Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ліцэі БНТУ пасьля шпіталізацыі вучняў адмянілі Дзень адчыненых дзьвярэй і абмежавалі перамяшчэньне паміж аўдыторыямі


У ліцэі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту праводзяць дэзынфэкцыю пасьля таго, як у ліцэістаў выявілі наравірус. Дзень адчыненых дзьвярэй у ліцэі адмянілі.

Выпадкі захворваньня навучэнцаў ліцэя БНТУ гастраэнтэравіруснай інфэкцыяй былі выяўлены ў апошнія два дні, для прадухіленьня яе распаўсюджваньня прынялі «комплекс санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў», паведамляе тэлеграм-канал БНТУ.

Перамяшчэньні вучняў па навучальных аўдыторыях абмежавалі, цяпер праводзяць дэзынфэкцыю памяшканьняў ліцэя, шматразовае вільготнае прыбіраньне памяшканьняў з выкарыстаньнем мыйных і сродкаў дэзынфэкцыі, узмацненьне кантролю выкананьня правілаў асабістай гігіены вучняў, вядуць сыстэматычны кантроль стану навучэнцаў.

Дзень адчыненых дзьвярэй, заплянаваны ў ліцэі на 6 красавіка, адмянілі.

Кожны навучэнец ліцэя, які «як наведвае заняткі, так і знаходзіцца дома», праходзіць «мэдыцынскі агляд лекарамі 19-й дзіцячай паліклінікі Менску або раённых паліклінік па месцы жыхарства».

4 красавіка Мінздароўя паведаміла пра шпіталізацыю ў дзіцячую інфэкцыйную клінічную бальніцу Менску сямі ліцэістаў БНТУ. Частка падлеткаў «зь меншымі скаргамі» знаходзілася на амбуляторным лячэньні дома.

Пазьней Мінадукацыі паведаміла, што ў шпіталізаваных вучняў ліцэя БНТУ мэдыкі «пацьвердзілі наравірус». У ведамстве адзначылі, што «гэтая кішэчная інфэкцыя можа быць выкліканая невыкананьнем правілаў асабістай гігіены навучэнцамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG