Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсіх мэтэастанцыях Беларусі 9 красавіка абнавіліся тэмпэратурныя рэкорды за ўсю гісторыю назіраньняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Другі дзень запар у Беларусі абнаўляецца абсалютны тэмпэратурны рэкорд за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту.

У горадзе Мазыры Гомельскай вобласці паветра прагрэлася да 27,2 градуса цяпла — на 1,5 градуса вышэй за папярэдні максымум, зафіксаваны 9 красавіка 2018 году ў Берасьці.

Дзявятага красавіка лякальныя экстрэмумы абноўленыя на ўсіх мэтэастанцыях краіны.

  • у Менску тэмпэратура дасягнула 25,5 градуса (папярэдні рэкорд — 20,8 у 2018 годзе),
  • у Берасьці — 27,1 (25,7 градуса ў 2018-м),
  • Горадні — 26,4 (24 градуса ў 2018-м),
  • Магілёве — 26,2 (22,8 градуса ў 1986-м),
  • Віцебску — 25,8 (19,4 градуса ў 2018-м),
  • Гомлі — 24,7 (20,1 градуса ў 2016-м).

Самы стары перапісаны рэкорд адносіцца да 1975 году (24,8 градуса супраць 18,4 градуса ў Слаўгарадзе). А 22 рэкорды трымаліся з 1986 году.

Найбольшая розьніца паміж новым і старым максымумамі: у Сянно — 7,9 градуса (26 супраць 18,1 у 2001 годзе) і Оршы — 6,8 (25,3 супраць 18,5 у 2018-м).

Напярэдадні, 8 красавіка, рэкорды дня былі перапісаны на 80% мэтэастанцыяў, абнавіўся таксама абсалютны максымум (26 градусаў у Горадні супраць 23,9 у Лельчыцах у 1986 годзе).

10 красавіка захаваецца анамальна цёплае надвор’е. Па ўсходняй палове Беларусі чакаецца да 27 градусаў цяпла. Рэкорд дня — 25,4 градуса ў Пінску (у 2018 годзе). А ўжо 11 красавіка пахаладае на 8-10 градусаў.

  • Сёлетні сакавік стаў самым цёплым у сьвеце за ўсю гісторыю назіраньняў, сьведчаць зьвесткі Эўрапейскай служба маніторынгу зьменаў клімату Copernicus.
  • Паводле Copernicus, кожны з папярэдніх дзевяці месяцаў таксама быў рэкордна цёплы, а агулам з красавіка 2023 па сакавік 2024 году сярэдняя глябальная тэмпэратура была на 1,58 градуса Цэльсія вышэйшая за сярэднюю тэмпэратуру ў даіндустрыяльны пэрыяд 1850–1900 гадоў. 2023 год стаў самым сьпякотным годам на плянэце за ўсю гісторыю сыстэматычных назіраньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG