Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што здабудзе Крэмль у выніку атакі Ірану на Ізраіль?


Баевікі Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі і расейскія вайскоўцы на вучэньнях у Індыйскім акіяне ў лютым 2021 году
Баевікі Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі і расейскія вайскоўцы на вучэньнях у Індыйскім акіяне ў лютым 2021 году

Некалькі гадзін прамаўчаўшы пасьля беспрэцэдэнтнай ракетнай і бесьпілётнай атакі Ірану на Ізраіль, Расея выступіла са сваёй першай афіцыйнай рэакцыяй: МЗС заявіла пра «крайнюю заклапочанасьць» Масквы «апошняй небясьпечнай эскаляцыяй у рэгіёне».

Магчыма, у гэтай заяве ёсьць доля праўды, бо аналітыкі кажуць, што поўнамаштабная вайна на Блізкім Усходзе ня будзе ў інтарэсах Уладзіміра Пуціна. Аднак на дадзены момант здаецца больш праўдападобным, што Крэмль з энтузіязмам глядзіць на разьвіцьцё падзей, якое можа згуляць на руку Пуціну ў некалькіх сэнсах, большасьць зь якіх непасрэдна зьвязаныя з вайной Расеі супраць Украіны, піша журналіст Свабоды Стыў Гутэрман.

«Уступленьне Блізкага Ўсходу на нязьведаную тэрыторыю (за выключэньнем поўнамаштабнай вайны) — найлепшае, што можа здарыцца з Пуціным зараз», — напісала Ганна Нотэ, старшая супрацоўніца Праграмы Эўропы, Расеі і Эўразіі Вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.

Па-першае, гэта адцягвае ўвагу ад вайны ва Ўкраіне ў вырашальны час, калі Кіеў сутыкаецца на лініі фронту з сур’ёзнымі праблемамі, якія могуць пагоршыцца ў бліжэйшыя тыдні і месяцы, а Расея з новай інтэнсіўнасьцю б’е па энэргетычнай інфраструктуры краіны і бамбіць гарады, уключаючы Харкаў і Адэсу.

Пачатак у кастрычніку вайны Ізраілю супраць ХАМАСу, які Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз прызналі тэрарыстычнай групоўкай, ужо ўскладніў глябальнае ўспрыманьне вайны ва Ўкраіне і пагоршыў намаганьні Захаду падтрымаць абарону ад расейскага ўварваньня. Новае абвастрэньне на Блізкім Усходзе — першы раз, калі Іран адкрыта і непасрэдна напаў на свайго заклятага ворага — Ізраіль. І гэта можа пагоршыць праблему для Кіева.

«Шанец кінуць выклік»

Для Крамля патэнцыйныя выгады ад нападу Ірану на Ізраіль шырокія і даволі канкрэтныя. Больш як за два гады пасьля таго, як ён пачаў поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, Крэмль усё часьцей прадстаўляе вайну там як частку шырэйшага супрацьстаяньня, у якім, як ён сьцьвярджае, Расея абараняе сябе і астатні сьвет ад Захаду і, у прыватнасьці, ад Злучаных Штатаў. Напад Ірану на Ізраіль можа згуляць у прапагандзе Крамля, даючы Расеі новы матэрыял, які яна можа выкарыстоўваць дзеля прасоўваньня сваіх публічных наратываў пра вайну ва Ўкраіне і сваё змаганьне з Захадам.

«Сярод краін восі — Расеі, Ірану, Паўночнай Карэі і Кітаю — існуе пэўная думка, што Захад аслабеў. І амэрыканскае стаўленьне і палітыка больш ня могуць гарантаваць бясьпеку саюзьнікаў», — сказаў Ігар Сямівалос, дырэктар Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў у Кіеве, у інтэрвію Current Time.

Іранская атака дае Расеі і краінам-аднадумцам «шанец кінуць выклік гэтаму аднапалярнаму сьвету, пра які шмат гаварылі Пуцін, Сі Цзіньпін і Алі Хамэнэі», мяркуе аналітык.

Нестабільнасьць на Блізкім Усходзе «адцягвае ўвагу і рэсурсы Захаду ад Украіны і ўсходняга флянгу NATO, падрывае бясьпеку рэгіянальных хаўрусьнікаў ЗША і яшчэ больш спрыяе шырокаму, глябальнаму ўяўленьню, што Захад ня можа замірыць гэты рэгіён, узмацняючы адчуваньні ад вайне ў Газе», — паведаміла Ганна Нотэ Радыё Свабода.

