Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране апублікавалі першую справаздачу пра крушэньне верталёта з прэзыдэнтам


На месцы крушэньня верталёта з Раісі
На месцы крушэньня верталёта з Раісі

Ібрагім Раісі разьбіўся ў авіякатастрофе. Цяпер іранскія сілавікі падрыхтавалі першую справаздачу.

Адначасова з цырымоніяй пахаваньня прэзыдэнта Ірану Ібрагіма Раісі ў Мэшхэдзе Генэральны штаб узброеных сіл Ірану апублікаваў сваё першае паведамленьне аб крушэньні верталёта зь ім і ягонымі спадарожнікамі, піша Радыё Фарда.

У справаздачы сьцьвярджаецца: «У астатніх кампанэнтах разьбітага верталёта не было сьлядоў ад куль або падобных сьлядоў узьдзеяньня».

У паведамленьні Генэральнага штабу Ўзброеных сіл гаворыцца:

«Верталёт працягнуў рух па заплянаваным маршруце і не адышоў ад вызначанай траекторыі палёту, і прыкладна за паўтары хвіліны да аварыі верталёта пілёт зьвязваўся з двума іншымі верталётамі лётнай групы». Падазроных паводзінаў і размоў пры гэтым не было.

У справаздачы робіцца выснова, што верталёт загарэўся пасьля сутыкненьня з узвышшам.

Генэральны штаб узброеных сіл Ірану дадаў: «З прычыны складанай мясцовасьці, туману і нізкай тэмпэратуры выведная апэрацыя працягвалася ўсю ноч, а таксама рана раніцай у панядзелак з дапамогай бесьпілётных лятальных апаратаў».

Ібрагім Раісі, 8-ы прэзыдэнт Ісламскай Рэспублікі Іран, загінуў, вяртаючыся з цырымоніі адкрыцьця грэблі „Кіз-Каласі“. Верталёт пацярпеў авіякатастрофу ў раёне Варзган правінцыі Ўсходні Азэрбайджан. Ён і сем яго спадарожнікаў загінулі.

Перад катастрофай Раісі сустракаўся з кіраўніком Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.

Іран знаходзіцца пад жорсткімі міжнароднымі санкцыямі, якія ў тым ліку забараняюць пастаўкі ў краіну заходняй авіятэхнікі. Але Раісі пры гэтым лятаў на амэрыканскім верталёце. Верталёт Bell, на якім разьбіўся прэзыдэнт, пэўна, быў набыты ў абыход санкцыйнага рэжыму і ня мог праходзіць паўнавартасны аўтарызаваны тэхнічны кантроль.

У памяць аб Ібрагіму Раісі Рада Бясьпекі ААН зрабіла хвіліну маўчаньня. Таксама свае спачуваньні перадаў Эўразьвяз. Такая рэакцыя дыпляматаў выклікала пратэст з боку іранскай апазыцыі, якая лічыць Раісі вінаватым у масавых забойствах і катаваньнях пратэстоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG