Мінімальная колькасьць адвакатаў у юрыдычных кансультацыях зьніжана паўсюдна, акрамя сталіцы, Менскай і Берасьцейскай абласьцей, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз пастановы Міністэрства юстыцыі № 16 ад 5 красавіка, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 16 красавіка.
У параўнаньні з ранейшымі нарматывамі мінімальная колькасьць адвакатаў у юрыдычных кансультацыях Менска павялічылася з 387 да 479. Гэта адбылося за кошт зьяўленьня розных спэцыялізаваных кансультацый, сярод якіх, напрыклад, «Прававая абарона», «Суб’ект права», «Тэхналёгіі і права». Пры гэтым мінімальная колькасьць адвакатаў ва ўсіх раёнах сталіцы зараз не перавышае 22. Раней у юрыдычных кансультацыях Заводзкага, Партызанскага, Першамайскага, Фрунзэнскага раёнаў было сама меней па 25 адвакатаў.
У Менскай вобласьці мінімальная колькасьць адвакатаў павялічылася з 268 да 363, у Берсьцейскай вобласьці — са 131 да 142.
У астатніх абласьцях мінімальная колькасьць адвакатаў зьменшылася: у Віцебскай — 141 (было 159), Гомельскай — 150 (166), Горадзенскай — 98 (105) у Магілёўскай — 81 (117). У большасьці раёнаў гэтай вобласьці мінімальная колькасьць адвакатаў — 1.
У цэлым мінімальная колькасьць адвакатаў павялічылася з 1333 да 1454, гэта значыць на 8,32%.
У Менску 28 лютага супрацоўнікі Камітэта дзяржбясьпекі «зладзілі рэйд на адвакатаў». Па інфармацыі праваабаронцаў, было затрымана сама меней 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшла на волю.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі пачаўся сыстэматычны ціск на адвакатуру.
Па дадзеных ініцыятывы «Права на абарону», з пачатку 2020 года ў Беларусі колькасьць адвакатаў скарацілася з 2.200 да 1.650. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавілі незалежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.
Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы па палітычных матывах. На сёньня ў месцах зьняволеньня знаходзіцца шэсьць палітвязняў-адвакатаў. Пад пагрозай перасьледу некаторыя былі вымушаны пакінуць Беларусь.
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем" і «дзейнічаць па законе, а не нейкіх прыдуманых норм — свабоды слова і іншых свабод».