«Галоўныя мэты інстытуту — падтрыманьне нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, стварэньне погляду на мінулае без аўтарытарных і ідэалягічных установак, захаваньне памяці пра трагічныя пэрыяды гісторыі Беларусі, фармуляваньне бачаньня на складаныя і неадназначныя тэмы гісторыі нашай краіны, а таксама папулярызацыя і прасоўваньне нацыянальнага гістарычнага наратыву ў Беларусі і на міжнародным узроўні», — паведамляецца ў створаным днямі афіцыйным тэлеграм-канале «Інстытуту публічнай гісторыі».
Узначальваюць інстытут акадэмічны дырэктар, кандыдат сацыялягічных навук Аляксей Ластоўскі і старшыня праўленьня, журналіст, дасьледчык сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч. У склад інстытуту, як сьцьвярджаецца, таксама ўваходзіць шэраг вядомых спэцыялістаў у галіне гісторыі.
У тэлеграм-канале інстытуту плянуюць публікаваць камэнтары гісторыкаў і экспэртаў «па актуальных падзеях у сфэры палітыкі памяці і гістарычнай палітыкі ў Беларусі», а таксама апавядаць пра цікавыя імпрэзы і анансаваць найбольш важныя падзеі, зьвязаныя зь беларускай гісторыяй.
Пра пляны стварыць у Польшчы «Беларускі інстытут публічнай гісторыі» гісторык і юрыст Андрэй Радаман расказваў «Радыё Ўнэт» у канцы 2023 году:
«Працуем над тым, каб пераняць у пэўнай ступені функцыі тых дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, якія ня могуць функцыянаваць паўнавартасна ў Беларусі», — казаў тады Андрэй Радаман, зьвяртаючы ўвагу, што беларускія бацькі чакаюць ад гісторыкаў сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі: «напісаных не кампрамісна, як яны пісаліся ў Беларусі апошнімі гадамі».
Радыё Свабода пацікавілася ў праскіх беларускіх гісторыкаў Алены Маркавай і Ніны Скеп'ян, ці бяруць яны ўдзел у працы новай структуры. Абедзьве вучоныя адказалі, што не атрымлівалі запрашэньня далучыцца да «Беларускага інстытуту публічнай гісторыі».
Форум