Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі перагледзела нормы забесьпячэньня зброяй і боепрыпасамі асобных арганізацый і службаў. Дакумэнт, апублікаваны 25 траўня, сярод іншага, прадугледжвае павелічэньне нормаў для прыватнай ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс», заўважыў reform.by.
«ГардСэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная ахоўная кампанія з правам ужываньня службовай і цывільнай зброі. Яе ўзначальвае супрацоўнік службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі — Юры Альшэўскі.
У адпаведнасьці з новай пастановай МУС, павялічаныя нормы забесьпячэньня асобнымі тыпамі і мадэлямі баявой зброі «ГардСэрвіса» складаюць:
- 9-міліметровы пісталет Макарава — 100 адзінак (+ 60 адзінак да дзейных раней нормаў),
- пісталеты Glock-17, Glock-19, Glock-34 (распрацаваныя аднайменнай фірмай з Аўстрыі) калібру 9 мм — 50 адзінак (+30 адзінак),
- аўтаматы Калашнікава АК-74, АК-74Н, АКС-74, АКС-74У калібру 5,45 мм — 100 адзінак (+40 адзінак),
- аўтаматы АКМ, АКМС калібру 7,62 мм — 80 адзінак (+40 адзінак).
Акрамя гэтага, паводле нормаў забесьпячэньня, «ГардСэрвіс» валодае наступнымі тыпамі і мадэлямі баявой зброі (гэтыя нормы засталіся нязьменнымі):
- 30 снайпэрскіх вінтовак (ОРСИС Т-5000 калібру 7,62 мм — 20 адзінак, вінтоўкі калібра 8,6 мм — 10 адзінак).
- 90 пісталетаў розных відаў (40 пісталетаў ТТ калібру 7,62 мм, 10 пісталетаў ПСМ калібру 5,45 мм і 10 рэвальвераў сыстэмы Наган калібру 7,62 мм, па 5 адзінак пісталетаў МР-446 «Вікінг» калібру 9 мм, МР-448 «Скіф» калібру 9 мм, ПЯ калібру 9 мм, Caracal F калібру 9 мм, у тым ліку распрацаваныя заходнімі краінамі CZ-75 калібру 9 мм (Чэхія) і SIG-Sauer P226 калібру 9 мм (Нямеччына).
- 10 карабінаў (5 — калібру 7,62 мм і 5 — калібру 8,6 мм).
Адначасова для ТАА «ГардСэрвіс» зьмянілі нормы забесьпячэньня боепрыпасамі да асобных тыпаў і мадэляў баявой зброі. Гадавы выдатак патронаў для практычных стрэльбаў на аднаго чалавека павялічылі ў 1,5 раза, гадавы выдатак патронаў для праверкі бою ўсталявалі ў памеры 40 патронаў на адну адзінку ўсіх тыпаў баявой зброі. Незьніжальны запас патронаў на адзінку зброі паменшылі ў 4 разы для аўтаматаў да 30 патронаў, а для астатніх тыпаў зброі — удвая.
Пастановай таксама карэктуюцца нормы забесьпячэньня зброяй лясной аховы і службаў інкасацыі.
- Кампанія «Гардсэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная ахоўная арганізацыя, якая мае адмысловы дазвол на набыцьцё, захоўваньне і перадачу сваім супрацоўнікам зброі. Гэты дазвол кампанія атрымала дзякуючы ўказу Лукашэнкі, выдадзенаму ў чэрвені 2020 году.
- ТАА «ГардСэрвіс» зарэгістравана 21 лістапада 2019 году ў падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, «ГардСэрвіс» належыць недзяржаўным юрыдычным асобам і займаецца гарантаваньнем бясьпекі прыватных асобаў і маёмасьці. Вядома таксама, што «ГардСэрвіс» — не адзіная назва кампаніі. У дакумэнтах таксама фігуруе найменьне «БелСэк’юрыціГруп».
- У сакавіку 2024 году «ГардСэрвіс» узначаліў Юры Альшэўскі, які ўжо каля 20 гадоў служыць целаахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі.
- У лістападзе 2023 году BelPol апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што «Гардсэрвіс» мае цэлы арсэнал зброі і пры гэтым ахоўвае толькі двух чалавек — Віктара Шэймана і набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Пры гэтым грошы кампанія зарабляе праз сумнеўныя схемы перапродажу нерухомасьці, якую «Гардсэрвіс» бязвыплатна атрымаў ад дзяржавы.
Форум