі тэрарыстаў».

Акрамя Кубракова, за вучэньнямі назіралі намесьнік міністра Дзьмітры Карзюк і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, «камандзіры спэцпадразьдзяленьняў, начальнікі абласных УУС і тэрытарыяльных органаў унутраных спраў». Каардынаваў трэніроўку начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб.

Як паведамлялася раней, трэніроўку праводзіла ГУУС Менгарвыканкаму сумесна зь Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях і «іншымі дзяржаўнымі органамі».

Відэаролік, які суправаджае паведамленьне, дазволіў зрабіць выснову, што гэтыя вучэньні — свайго роду рэакцыя на сакавіцкі тэракт у «Крокус Сіці Холе» ў Расеі.

Пасьля контратэрарыстычных вучэньняў на тэрыторыі менскага гандлёвага цэнтру Palazzo, якія завяршыліся ў ноч на 19 красавіка, Кубракоў анансаваў на травень «маштабныя вучэньні з прыцягненьнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG