Кіраўнік польскага вайсковага ведамства, якога цытуе RMF24, адзначыў, што «лепш было прыняць гэтае рашэньне два гады таму, але ніколі ня позна рабіць добрыя рэчы». Паводле яго, было вырашана падрыхтаваць плян нацыянальнай абароны «Шчыт Усход», у рамках якога «на мяжы будуць сабраныя найноўшыя фартыфікацыйныя тэхналёгіі».
«Гэта будуць ня проста жалезабэтонныя вожыкі ці палісады (высокая абарончая сьцяна. — РС), ня проста набор тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, — растлумачыў міністар. — Гэта будзе назіраньне, усёабдымны маніторынг, выведка і абарона ад бесьпілётнікаў. Усе гэтыя найноўшыя сыстэмы будуць разьмешчаныя на 400 кілямэтрах нашай мяжы, асабліва зь Беларусьсю і Расеяй».
Касіняк-Камыш адзначыў, што спробы перасячэньня польска-беларускай мяжы «сёньня вельмі арганізаваныя», а групы мігрантаў становяцца ўсё больш шматлікімі. На 19 траўня Польшча зафіксавала 14 тысяч спробаў перасячэньня польска-беларускай мяжы, што на 46% больш, чым летась, адзначыў міністар.
Чыноўнік расказаў, што цяпер за ахову мяжы адказваюць 5,5 тысячы вайскоўцаў, але, паводле яго, фінансаваньне Падляскай вайскова-апэратыўнай групы, якая ахоўвае мяжу зь Беларусьсю, будзе павялічанае. Сёлета на фінансаваньне гэтай групы зь бюджэту Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы выдзеляць 850 млн злотых (каля 216,6 млн даляраў). Для параўнаньня: за аналягічны пэрыяд летась фінансаваньне складала 500 млн злотых.
«Мы ўзмацняем гэтую ініцыятыву і гатовыя нарасьціць вайсковую прысутнасьць на польска-беларускай мяжы. І паліцыя, і памежнікі будуць забясьпечаныя яшчэ больш якаснай тэхнікай», — падсумаваў Касіняк-Камыш.
18 траўня прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ўрад Польшчы выдзяляе 10 млрд злотых (2,54 млрд даляраў) у рамках новай праграмы «Шчыт Усход» на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй.
Форум