Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На акіянскім дне магло назапасіцца 11 мільёнаў тон плястыку, — дасьледаваньне


Плывучая сьмеццевая звалка ў Босьніі і Герцагавіне
Плывучая сьмеццевая звалка ў Босьніі і Герцагавіне

На акіянскім дне магло назапасіцца ўжо 11 мільёнаў тон плястыку. Гэта вынікае зь першага дасьледаваньня засьмечанасьці дна, на якое зьвярнула ўвагу малайзійскае СМІ Sinar Daily.

Па ацэнках навукоўцаў з навуковага агенцтва CSIRO і Ўнівэрсытэту Таронта, маса плястыкавага сьмецьця на дне акіяну можа складаць ад трох да адзінаццаці мільёнаў тон. Такія лічбы ім выдала мадэль, заснаваная на дадзеных ад дыстанцыйна кіраваных апаратаў і доннага траленьня. Дасьледаваньне тычыцца толькі буйнога сьмецьця: шкляначкі, пакеты, сеткі.

«Мы ведалі, што мільёны тон плястыкавых адкідаў трапляюць у акіяны кожны год, але ня ведалі, колькі з гэтага забруджваньня апынаецца на дне акіяну», — кажа дасьледчыца Дэніз Хардэсьці.

Навукоўцы высьветлілі, што 46% плястыкавага сьмецьця асядае вакол кантынэнтаў, рэшта сыходзіць у акіян і апускаецца глыбей.

  • Штогод чалавецтва вырабляе каля 400 мільёнаў тон плястыкавых адкідаў. Зь іх, паводле розных ацэнак, ад 9 да 14 мільёнаў тон трапляе ў акіян. Людзі пакідаюць плястыкавыя вырабы на ўзьбярэжжы, выкідаюць з рыбалоўных суднаў у мора, таксама іх выносіць рэкамі з сушы.
  • Жывёлы праглынаюць плястык зь ежай, што прыводзіць да іх хваробаў і сьмерцяў. У 2023 годзе навукоўцы ўпершыню дыягнаставалі ў птушак плястыкоз — фіброз страўніка, выкліканы праглынаньнем плястыку.
  • Мікраплястык падымаецца з паверхні акіяну, разносіцца па плянэце, трапляе ў ваду і ежу. Навукоўцы падлічылі, што ў тыдзень сярэдні чалавек на Зямлі «зьядае» плястыкавую банкаўскую картку. У сакавіку 2022 году мікраплястык упершыню выявілі ў крыві чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG