Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» гаворыць Аляксандар Кухта, сьвятар Праваслаўнай царквы Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
- Традыцыі могуць адрозьнівацца, але галоўнае правіла паводзінаў на могілках — трэба заставацца людзьмі.
- Мы верым, што ў Госпада Бога няма памерлых. Дзесяць дзён таму быў Вялікдзень, мы яго адсьвяткавалі ў коле нашых родных і блізкіх людзей, а цяпер гэтую велікодную радасьць панесьлі да тых, каго з намі няма.
- Адна з галоўных мэтаў сустрэчаў на могілках — мы ўспамінаем пра любоў паміж намі і памерлымі блізкімі, а таксама паміж жывымі.
- Я, як і многія іншыя беларусы, не магу сёлета паехаць на Радзіму. Я зразумеў, што маю два спосабы, як у гэты дзень і ў іншыя дні ўшаноўваць блізкіх людзей. Першае — гэта добрыя справы, якія я раблю, памятаючы пра маіх блізкіх. Другое — гэта малітва за іх, няважна дзе: у храме, дома, на працы.
- Галоўная прычына, чаму я вырашыў сысьці зь Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы, — крызіс, які абвастрыўся ў Беларусі пасьля 2020 году і асабліва пасьля таго, як афіцыйныя царкоўныя ўлады падтрымалі вайну. Я не знайшоў сабе месца ў гэтай сыстэме.
- У беларускай царкве цяпер ёсьць вялікая трагедыя. Яна ў тым, што царкоўнае кіраўніцтва чым далей, тым больш забываецца пра Хрыста і абслугоўвае прапаганду Лукашэнкі. Яны ўсё больш нагадваюць тых кітайскіх малпаў, якія закрываюць вушы, вочы і вусны, каб ня чуць, ня бачыць і нічога не казаць. Калі царква перастае служыць Хрысту, яна робіцца бессэнсоўнай.
- Царква ў Беларусі даволі вялікая — гэта шмат вернікаў і тысячы сьвятароў. Сьвятары — гэта грамадзяне Беларусі, якія ходзяць па тых самых вуліцах, глядзяць тыя самыя тэлеканалы ці чытаюць тыя самыя незалежныя СМІ ў інтэрнэце. Я думаю, што калі мы возьмем 100 выпадковых людзей у Беларусі і 100 выпадковых сьвятароў, спытаемся ў іх пра падзеі апошніх гадоў, дык мы атрымаем прыблізна аднолькавую разьбіўку адказаў. Там будуць і тыя, хто любіць Расею і падтрымлівае вайну, і тыя, хто гэтага не падтрымлівае, і вялікі адсотак «мая хата з краю».
- Я бачу мітрапаліта Веніяміна як добрага манаха, які не на сваім месцы. Ён разумее сытуацыю, але яму страшна, бо на яго ціснуць і з адміністрацыі Лукашэнкі, і з Масквы. Гэта ягоная трагедыя.
- У сучасным сьвеце герархі царквы — гэта таксама палітыкі. Яны павінны мець мудрасьць і здольнасьць трымаць дыстанцыю паміж царквой і дзяржавай. Бо дзяржава імкнецца выкарыстоўваць царкву, каб легітымізаваць свае дзеяньні. А мы ведаем, што цяперашнія дзеяньні рэжыму Лукашэнкі цяжка назваць хрысьціянскімі.
- Папярэдні мітрапаліт Павал разумеў, што «атачэньне робіць караля». Таму вакол яго былі людзі, якія маглі трымаць гэтую дыстанцыю ад дзяржавы. Я не хацеў бы называць іх імёнаў, бо шмат хто зь іх застаўся ў Беларусі, але калі зьмяніўся мітрапаліт, яны страцілі свае пасады.
- 10 гадоў таму айцец Фёдар Поўны [якога называюць духоўнікам Лукашэнкі. — РС] здаваўся моцнай фігурай, ад яго ішло пачуцьцё ўлады. Але калі я паглядзеў невялікі кавалачак ягонага выступу перад 9 траўня, я ўбачыў чалавека, якому не пазайздросьціш, пэўна зломленага.
- Царкоўная незалежнасьць працуе як незалежнасьць любой краіны. Калі людзі не разумеюць, навошта яна патрэбная, дык яна ніякай карысьці не прыносіць. Але калі людзі пачынаюць браць на сябе адказнасьць за сваю краіну ці за сваю царкву і калі яны разумеюць, для чаго ім гэтая незалежнасьць патрэбная, тады гэта працуе.
- Гістарычна тэрыторыя Беларусі і нават невялікая частка тэрыторыі цяперашняй Расеі належала да Канстантынопальскага патрыярхату. Канстантынопаль пра гэта памятае. Зразумела, што зараз гэта немагчыма, бо ў Беларусі ўлада Лукашэнкі, але мы ня ведаем, што будзе праз 10 гадоў.
- Калі Канстантынопаль вернецца на тэрыторыю Беларусі, дык у краіне могуць быць дзьве легітымныя праваслаўныя царквы — Расейская і Канстантынопальская. Гэта таксама добра, таму што будзе нармальная здаровая канкурэнцыя. Амаль усе беларускія сьвятары ведаюць пра такую магчымасьць. І мне здаецца, што сярод іх даволі вялікі адсотак тых, хто быў бы ня супраць, каб Канстантынопаль прыйшоў у Беларусь.
- Апостал Павал казаў, што самае галоўнае ў хрысьціянстве — уваскрэсеньне Хрыстова, а калі гэта няпраўда, дык нічога ня мае сэнсу — ні Радаўніца, ні што іншае. А калі ўваскрос, дык давайце будзем разам гэтаму радавацца. Хрыстос уваскрос!
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум