Алег Кірлік быў вымушаны зьехаць зь Беларусі ў Польшчу пасьля падзеяў 2020 году. У лістападзе 2023-га ён трапіў у аварыю, у выніку якой можа застацца без рукі. Цяпер яму неабходны тэрміновы курс рэабілітацыі.
На сайце Фонду салідарнасьці BySol ідзе дабрачынны збор сродкаў на курс мэдычнай рэабілітацыі Алегу Кірліку. Яго мучаць пастаянныя болі, неабходны комплекс працэдур для аднаўленьня каштуе 15 000 эўра. Дзякуючы неабыякавым людзям ужо сабралі больш за 9 тысяч эўра.
Цяпер Алегу прызначылі чарговае МРТ перад апэрацыяй, якая заплянаваная на 20 траўня 2024 году.
Свабода раней расказвала ягоную гісторыю. Беларус Алег Кірлік зьехаў з краіны пасьля падзеяў 2020 году. У Варшаве ён уладкаваўся на дзьве працы — электрыкам і кур’ерам. Жыў у хостэле. У лістападзе 2023 году Алег на скутэры ўрэзаўся ў слуп і пашкодзіў плячо. Мэдычнай страхоўкі ён ня меў, таму ня здолеў зрабіць неабходныя дасьледаваньні. Рука пачала ўсыхаць.
Неабыякавыя людзі дапамаглі сабраць суму на дадатковае абсьледаваньне, якое паказала, што ў плячы пашкоджаныя або разарваныя нэрвовыя вузлы, таму пачалася атрафія мышцаў, і Алег можа застацца без рукі. Неабходна пачаць рэабілітацыю як мага хутчэй, каб захаваць як мага больш функцый рукі.
Зь фінансавай падтрымкай землякоў Алег зрабіў мэдычную страхоўку і пачаў дыягностыку, але ў Польшчы з страхоўкай NFZ (Нацыянальны фонд здароўя. — РС) вялікія чэргі да спэцыялістаў, таму, каб уратаваць руку, беларус мусіць зьвяртацца да лекараў прыватна. Да таго ж яму патрабуюцца спэцыфічныя дасьледаваньні і лекары вузкіх спэцыялізацыяў.
Зь дзяцінства Алег рос без бацькоў, адзіная яго падтрымка — брат. Цяпер Алег ня можа працаваць, і брат дапамагае яму з жыльлём і прадуктамі. Але на лекаваньне ў братоў няма грошай, таму яны зьвяртаюцца з просьбай аб дапамозе.
Пакуль Алег ходзіць да лекараў і спадзяецца, што рука адновіцца і будзе функцыянаваць.