«Увогуле, такая нестабільнасьць падмацоўвае глябальнае ўяўленьне, што вайна ва Ўкраіне — гэта яшчэ адна вайна з многіх, адна праблема сярод мноства праблем — уяўленьне, якое Крэмль можа толькі цаніць», — сказала яна.

Хмары ў Кангрэсе?

У прыватнасьці, напад Ірану на Ізраіль дадае новы элемэнт нявызначанасьці адносна пэрспэктыў дапамогі ЗША Ўкраіне, якая доўга адкладалася. Амаль праз паўгода пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн упершыню прапанаваў пакет, які ўключае больш за 60 мільярдаў даляраў дапамогі Ўкраіне (пераважна вайсковай), а таксама дапамогі Ізраілю і на іншыя мэты, цяперашні старшыня Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Майк Джонсан заявіў у канцы сакавіка, што ён будзе імкнуцца забясьпечыць Украіне падтрымку ў бліжэйшыя дні ці тыдні.

Аднак было незразумела, што менавіта ён будзе прапаноўваць, наколькі гэта будзе адрозьнівацца ад законапраекту, прынятага пры згодзе абедзьвюх партый у Сэнаце ў лютым, і ці змогуць намаганьні па аднаўленьні амэрыканскіх паставак зброі, надзвычай неабходных Украіне, пераадолець цьвёрдую апазыцыю праціўнікаў дапамогі Кіеву ў ягонай уласнай партыі.

15 красавіка Джонсан унёс больш яснасьці, заявіўшы, што плянуе настойваць у Сэнаце на асобных законапраектах па трох элемэнтах заканадаўства — дапамозе Ізраілю, Украіне, Тайваню і іншым хаўрусьнікам — і, каб супакоіць упартых рэспубліканцаў, увесьці чацьвёрты складнік, у які ўвайшлі б меры, за якія выступаюць многія заканадаўцы ў ягонай партыі. Лёс пакету невядомы.

У пошуках дысбалянсу

Незалежна ад выніку спрэчак аб дапамозе ў Злучаных Штатах, Пуцін можа разглядаць напад Ірану на Ізраіль як шанец узмацніць уплыў Масквы на Блізкім Усходзе. Аднаўленьне такога ўплыву, які пасьля распаду СССР рэзка сышоў на нішто, здаецца, было вельмі важным для Пуціна ад самага ягонага прыходу да ўлады чвэрць стагодзьдзя таму.

Вайна Расеі супраць Украіны ўзмацніла сувязі Расеі з Іранам, які падтрымліваў націск, забясьпечваючы ўдарныя бесьпілётнікі і тэхналёгіі іх вытворчасьці. У той жа час Пуцін на працягу многіх гадоў „заляцаўся“ да рэгіянальных ворагаў Ірану, уключаючы Ізраіль і краіны Пэрсыдзкай затокі, такія як Саудаўская Арабія. Гэта адначасова былі намаганьні зьменшыць уплыў ЗША.

«Паколькі Расея становіцца ўсё больш блізкім партнэрам Ірану, Крэмль можа разьлічваць, што вырасьце і ўплыў Расеі на краіны Пэрсыдзкай затокі — паколькі краіны гэтага рэгіёну могуць глядзець на Маскву (і Пэкін) як на адзіных гульцоў, якія валодаюць пэўнымі рычагамі ўплыву на Тэгеран, і, такім чынам, выступаць у якасьці перамоўнікаў, якія маглі б дапамагчы стрымаць іранцаў», — сказала Нотэ.

Гэта клясычны падыход пуцінскай Расеі: спрыяць у той ці іншай ступені стварэньню праблемаў, а потым прапаноўваць дапамогу ў іх разьвязаньні — так, каб гэта было выгадна Крамлю. Тым ня менш аналітыкі Расеі і рэгіёну кажуць, што Масква ня хоча поўнамашнабнай вайны паміж Ізраілем і Іранам.

«Гэты сцэнар прынясе для Расеі значныя рызыкі», — кажа Ганна Нотэ. Гэта ўскладніла б вайсковую прысутнасьць Расеі ў Сырыі, а цяжкі ўдар па Іране мог бы аслабіць частку сіл Масквы супраць Украіны. Больш за тое, «поўнамаштабная вайна амаль напэўна спыніла б балянсаваньне Расеі ў рэгіёне і прымусіла бы Крэмль выбіраць бок».

Нягледзячы на тое, што Масква стала бліжэй да Ірану і яго хаўрусьнікаў, яна, на думку аналітыкаў, «дакладна ня хоча ісьці ва-банк».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG