Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве прапанавалі ануляваць ДНЖ беларусам, якія часта езьдзяць на радзіму. Ціханоўская пракамэнтавала


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Літве на Дзень Волі, 24 сакавіка 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Літве на Дзень Волі, 24 сакавіка 2024 году

У Сейме Літвы зарэгістравалі папраўку, якая, сярод іншага, прапануе анулёўваць дазвол на часовае пражываньне беларусам, якія часта езьдзяць радзіму. Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што яе каманда спрабуе пераканаць дэпутатаў літоўскага Сэйму не прымаць папраўку.

8 красавіка ў Сейме Літвы зарэгістравалі папраўкі ў закон «Аб абмежавальных мерах адносна ваеннай агрэсіі супраць Украіны», згодна зь якімі прапануюць ануляваць дазвол на часовае пражываньне, выдадзены грамадзянам Беларусі і Расеі, калі яны

  • езьдзілі на радзіму часьцей як раз на месяц на працягу апошніх 12 месяцаў,
  • публічна ўхвалілі расейскую агрэсію супраць Украіны,
  • калі яны наўмысна і сыстэматычна публічна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, якая супярэчыць інтарэсам літоўскага грамадзтва або дзяржавы.

У дакумэнце адзначаецца, што «абсалютная большасьць беларусаў, якія маюць часовы дазвол на жыхарства ў Літве, больш ці менш рэгулярна вяртаюцца ў Беларусь», і сярод іх ёсьць і тыя, хто мае дазвол на часовае пражываньне, выдадзенае на гуманітарных падставах.

«Тысячы такіх выпадкаў былі зафіксаваныя ў сьнежні мінулага году. У Беларусі ў гэтых людзей ёсьць свае сем’і, сябры, сваякі, яны вяртаюцца падчас вялікіх сьвятаў. Аднак іх там могуць завэрбаваць, папрасіць выканаць пэўныя выведныя функцыі і гэтак далей», — гаворыцца ў матывацыйнай частцы дакумэнту. Папраўку прапануюць увесьці «ў мэтах кантролю рызыкаў», зьвязаных з частым вяртаньнем беларусаў на радзіму.

Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы дакумэнт, адзначыла, што «на дадзены момант гэта ня новы закон, а толькі прапанова», і паведаміла, што яе каманда знаходзіцца на сувязі з дэпутатамі Сейму Літвы і «паспрабуе іх пераканаць, што ў такім выглядзе папраўкі не павінны быць прынятыя» і што «важна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а не беларусаў».

«Людзі, якія ўцяклі ад палітычнага перасьледу, і так ня могуць вярнуцца дадому, каб дапамагчы блізкім, наведаць пахаваньне сваякоў ці паказаць дзецям родныя мясьціны. А тыя, хто могуць перасякаць мяжу бяз страху апынуцца ў турме, робяць гэта ня дзеля любові да Лукашэнкі ці падтрымкі вайсковай агрэсіі супраць Украіны, а з асабістых прычын», — адзначыла Ціханоўская.

У той жа час яна зьвярнулася да беларусаў з заклікам ня езьдзіць на радзіму, калі гэта пагражае небясьпекай, асабліва тых, хто мае гуманітарныя візы ці палітычны прытулак, бо гэта можа стаць нагодай для дзяржаўных органаў Літвы ануляваць дазвол на часовае знаходжаньне.

У Літве налічваецца 1,5 тысячы грамадзян Беларусі, якія атрымалі дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын, але рэальная колькасьць тых, хто пераехаў на гэтай падставе, большая, заявіў кіраўнік літоўскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс. У той жа час ён адзначыў, што ведае «некалькі дзясяткаў выпадкаў», калі беларусы парушалі падставы, на якіх выдаюцца гуманітарныя дакумэнты, напрыклад, езьдзілі назад у Беларусь.

Агулам дзейны дазвол на жыхарства ў Літве на сёньня маюць 62 830 грамадзян Беларусі, у 74% — на падставе працы, паведаміла 9 красавіка намесьніца дырэктара Дэпартамэнту міграцыі пры МУС Люцыя Войшніс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG