Сума сёлетняга збору для дзяцей палітзьняволеных беларусаў, які разам з партнэрамі абвесьціў фонд BySol, складае 20 тысяч эўра. Зь іх сабралі ўжо крыху больш за палову. Як расказаў Свабодзе заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак, ад бацькоў паступіла 188 заявак. Заяўкі прымалі як ад тых, хто знаходзіцца за мяжой, так і ад тых, хто застаецца ў Беларусі. Плянуецца, што кожнае дзіця атрымае да 1 чэрвеня 100 эўра.
Андрэй Стрыжак кажа, што бацькі самі будуць вырашаць, на што менавіта накіраваць гэтыя грошы. Частка заявак ужо закрытая, фонд атрымаў словы падзякі ад бацькоў. Некаторыя сем’і, якія даслалі заяўкі, шматдзетныя.
Па словах прадстаўніка фонду, бацькі справаздачацца аб тым, якім чынам зьбіраюцца патраціць дапамогу. Некаторыя купяць дзецям купальнікі і цацкі для гульні на сьвежым паветры, футбольную форму для сына, самакаты, арганізуюць паход у аквапарк, выезды на прыроду, у летнік і на мора.
«Частка сем’яў, якія падавалі заяўкі, у Беларусі. Гэта абавязвае нас дбаць пра іх бясьпеку. Ды і многія людзі пабойваюцца зьвяртацца ў фонды пасьля аблавы, якую зрабілі органы на пачатку году (маецца на ўвазе „справа IneedHelpBY“, калі пад перасьлед трапілі людзі, якія атрымлівалі прадуктовыя наборы. — РС). Але мы пакуль працуем з такімі пратаколамі, якія дазваляюць нам захаваць бясьпеку», — зазначыў Стрыжак.
Па яго словах, пачынаючы ад 2020-га, штогод кампанія збору дапамогі дзецям палітычных зьняволеных атрымлівала каля 200-250 заявак. Стрыжак кажа, што цяперашнія ахвяраваньні нельга параўноўваць з хваляй салідарнасьці ў 2020-м. Тады яна была магутнай, эмацыйнай і ахвяраваць грошы можна было зь Беларусі. Але калі параўноўваць зь мінулым 2023 годам, то можна ўбачыць, што беларуская салідарнасьць трывае і нікуды ня зьнікла.
«Каб быў вынік, трэба прыкладаць намаганьні. Мы ўвесь час працуем над тым, каб наша сыстэма дапамогі разьвівалася. Таму скажу так: каб былі данаты, нам трэба больш працаваць. І каб, вядома, быць у фокусе, бо многія падзеі ў сьвеце моцна перабіваюць наш парадак дня. Гэта ўсё патрабуе высілкаў», — дадаў заснавальнік фонду.
Акцыя дапамогі дзецям палітвязьняў (як тых, хто цяпер у зьняволеньні, так і былых) сёлета праводзіцца фондам BySol у кааліцыі з фондамі ByHelp, «Краіна для жыцьця», Dissidenty.by, ABA — асацыяцыяй беларусаў ЗША і ABBA — асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой. Таксама да праекту далучыліся беларусы Даніі. Праект мае назву «Хуткая гуманітарная дапамога».
Форум