Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась па матэрыялах КДК у Беларусі завялі 80 спраў за «фінансаваньне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Людзі ў камізэльках з надпісам «Фінансавая міліцыя»
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Людзі ў камізэльках з надпісам «Фінансавая міліцыя»

Па матэрыялах органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту Дзяржкантролю Беларусі ў 2023 годзе завялі 80 крымінальных спраў за «фінансаваньне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», заявіў старшыня КДК Васіль Герасімаў на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі.

Адпраўнікаў і атрымальнікаў грошай вызначылі, сьцьвярджае ён.

Паводле Герасімава, каб спыніць «каналы фінансаваньня экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», ведамства летась засяродзілася на аналізе абарачэньня крыптавалютаў і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сыстэм і сацыяльных сетак.

У 2022 годзе паводле матэрыялаў КДК завялі амаль у 8 разоў менш крымінальных спраў «аб фінансаваньні экстрэмізму і тэрарызму» — усяго 11.

Акрамя таго, органы КДК у 2023 годзе нібыта выявілі «некалькі дзясяткаў прыватных кампаній», уласьнікі, кіраўнікі і супрацоўнікі якіх «бралі актыўны ўдзел у разгойдваньні сацыяльна-палітычнай абстаноўкі» ў Беларусі, заявіў Герасімаў. Паводле яго, па выніках завялі 42 крымінальныя справы.

Сярод іншых вынікаў працы КДК за 2023 год, Васіль Герасімаў пахваліўся тым, што:

  • у 2023-ым КДК нібыта выявіў 118 карупцыйных злачынстваў у эканамічнай сфэры, па фактах неабгрунтаванага пасярэдніцтва — 106;
  • летась ведамства праверыла больш за 1100 гандлёвых аб’ектаў і «за грубыя парушэньні» прыпыніла працу 53 зь іх;
  • у рамках «навядзеньня парадку на мяса-малочным рынку» на патрабаваньне КДК з рэестру перапрацоўнікаў мясной прадукцыі выключылі 41 арганізацыю, працу яшчэ 12 абʼектаў прыпынілі да поўнай ліквідацыі парушэньняў;
  • КДК праверыў апэратараў мабільнай сувязі і прыйшоў да высновы, што яны фармуюць цэны на паслугі «зь перавышэньнем разумнай даходнасьці», атрымліваючы «практычна неабмежаваны прыбытак», і не забясьпечваюць пры гэтым «належную якасьць паслуг сувязі». Прапановы аб «упарадкаваньні дзейнасьці апэратараў» унесьлі на разгляд Лукашэнку, і той нібыта іх падтрымаў і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG