Парлямэнт Шатляндыі прызначыў новага лідэра Шатляндзкай нацыянальнай партыі (SNP) Джона Суіні першым міністрам ураду гэтай часткі Вялікай Брытаніі. 60-гадовы Суіні — прыхільнік поўнай незалежнасьці Шатляндыі ад Лёндану, аднак выступае за паступовы, бяз рэзкіх рухаў, выхад зь Вялікай Брытаніі, піша ВВС.
Папярэдні першы міністар і лідэр Шатляндзкай нацыянальнай партыі Хамза Юсаф на мінулым тыдні падаў у адстаўку. Пасьля развалу ўрадавай кааліцыі зь зялёнымі яму пагражалі адразу два вотумы недаверу.
Такім чынам, Суіні ўзначаліць урад меншасьці і для прыняцьця рашэньняў будзе вымушаны спадзявацца на падтрымку апазыцыі: да большасьці ягонай партыі не хапае двух мандатаў.
Як чакаецца, Суіні будзе афіцыйна прыведзены да прысягі ў сераду.
Джон Суіні ўжо ўзначальваў партыю SNP — у 2000–2004 гадах, калі яна была ў апазыцыі. Да і пасьля гэтага ён быў дэпутатам розных узроўняў. З 2007 году, калі SNP прыйшла да ўлады, займаў розныя пасады ва ўрадзе. Пры лідэру партыі і кіраўніку ўраду Нікале Стэрджэн, якая пайшла ў адстаўку ў мінулым лютым, ён быў віцэ-прэм’ерам.
Праграмная мэта SNP — незалежнасьць Шатляндыі, і ўсе вядучыя фігуры ў партыі нязьменна клянуцца ў вернасьці гэтай мэце, але ў той жа час сярод іх існуюць розныя ўяўленьні наконт таго, як менавіта да гэтай мэты ісьці.
Джон Суіні належыць да лягера прыхільнікаў паступовага руху да незалежнасьці шляхам пашырэньня аўтаноміі Шатляндыі ў рамках Злучанага Каралеўства.
У 2014 годзе, калі Суіні быў міністрам фінансаў і эканомікі ва ўрадзе тагачаснага лідэра SNP Алекса Сэлманда, Шатляндыя са згоды Лёндану правяла рэфэрэндум пра незалежнасьць. Прыхільнікі аддзяленьня прайгралі з розьніцай у 10%.
Форум