Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць сумневы, што на выбарах у КР прагаласуюць хаця б дзясяткі тысяч людзей», — аналітык Мажэйка


Каардынацыйная рада, архіўнае фота
Каардынацыйная рада, архіўнае фота

Палітычны аналітык, каардынатар майстэрні думак «Наша візія» Вадзім Мажэйка аналізуе кампанію выбараў у Каардынацыйную раду.

Сярод іншага ён разважае, ці зможа КР павялічыць свае паўнамоцтвы і ці ёсьць у гэтым сэнс, і адзначае, што менскі рэжым, рэагуючы толькі рэпрэсіямі, адвучыўся гуляць з палітычнымі апанэнтамі тонка.

Сьцісла:

  • Да дня галасаваньня застаўся тыдзень, але канчатковай пэўнасьці наконт арганізацыі выбарчага працэсу няма.
  • КР будзе прадстаўляць ужо нават не грамадзянскую супольнасьць, а толькі дэмакратычныя сілы за мяжой і дыяспару.
  • КР ня можа зьяўляцца органам «заканадаўчай улады», ня можа прымаць законы, абавязковыя для беларусаў.
  • У рэжыму зараз няма ідэяў і жаданьня гуляць больш тонка, напрыклад стварыць нейкі свой сьпіс кандыдатаў у КР. Рэжым рэагуе досыць груба.

— Як ідзе працэс выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду, якія асноўныя рысы варта адзначыць?

— Сам факт гэтай кампаніі хутчэй станоўчы. Бо заўсёды лепей, калі выбары адбываюцца і ажыўляюць палітычную сцэну.

Аднак калі паглядзець на тое, калі і як гэта адбываецца, то трэба адзначыць: варта было праводзіць гэтыя выбары раней, у лютым, паралельна з выбарамі ў Беларусі. Я ды іншыя аналітыкі пра гэта казалі. Бо ў выніку ўсе тэрміны паўнамоцтваў папярэдняга складу КР даўно прайшлі, што не дадало павагі да гэтага працэсу.

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Часам працэс выбараў мне нагадвае спрэчкі пра гендэрныя квоты, якія зрабіліся ў пэўны момант ледзь не галоўнай тэмай КР. Пры тым, што дыскусія вялася ўжо даўно — якая сыстэма галасаваньня, як можа адбывацца сам працэс удзелу ў галасаваньні і гэтак далей.

Зараз да дня галасаваньня засталося меней за 10 дзён, але канчатковай пэўнасьці няма. Наколькі плятформа для галасаваньня будзе зразумелай людзям? Чамусьці адышлі ад плятформы «Голас», якая карысталася даверам мільёнаў беларусаў. У выніку галасаваць будуць толькі тыя, у каго ёсьць смартфоны, тыя, хто спампуюць аплікацыю і разьбяруцца, як зь ёй працаваць, у каго будзе на руках беларускі пашпарт.

Усё гэта вельмі скарачае колькасьць патэнцыйных удзельнікаў галасаваньня. Створаны выбарчы камітэт займаўся хутчэй нейкімі бюракратычнымі прыдзіркамі, кшталту ці можа спадарыня Коўшык ужываць сваё кароткае прозьвішча, якім яна карыстаецца публічна. А самыя прынцыповыя пытаньні — якім чынам трэба галасаваць — доўга не маглі вырашыць.

— Як пасьля выбараў будзе выглядаць статус і паўнамоцтвы КР? Ці сама Рада будзе вызначаць гэта, ці гэта ўсё ж у руках Сьвятланы Ціханоўскай?

— Сапраўды, варта нагадаць, што Каардынацыйная рада была створана ў 2020 годзе з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай дзеля пераадоленьня палітычнага крызісу, што было актуальна для 2020 году. Далей мы назіралі спробы КР шукаць сваё месца ў палітычным спэктры. Яна перажыла эвалюцыю ў бок прадстаўнічага органа дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці.

Цяпер, з улікам таго, як арганізаваныя выбары, ёсьць сумневы наконт таго, што прагаласуюць хаця б дзясяткі тысяч людзей. Таму КР прыйдзецца зразумець, што яна будзе прадстаўляюць ужо нават не грамадзянскую супольнасьць, а толькі дэмакратычныя сілы за мяжой і дыяспару.

І, вядома, аб’ём паўнамоцтваў тут будзе адпаведны. Наўрад ці хто падтрымае наданьне большых паўнамоцтваў органу, якія мае даволі малую рэпрэзэнтатыўнасьць. Навошта даваць больш паўнамоцтваў тым, хто і з малой задачай арганізацыі выбараў ня здолеў якасна справіцца?

Я, напрыклад, зраблю ўсё, каб прагаласаваць, і як аналітык магу сказаць, што гэта вельмі важна, каб людзі ўдзельнічалі ў выбарчых працэсах. Аднак на сёньня няма пэўнасьці, што прагаласуе шмат людзей. У такім выпадку і паўнамоцтвы гэтага органа мусяць быць адпаведнымі.

— Ці няма супярэчнасьці ў тым, што сярод кандыдатаў у тых блёкаў, якія ідуць на выбары, ёсьць прадстаўнікі Пераходнага кабінэту і офісу Сьвятланы Ціханоўскай? Ці ня ёсьць гэта парушэньнем прынцыпу «падзелу ўлады»?

— У розных эўрапейскіх краінаў ёсьць розныя падыходы да гэтага. У некаторых міністры зьяўляюцца сябрамі партыяў і дэпутатамі. Таму прынцыповай праблемы тут няма, можна прымаць розныя мадэлі. Але я б зьвярнуў увагу на нашу беларускую спэцыфіку, бо ў традыцыйных тэрмінах досыць складана апісваць нашу рэчаіснасьць.

КР ня можа зьяўляцца органам «заканадаўчай улады», яна ня можа прымаць законы, абавязковыя для беларусаў у Беларусі ці па-за яе межамі. Будзе даволі сьмешна, калі КР паспрабуе выдаваць нейкія законы ці строгія правілы для грамадзкіх арганізацыяў.

Калі згадаць, напрыклад, блёк Дабравольскага, то калі б Сьвятлана Ціханоўская штодня заяўляла, што яна падтрымлівае менавіта гэты блёк, то гэта выглядала б ня надта прыгожа і справядліва. Але мы нічога такога не назіраем. І сам факт таго, што Дабравольскі, чалавек з такой багатай палітычнай біяграфіяй, ідзе ў КР, то я б сказаў, што гэта станоўчы факт, што ў КР ідуць самыя розныя людзі.

Гэта хутчэй добры сыгнал, бо вельмі важна, каб была нейкая канструктыўная ўвага да КР. І тут галоўную ролю можа выканаць сама Рада, калі зробіць акцэнт не на дробязях ці ўнутраных спрэчках, а на нейкай канструктыўнай дзейнасьці.

— На фоне таго, што нават у дэмакратычнай супольнасьці шмат гавораць, што КР ня можа нічога вырашаць, улады ў Беларусі тым часам рэагуюць на працэс выбараў у КР даволі рэзка, ад прапагандыстаў да сілавікоў, павялічваючы пагрозы і рэпрэсіі. Чым гэта можна патлумачыць?

— Рэпрэсіі ўзмацняюцца па самых розных кірунках. Тут няма такога, што толькі КР Лукашэнку нэрвуе — не, гэта ўпісваецца ў агульную палітыку рэпрэсіяў.

У лукашэнкаўскага рэжыму зараз няма ідэяў і жаданьня гуляць больш тонка, напрыклад стварыць нейкі свой сьпіс кандыдатаў у КР. У такія рэчы рэжым зараз не гуляе, а рэагуе досыць груба.

Але важна не рабіць з рэпрэсіяў нейкую лякмусавую паперку. Маўляў, некаторыя сьпісы кандыдатаў у КР прызналі экстрэмісцкімі, а некаторыя — не. Ня варта з гэтага рабіць высновы, што тыя, каго прызналі — найлепшыя на сьвеце, а каго (пакуль) не прызналі — нейкія падазроныя. Ня трэба даваць такі інструмэнт «ацэнкі» ў рукі рэжыму, бо тады такім спосабам рэжым атрымае магчымасьць маніпуляваць і ўплываць на грамадзянскую супольнасьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG