Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску выступіў расейскі гісторык, які «разьвянчаў міт» пра Аршанскую бітву. Але ёсьць нюанс


Аляксей Лобін і Вадзім Гігін
Аляксей Лобін і Вадзім Гігін

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін пахваліўся ў сваім тэлеграм-канале сустрэчай з расейскім гісторыкам Аляксеем Лобіным. Ён выступаў у Менску на фэстывалі «Лічбавая гісторыя».

Лобін — кандыдат гістарычных навук, працуе ў «Палацы кангрэсаў», які належыць Упраўленьню справамі прэзыдэнта РФ. У Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску ён выступіў зь лекцыяй «Бітва пад Воршай: узважаны погляд».

«Гэта менавіта ён даказаў, што не было пад Воршай ні „30 тысяч літвінаў“, ні „80 тысяч маскавітаў“, а з кожнага боку змагалася прыкладна 11-13 тысяч чалавек. Як даказаў? Проста вывучаў дакумэнты, а ня плёў казкі, якія паўтараюць прапаганду XVI стагодзьдзя», — напісаў Гігін.

Лобін сапраўды зьўяляецца аўтарам манаграфіі «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 году». Аднак, як расказаў яшчэ у 2019 годзе беларускі дасьледчык Аршанскай бітвы Алесь Казакоў, у ёй ёсьць і памылковыя высновы.

«На думку гісторыка Лобіна, беларусам няма чаго сьвяткаваць 8 верасьня, бо войска на 2/3 складалася з палякаў. Але на самой справе мінімум палову войска складалі акурат ваяры Вялікага Княства. А хутчэй за ўсё, войска ўласна ВКЛ колькасна пераважала», — расказаў «Свабодзе» Казакоў.

Аляксей Лобін, паводле беларускага гісторыка, стварае і новы міт наконт стратаў. Ён спасылаецца на рэестры маскоўскіх палонных у ВКЛ і сьцьвярджае, што страты Масквы нязначныя. У рэестрах згадваецца 200 палонных.

«Але ёсьць іншыя крыніцы, дзе згадваецца пра 380 палонных, якіх прывялі да караля. Дадаецца, што невядомую іх колькасьць шляхта расхапала і потым разьвезла па сваіх маёнтках, не дэкляруючы гетману. Можна меркаваць, што ў рэестры трапіла меншая частка палонных. Бо ў асноўным у тых сьпісах можна пабачыць набілітэт — баярскіх дзяцей. Ёсьць яшчэ адно ўскоснае сьведчаньне вялікіх стратаў Масквы. Гэта тое, што ў палон трапіла большая частка ваяводаў — маскоўскіх камандзіраў. Якім чынам войска магло ў асноўным выратавацца, а большая частка камандзіраў апынуцца ў палоне? Пытаньне рытарычнае», — казаў у 2019 годзе Казакоў.

Беларускі гісторык пагаджаецца, што страты маскоўскага войска былі значна меншыя, чым прынята было доўгі час лічыць. Тым ня менш, Аршанская бітва, на яго думку, усё роўна застаецца вялікай з гледзішча шэрагу фактараў.

«І ў нас дастаткова нагодаў, каб упісваць яе ў топ-10 падзеяў у вайсковай гісторыі Беларусі. У кожным разе гэта была выдатная перамога. І ня важна, колькі было масквітаў. Яна скончылася вельмі яскравым вынікам — катастрафічным паражэньнем аднаго з войскаў. У польска-літоўскай пісьмовай традыцыі толькі тры бітвы называюцца „вялікімі“. Гэта Ворскла, Грунвальд і Ворша», — лічыць Аляксандар Казакоў.

На фэстывалі «Лічбавая гісторыя» ў Менску выступаюць таксама і іншыя госьці з Расеі. Напрыклад, дасьледчык Аляксандар Дзюкаў прачытаў лекцыю пра Кастуся Каліноўскага. Ужо некалькі гадоў Дзюкаў спрабуе даказаць, што Каліноўскі ня мае дачыненьня да гісторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG