Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прашу прабачэньня, гатовы зьмяняцца ў лепшы бок». Як беларусы пісалі ў КДБ даносы на саміх сябе


Вайсковая тэхніка ля будынку КДБ ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Вайсковая тэхніка ля будынку КДБ ў Менску, ілюстрацыйнае фота

«Кібэрпартызаны» выклалі ў інтэрнэт базу зваротаў грамадзян у КДБ. Свабода знайшла сярод іх такія, дзе беларусы даносілі на саміх сябе.

У апублікаванай «Кібэрпартызанамі» базе зваротаў у КДБ Беларусі каля 40 тысяч допісаў. Далёка ня ўсе яны датычаць палітычнай актыўнасьці беларусаў. Шмат допісаў ад грамадзян Расеі, паведамленьняў пра бытавыя сваркі і наагул адарванай ад рэальнасьці інфармацыі. Аднак ёсьць і такія звароты, дзе беларусы даносяць на саміх сябе, спадзеючыся на літасьць з боку спэцслужбаў. Расказваем пра некаторыя з такіх допісаў.

У 1994 годзе галасавала за Лукашэнку, у 2020-м зьбірала подпісы за Бабарыку

Жыхарка Магілёва А. (поўныя імёны аўтараў допісаў ёсьць у рэдакцыі) свой ліст у КДБ назвала «зваротам па факце ўдзелу ў выбарах 2020 году». Яна пісала ўлетку 2023-га пра тое, што мае 55 гадоў і можа перад пэнсіяй па звароце іншай асобы застацца бяз працы.

Магіляўчанка піша, што нарадзілася ў Расеі, але з 1989 году жыве ў Беларусі. Заяўляе, што ў 1994 годзе галасавала за Лукашэнку, бо ён быў «адзіным кандыдатам, хто казаў, што будзе дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская». Пазьней, як прызнаецца А., яна неаднаразова ўдзельнічала ў выбарчых камісіях і «ніколі не была супраць палітыкі, якую праводзіць дзейны прэзыдэнт».

Але ў 2020 годзе яна зьбірала подпісы за Бабарыку, хоць «асабіста не была знаёмая». Зрабіла гэта таму, што былы банкір зрабіў «годнае ўражаньне». Подпісы заяўніца зьбірала ў сваім атачэньні і сярод суседзяў, сабрала 30 аўтографаў.

«Дарэчы, свой подпіс я пакінула і за Лукашэнку, можаце праверыць, падпісныя лісты захаваныя. Сёньня я раскайваюся ў сваім удзеле ў зборы подпісаў за Бабарыку. Я не прымала пазьней удзел у мітынгах, пікетах, шэсьцях са сьцягамі і гэтак далей. Ня ўдзельнічала ў групах, форумах антыдзяржаўнай накіраванасьці, не пісала нічога ў сацыяльных сетках. Для мяне гэта непрымальна, як і для членаў маёй сям’і. Я шчыра ўсьведамляю, што зрабіла памылку, калі зьбірала подпісы за Бабарыку», — прызнаецца жыхарка абласнога цэнтру.

Яна дадае, што некалі скардзілася ў КДК на парушэньне жыльлёвага заканадаўства, на кіраўніцтва таварыства ўласьнікаў і ведамства знайшло парушэньні. Тады жанчына з ліку кіраўніцтва таварыства была пакараная. Імаверна, яна адпомсьціла — напісала скаргу на А. у адміністрацыю Лукашэнкі за тое, што тая зьбірала подпісы за Бабарыку.

«Дарэчы, жонка аднаго з сяброў праўленьня таварыства ўласьнікаў таксама пакінула подпіс за Бабарыку. Я цяпер мушу пісаць заяву на звальненьне пры згодзе бакоў. Я разумею, што сытуацыя складаная, што многа ёсьць ахвотнікаў разгайдаць краіну. Дзеяньні КДБ мусяць быць жорсткімі да такіх людзей. Але я ніколі не крытыкавала, ня ўдзельнічала ў такіх справах! Прашу вас дапамагчы і даць мне магчымасьць дапрацаваць да пэнсіі, я шчыра раскайваюся, што зьбірала подпісы за Бабарыку», — завяршыла зварот жыхарка Магілёва.

Паводле нашай інфармацыі, жанчына ўсё ж больш не працуе ў арганізацыі, дзе была ўладкаваная ня менш за 10 гадоў. Яшчэ ў студзені 2023 году яна была на пасадзе, пра яе пісалі дзяржаўныя СМІ. Цяпер жа гэтая пасада вакантная.

Пікет ля будынка КДБ у Менску, 2020
Пікет ля будынка КДБ у Менску, 2020

Сумневы ва ўладзе і Лукашэнку

Спадар І. зь Менску ў сьнежні 2021 году напісаў у КДБ, што хоча прасіць прабачэньня ў супрацоўнікаў спэцслужбы, бо меў «памылковую думку наконт апазыцыі, якая знаходзіцца за мяжой». Ён паглядзеў на тое, што адбывалася ў краіне ў 2020-м і прыйшоў да высновы, што «гэтая група людзей зусім ня годная замена дзейнаму кіраўніцтву краіны». І што «з сапраўды спакойнай краіны хацелі зрабіць Украіну».

«Прызнаюся, што я сам паверыў гэтым людзям. Але, падумаўшы некалькі месяцаў, прыйшоў да высновы, што я ня меў рацыі, зрабіў памылку. Я думаю, што чалавека, які прызнаў свае памылкі, можна прабачыць. Прабачце яшчэ раз», — піша І.

Аўтар паведамленьня зазначае, што чуў плёткі пра звальненьні людзей на чыгунцы.

«Я сам там працую. Хацелася б папрасіць у вас пасадзейнічаць у тым, каб мяне не звальнялі з працы, таму што я працую па разьмеркаваньні і ў выпадку звальненьня мне давядзецца выплаціць непасільную суму для мяне. Я гатовы зьмяняцца ў лепшы бок і працаваць на дабрабыт краіны. Спадзяюся на вашу дапамогу», — напісаў заяўнік.

Яшчэ адзін мянчук пісаў у КДБ, што ў 2020 годзе яго зацікавіла палітычная сытуацыя ў краіне.

«Пасьля чаго праз „празаходнія СМІ“ склалася ня надта прыемнае ўражаньне ад нашай улады. Але пасьля „несанкцыянаваных мерапрыемстваў“ і ўцёкаў з краіны арганізатараў гэтых мерапрыемстваў мае стаўленьне да ўлады зьмянілася ў пазытыўны бок», — напісаў заяўнік.

Акцыя пратэсту ля галоўнай управы КДБ у Менску, 2019
Акцыя пратэсту ля галоўнай управы КДБ у Менску, 2019

Прызнаньні ў данатах

Жыхар Менску прызнаецца КДБ у тым, што ён у 2020 годзе ахвяраваў каля 10 даляраў на дапамогу пацярпелым ад дзеяньняў сілавікоў.

«Са СМІ мне стала вядома, што некаторыя арганізацыі зь ліку дабрачынных аказвалі дапамогу „беглым“. Не выключаю, што пералічаныя мной грошы маглі быць залічаныя на рахунак падобнай псэўдадабрачыннай арганізацыі. Мэтай аказаць любога роду падтрымкі прыхільнікам Ціханоўскай і іншым абсалютна не было. У сваю чаргу пацьвярджаю, што зьяўляюся прыхільнікам дзейнай улады, удзельнічаў у мітынгах у падтрымку Лукашэнкі, фота далучаю», — піша заяўнік.

Спадар А. зь Менску летам 2023-га напісаў у КДБ, што ён у 2020 годзе «ў верасьні ці кастрычніку» зрабіў выплату на карысьць фонду ByPol, які пазьней быў прызнаны «экстрэмісцкім». Таксама ён прызнаўся, што ў жніўні і верасьні (2020-га. — РС) «браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

«З часам я цалкам усьвядоміў сваю адказнасьць за дзеяньні, якія парушаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Прашу ў сувязі з гэтым патлумачыць парадак, якім чынам я магу загладзіць сваю віну», — напісаў ён.

Прозьвішчаў абодвух менчукоў, якія напісалі пра сябе ў КДБ, сярод палітзьняволеных альбо рэпрэсаваных Свабода не знайшла. Адзін са згаданых людзей і цяпер актыўны ў мэсэнджарах і сацсетках.

Улетку 2023 году ў КДБ таксама зьвярнуўся У. зь Менску, супрацоўнік IT-сфэры. Ён напісаў, што быў у лютым 2023 году ў КДБ з калегамі, на «гутарцы», зьвязанай зь пералічэньнем сродкаў у фонды, якія пазьней прызналі «экстрэмісцкімі».

«Са свайго боку я выканаў усе рэкамэндацыі: напісаў яўку з павіннай, выплаціў неабходную суму ў дзяржаўны фонд у якасьці кампэнсацыі. Мне было заяўлена, што на працягу месяца мне накіруюць паведамленьне пра адмову ў крымінальнай справе, але яго я так і не атрымаў. Прашу ўдакладніць інфармацыю», — напісаў Яўген.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG