«Вайскоўцы і вайсковаабавязаныя, прызваныя на вайсковыя зборы, вяртаюцца ў пункт пастаяннай дысьлякацыі брыгады», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
19-я асобная мэханізаваная брыгада дысьлякуецца ў Заслонаве Віцебскай вобласьці.
Аб прывядзеньні брыгады «ў поўную баявую гатоўнасьць» Мінабароны заявіла 3 красавіка.
«Адпрацаваныя пытаньні пастаўкі асабовага складу, зьняцьця тэхнікі з захоўваньня. Скончаная адзінкавая падрыхтоўка, падрыхтоўка па спэцыяльнасьці, і цяпер праходзіць зладжваньне падразьдзелаў», — адзначаў намесьнік міністра Андрэй Жук.
Пасьля «агляду гатоўнасьці» брыгады ён анансаваў вучэньні.
Праверка баявой гатоўнасьці пачалася ва Ўзброеных сілах 11 сакавіка. Міністар абароны Віктар Хрэнін 26 сакавіка заявіў, што яна праводзіцца штогод з улікам сытуацыі, якая складваецца вакол межаў краіны.