Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вярнуўшыся з-пад Хэрсону, спаліў свой беларускі пашпарт». Беларус ідзе кандыдатам у Эўрапарлямэнт за Чэхію


Андрэй Паляшчук
Андрэй Паляшчук

Андрэй Паляшчук — у кандыдацкім сьпісе партыйнай кааліцыі STAN на выбарах у Эўрапарлямэнт. Ён кажа, што адчувае сябе і беларусам, і чэхам, але лічыць, што зараз «ад Беларусі засталася толькі назва».

Трыццацігадовы Андрэй Паляшчук пражыў у Беларусі няпоўных дзесяць год. Сам родам зь Пінску. У Чэхіі атрымаў юрыдычную адукацыю і грамадзянства. Калі зь ягоных родных мясьцінаў паляцелі ракеты на Ўкраіну, разгарнуў свой «інфармацыйны адпор». Яго канал у Твітэры (цяпер Х) з інфармацыяй пра Ўкраіну набыў імклівую папулярнасьць, на яго падпісаны і прэзыдэнт краіны Пэтр Павэл.

Андрэй Паляшчук уключаны ў кандыдацкі сьпіс партыйнай кааліцыі STAN (Старасты і незалежныя) на выбарах у Эўрапарлямэнт, якія адбудуцца 7–8 чэрвеня.

У кароткім інтэрвію Свабодзе Андрэй Паляшчук расказаў пра працэдуру абраньня ў заканадаўчы орган Эўразьвязу, а таксама пра сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі.

— Хто можа быць кандыдатам у дэпутаты Эўрапарлямэнту?

— Грамадзянін Эўразьвязу, якому споўнілася 18 гадоў. Можна вылучыцца нават індывідуальна, але больш шанцаў, канечне, калі чалавек ідзе ад сваёй партыі.

— Квота Чэхіі ў Эўрапарлямэнце — 21 месца. Усяго ад краіны балятуецца 675 кандыдатаў. Якія шанцы ў чалавека, што стаіць восьмым у партыйным сьпісе?

— Каб партыя атрымала дэпутацкае месца, яна павінна набраць як мінімум 5 працэнтаў галасоў на выбарах. Больш галасоў — больш дэпутатаў. Як правіла, дэпутатамі становяцца нумары адзін-два на чале сьпісу. Але ў Чэхіі дзейная практыка прэфэрэнцыйнага галасаваньня, так званага «кружкаваньня»: выбарца можа абвесьці ў бюлетэні кружком нумар любога кандыдата, які яму падабаецца, і тым самым даць яму прэфэрэнцыйны голас. Часам на чэскіх выбарах людзі дзякуючы гэтым «кружочкам» падымаюцца зь ніжэйшых пазыцый даволі высока і абіраюцца.

Кандыдаты STAN супольна пачынаюць выбарчую кампанію. Андрэй Паляшчук — трэці зьлева
Кандыдаты STAN супольна пачынаюць выбарчую кампанію. Андрэй Паляшчук — трэці зьлева

— Зь якой праграмай ідзе на выбары партыйная кааліцыя STAN?

— Наша праграма, лічу, самая падрабязная. Яна ахоплівае шмат аспэктаў: бясьпека, міграцыя, эканоміка, уздым рэгіёнаў. Мы за ўвядзеньне эўра ў Чэхіі. Мы таксама выступаем за адмену празьмерных рэгуляцый у Эўразьвязе.

— У выпадку вашага абраньня ці ня будзе ваша пазыцыя раздвойвацца з увагі на тое, што вы беларус?

— Я адчуваю сябе і беларусам, і чэхам. Але на выбарах я балятуюся ад Чэхіі, прадстаўляю Чэхію, яе народ, яе кіроўную партыю і яе палітыку.

— Будзеце выступаць за санкцыі супраць Беларусі?

— Падтрымліваў і падтрымліваю санкцыі і выступаю за іх узмацненьне. Нам ня трэба, каб празь Беларусь у Расею ішлі патокам тавары падвойнага прызначэньня. Трэба тут даціснуць. Калі стану эўрадэпутатам, буду ўздымаць і гэтае пытаньне.

— Беларускія грамадзяне крыўдзяцца на Эўразьвяз, на тую ж Чэхію за візавыя санкцыі, падкрэсьліваюць, што людзі і рэжым — не адно і тое ж.

— Паводле міжнароднага права Беларусь — краіна-суагрэсар, яна цалкам дапамагае Расеі ў вайне з Украінай. Гэта факт. А людзі думаюць, што яны ня маюць да гэтага дачыненьня. Так не бывае. Разумею, што тэма гэтая непапулярная, але трэба зьмірыцца, трэба зразумець лёгіку адказнасьці чалавека і краіны. Бо як мы потым будзем рабіць высновы і ўрокі з гэтай вайны?

Андрэй Паляшчук
Андрэй Паляшчук

— Паколькі вы родам з памежнага рэгіёну, вайна вас, відавочна, асабліва закранула і змабілізавала.

— Гэтая вайна працягваецца ўжо 10 год. Але калі пачалося поўнамаштабнае наступленьне, мой украінскі сябар Васіль адкрыў у Чэхіі фонд дапамогі, мы паехалі з гуманітарным грузам у Хмяльніцкую вобласьць. Гэта была вясна 22-га, я тады ўвогуле быў ва Ўкраіне першы раз. Потым мы вярталіся некалькі разоў, былі даволі блізка ад фронту, у Бахмуце, там было рэальнае адчуваньне вайны, было страшна. Погляд на гэтую вайну зблізку мяне настолькі ўразіў, што аднойчы, вярнуўшыся з-пад Херсону, я спаліў свой беларускі пашпарт.

— Навошта? Публічна?

— Не, проста пайшоў і ў двары спаліў. Я цьвёрда ўсьвядоміў, што не хачу мець нічога агульнага зь дзяржавай, якая прыгнятае свой народ, якая пайшла супраць братоў-украінцаў. Гэта дзяржава, якая мне не дала нічога, але забрала ўсё.

— Што вам дала Чэхія?

— Свабоду, адукацыю, пэрспэктыву. Хачу жыць і памерці тут.

— Як увогуле ваша сям’я тут апынулася?

— З канца дзевяностых мой бацька, як і многія беларусы, езьдзіў на заробкі. Потым перабралася ўся сям’я, мы пасяліліся ў невялікім горадзе ва ўсходняй Чэхіі.

— Былі нейкія прыціркі ў сувязі з вашым паходжаньнем?

— Мы даволі хутка навучыліся па-чэску. У школе, у гімназіі было нармальнае стаўленьне. Ня раз перажыў праявы чэскай салідарнасьці. Я толькі нядаўна скончыў унівэрсытэт у Оламаўцы. Адзін з маіх выкладчыкаў, напрыклад, даведаўшыся пра наш украінскі фонд, ахвяраваў для яго электрагенэратар.

— Калі вы зразумелі, што вы тут вядомы чалавек?

— Калі мяне пачалі пазнаваць у мэтро. Пра Ўкраіну, Майдан, Крым, дый Беларусь я пісаў на сацыяльных сетках даўно. Але з пачаткам вайны быў пэўны інфармацыйны хаос і голад. Я проста быў у рэсурсах, якіх чэскія журналісты ня ведалі. У самыя крытычныя дні ў мяне было да паўмільёна праглядаў. Але я спаў па дзьве гадзіны на суткі. Калі мяне тады запрасілі на запіс інтэрвію ў студыю, сам сябе з экрана не пазнаў, такія былі чорныя кругі пад вачыма.

— На вас сёньня майка з эмблемай палку Каліноўскага. Вы сустракаліся?

— Гэта з крамы каліноўцаў, на жаль, пакуль не было магчымасьці сустрэцца. Але буду рады зь імі сустрэцца як эўрадэпутат ці як просты грамадзянін. У мяне спадзяваньні, што яны могуць адыграць важную ролю ў вызваленьні Беларусі.

Андрэй Паляшчук
Андрэй Паляшчук

— Як вы ацэньваеце місію Сьвятланы Ціханоўскай?

— У Беларусі магла б быць жанчына-прэзыдэнтка. Магчыма, беларусы зноў абяруць Сьвятлану Ціханоўскую. Але лічу, што было памылкай у 2020-м не ісьці сілай. Лукашэнка ніколі добраахвотна ўладу не аддасьць, не прызнае сваю паразу. Паглядзіце, якой цаной ён за гэта плаціць: ад Беларусі засталася толькі назва.

— Як праходзіць ваша перадвыбарчая кампанія і ці могуць з вамі сустрэцца беларусы Чэхіі?

— Прайшло ўжо 12 дэбатаў з маім удзелам. Неўзабаве еду ва ўсходнюю Чэхію, мне блізкую. Потым будуць Брно, Зьлін, Оламаўц, Острава… Перад самымі выбарамі, 4 чэрвеня, будзе сустрэча ў Rock Café ў Празе, а 18-й гадзіне, запрашаю ўсіх зацікаўленых.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG