Заяўкі на стыпэндыю прымаюцца да 1 чэрвеня 2024 году ад журналістаў з Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Расеі.
У выпадку Беларусі і Расеі заяўкі могуць падаваць толькі журналісты, якія цяпер пражываюць па-за межамі гэтых дзьвюх краінаў.
Мэта стыпэндыі — дапамагчы журналістам-пачаткоўцам з рэгіёну займацца сваёй прафэсіяй у рэчышчы плюралізму і незалежнасьці СМІ.
Стыпэндыятамі прэміі імя Вацлава Гавэла ад Беларусі раней былі Франак Вячорка, Ганна Любакова, Ігар Лосік, Вітаўт Сіўчык ды іншыя.
Стыпэндыя Вацлава Гавэла — сямімесячная праграма, якая дае стыпэндыятам глыбокія журналісцкія навыкі і ангажуе іх у штодзённыя рэдакцыйныя задачы і дыскусіі. Стыпэндыяты праводзяць паўгода ў штаб-кватэры Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе, дзе яны знаходзяцца ў адпаведнай моўнай службе, каб атрымліваць штодзённае навучаньне без адрыву ад працы, а таксама мэнтарства з боку дасьведчаных прафэсіяналаў Радыё Свабода.
Пасьля Прагі стыпэндыяты праводзяць апошні месяц у мясцовым бюро Радыё Свабода (калі гэта магчыма).
Кандыдаты на стыпэндыю павінны:
- мець ня менш як два гады вопыту работы журналістам на роднай мове;
- мець намер працаваць у якасьці журналіста ў сваёй краіне або для аўдыторыі ў сваёй краіне;
- падзяляць місію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода;
- валодаць ангельскай мовай.
Заяўка складаецца з аўтабіяграфіі (якая ўключае актуальную кантактную інфармацыю), асабістай заявы, трох узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў і «Ліста да Вацлава Гавэла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі». Матэрыялы заяўкі павінны быць прадстаўленыя на ангельскай мове.
Падрабязьней пра ўсе ўмовы стыпэндыі і патрабаваньні да заяўкі можна пачытаць тут.
Стыпэндыя імя Вацлава Гавэла, заснаваная ў 2011 годзе, натхнёная верай былога прэзыдэнта Чэхіі ў трансфармацыйную ролю журналістыкі ў барацьбе з тыраніяй і прыгнётам. Стыпэндыя абапіраецца на спадчыну Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў прасоўваньні адкрытасьці грамадзтваў праз журналістыку. Гэта сумесная ініцыятыва Міністэрства замежных справаў Чэхіі і Радыё Свабода, фінансуецца яна міністэрствам.
Форум