Згодна з плянам мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі і «інтэрактыўнай пляцоўкі» «Патрыёт» сьвяткаваньне 9 Траўня ў садках і школах у розных формах (віктарыны, экскурсіі, конкурсы) заплянаванае з сакавіка па канец траўня. Сярод самых адметных і агульных для ўсіх падзей — дыктоўка на тэму 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі з цытаваньнем Аляксандра Лукашэнкі і прамова ягонага «духоўніка» Фёдара Поўнага, які кажа, што «русский солдат» ваюе сёньня і за вас, хутка пераможа нацызм і прыйдзе ў вашы школы.
Хто не ўступіў у піянэры і БРСМ, тых да сьвятаў асабліва не прыцягваюць
У Кацярыны (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя з пытаньняў бясьпекі. — РС) дачка вучыцца ў пятай клясе. Жанчына кажа, што ім удалося «адбіцца» ад уступленьня ў піянэры. І дадае, што такіх дзяцей у клясе ды і ў школе адзінкі.
«Калі 7 траўня ўся кляса пайшла віншаваць удзельніка вайны ў рамках „Акцыі пад бальконам вэтэрана“, то Соф’ю не ўзялі, бо яна не піянэрка. Акцыю здымалі мясцовыя дзяржаўныя СМІ. Мусіць, настаўніцы не хацелася „сьвяціць“ маю дачку без чырвона-зялёнага гальштука. Можа, настаўніца баялася, што пытаньні будуць і да яе — чаму не 100% дзяцей у піянэрах», — апавядае Кацярына.
Яна адзначае, што дачка не пакрыўдзілася і не шкадуе, што не зьяўляецца піянэркай. Суразмоўца дадае, што ў горадзе напярэдадні 9 Траўня вельмі шмат дзяцей ходзіць у вайсковай форме і з муляжамі аўтаматаў.
«Я ведаю пра стварэньне вайскова-патрыятычных клясаў. Але сёлета дзяцей у форме ў горадзе неяк вельмі шмат. Яшчэ і старшаклясьнікі з муляжамі зброі», — кажа беларуска.
Па словах суразмоўцы, сёлета ў ейным горадзе заплянавалі на 9 Траўня шэсьце — з вайсковай тэхнікай, працоўнымі калектывамі і гэтак далей.
«Ведаю, што школьнікаў пагалоўна павядуць на яго. Ці на сам парад, ці стаяць на варце каля помнікаў — у нас жа іх шмат», — кажа Кацярына.
Беларуска Марына зьдзіўляецца пытаньням пра 9 Траўня. Кажа, што яна і дзеці-школьнікі прывыклі, што цяпер адзначэньне гэтай даты цягнецца ў школах цэлы год.
«Пачынаецца зь верасьня — Дзень гораду Гомля, яго вызваленьня, значыць, зноў „вайна і немцы“. Потым падцягваюць „генацыд народу“, экскурсіі на ваенныя мэмарыялы і так далей. Потым 23 лютага — зноў вайна, потым — Дзень Канстытуцыі, 22 сакавіка — памяць Хатыні, і з канца сакавіка пачынаецца шэраг мерапрыемстваў да 9 траўня», — тлумачыць Марына.
Яе дзеці ходзяць у школу і каледж. Марына зазначыла, што сына ў каледжы не прыцягвалі сёлета да 9 Траўня, бо ён не ў БРСМ.
«Астатнія, ведаю, і на парад, і на варту стаяць пойдуць», — дадала яна.
«Вайна і генацыд»
На сайце так званага патрыятычнага выхаваньня, які створаны на базе Рэспубліканскага цэнтру экалёгіі і краязнаўства, процьма матэрыялаў да 9 Траўня.
Адзначэньне Дня Перамогі ў школах пачалі ў сакавіку-красавіку. 20 красавіка ў Германавіцкай школе (Шаркаўшчынскі раён) прайшоў «гістарычны экскурс „Я з вогненнай вёскі“».
30 красавіка ў Бабруйскім гандлёва-эканамічным каледжы адбыўся конкурс «Угадай мэлёдыю» на тэму «Песьні, апаленыя вайной». У гэты ж дзень у Гарадоцкім раёне (Віцебская вобласьць) адкрылі «Вахту памяці». Працягнецца сьвяткаваньне і пасьля 9 траўня. Напрыклад, у данілавіцкай школе (Пастаўскі раён) 11 траўня школьнікі правядуць конкурс «А песьні таксама ваявалі», 21 траўня ў Расонскім раёне пройдзе акцыя «Дзякуй за перамогу».
Трэцяга траўня па ўсёй краіне вучні пісалі дыктоўку «Я раскажу пра Перамогу».
Як паведамляла выданьне «Флагшток», у тэкст для дыктоўкі чыноўнікі ўпісалі цытаты Лукашэнкі пра тое, што трэба памятаць подзьвіг і не забываць. Актыўна адзначаюць 9 Траўня сёлета і ў дзіцячых садках. У сацыяльных сетках такіх установаў сотні здымкаў дзяцей у вайсковай форме, як хлопчыкаў, так і дзяўчатак.
«„Русский солдат“ ваюе і за вас»
Чыноўнікі ад адукацыі выдалі сёлета мэтадычныя рэкамэндацыі пра правядзеньні Адзінага ўроку, прысьвечанага сьвяткаваньню 9 Траўня. Апроч выхаваньня патрыятызму, гонару за гераічную мінуўшчыну Радзімы, гатоўнасьці служыць, там прапаноўваецца скарыстацца расейскай прапагандай, падрыхтаванай да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».
Каб данесьці да малодшых школьнікаў ідэі аб гераізьме «русского солдата», настаўнікам прапаноўваюць паглядзець разам з дзецьмі і абмеркаваць фільм «Лошадка для героя».
Фільм быў створаны ў Расеі як прапаганда «СВО» і пераўтварыўся ў цэлы «дабрачынны праект». Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён праводзіцца «ў межах сыстэмы выхаваньня „Кінаўрокі ў школах Расеі і сьвету“ праекту „Пра будучыню“, а таксама з мэтай умацаваньня баявога духу воінаў — абаронцаў Расеі, байцоў „спэцыяльнай ваеннай апэрацыі“, клопату пра вэтэранаў». Беларускім дзецям 1-4 клясаў прапаноўваецца паглядзець кіно і абмеркаваць, што такое гераізм, дзе ягоныя вытокі, зь якіх гадоў можна стаць героем. Пад канец малодшым школьнікам прапануюць зрабіць з паперы «голуба міру».
Школьнікам сёлета прапануюць паглядзець на Адзіным уроку і выступленьне сьвятара Фёдара Поўнага, якога называюць «духоўнікам Лукашэнкі».
Запіс ужо дасяжны ў сеціве. На ім Поўны пачынае прамову зь віншаваньня зь Вялікаднём, тут жа зьвязвае рэлігійнае сьвята з перамогай 9 траўня 1945 году. Ён запэўнівае дзяцей, што ў 1945 годзе Ёсіф Сталін дазволіў сьвяткаваць Вялікдзень, які прыпадаў на 6 траўня, адчыніў цэрквы і даў загад у тэрміновым парадку хлебазаводам выпякаць «куличи».
Поўны таксама праводзіць аналёгіі зь сёньняшнім днём. Маўляў, і Вялікдзень прыпаў на 5 траўня, і перамога — на 9-га.
«„Русский солдат“, як і тады, ваюе і за наш мір, і за нашы храмы, за нашых блізкіх, за тое, што мы ў сукупнасьці называем Бацькаўшчынай. Хлопцы добраахвотна ідуць на фронт, у сырыя акопы, таму што ў іх дзяды ваявалі, і ўнукі ня сьмеюць іх ганьбіць», — кажа сьвятар.
Форум