Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку ўвялі закон супраць «гомасэксуальных сувязяў». За іх цяпер пагражае да 15 гадоў турмы


Спальваньне сьцяга ЛГБТК на адной з дэманстрацый, архіўнае фота
Спальваньне сьцяга ЛГБТК на адной з дэманстрацый, архіўнае фота

Парлямэнт Іраку прыняў у суботу законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за аднаполыя адносіны.

Парушэньне закону пацягне за сабой крымінальную адказнасьць з пакараньнем да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабарончыя групы ўжо асудзілі такі закон і акрэсьлілі яго як «напад на правы чалавека».

Транссэксуалы будуць прысуджаныя да 3 гадоў пазбаўленьня волі паводле паправак да закона аб барацьбе з прастытуцыяй 1988 году. Іх прынялі падчас сэсіі, у якой бралі ўдзел 170 з 329 заканадаўцаў.

Папярэдні праект прапаноўваў за аднаполыя адносіны нават сьмяротнае пакараньне.

Новыя папраўкі дазваляюць судам прысуджаць людзей, якія ўваходзяць у аднаполыя адносіны, да пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў, гаворыцца ў дакумэнце, зь якім знаёмілася AFP. Раней у краіне геі і транссэксуалы сутыкаліся з частымі нападамі і дыскрымінацыяй. Цяпер перасьледаваць іх можна будзе паводле новага закону.

Раней прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці Іраку прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці за «садамію» або на падставе расплывістых артыкулаў Крымінальнага кодэксу Іраку аб «маралі» і «барацьбе з прастытуцыяй».

Ірацкія дэпутаты таксама ўстанавілі мінімальны тэрмін у 7 гадоў пазбаўленьня волі за «прапаганду» аднаполых адносін і пакараньне ад 1 да 3 гадоў для мужчын, якія «наўмысна» паводзяць сябе як жанчыны.

Закон з папраўкамі прызнае «біялягічную зьмену полу на падставе асабістага жаданьня і схільнасьці» злачынствам і карае транссэксуалаў і лекараў, якія праводзяць апэрацыі па пацьвярджэньні полу, пазбаўленьнем волі на тэрмін да 3 гадоў.

Папраўкі таксама забараняюць арганізацыі, якія «прапагандуюць» гомасэксуалізм, і караюць «абмен жонкамі» пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG